Прыкладна а 3-й гадзіны ночы праваахоўнікі затрымалі ля мэмарыялу двух дэмакратычных актывістаў — Паўла Калесьнікава і Алега Варашыліна. Пры гэтым паліцыянты заявілі, што нібыта атрымалі паведамленьне пра бойку ў гэтым раёне. Неўзабаве Калесьнікава і Варашылава адпусьцілі без складаньня пратаколу, але за гэты час супрацоўнікі «Гормоста» цалкам зачысьцілі тэрыторыю.
Стыхійны народны мэмарыял на Вялікім Маскварэцкім мосьце быў арганізаваны адразу ж пасьля гібелі палітыка ў ноч на 28 лютага 2015 году. Але ўжо ў сакавіку таго ж году паўсталі канфлікты ў сувязі са спробамі яго прыбраць.
Кіраўнік «Гормоста» Юры Іваноў неаднаразова заяўляў, што з моста будзе прыбірацца любая атрыбутыка, акрамя кветак. Паводле яго слоў, супрацоўнікам прадпрыемства дадзены загад вычышчаць рознага кшталту надпісы, шыльды, налепкі. Іх разьмяшчэньне ён назваў «банальнай непавагай да гісторыі горада і помніка ў цэлым».
У траўні 2015 году мэрыя Масквы адмовілася ўвекавечыць памяць пра палітыка, а прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заклікаў журналістаў не «палітызаваць» пытаньне з забойствам Нямцова.