Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Жызьнеўскага пра фільм Белсата: Патрабую абвяржэньня, у фільме гучыць хлусьня. Рэжысэр: Я даў слова ўсім бакам


Ніна Жызьнеўская
Ніна Жызьнеўская

Ніна Жызьнеўская кажа, што пасьля прагляду белсатаўскага фільма пра сына ў яе на нэрвовай глебе аднялася правая рука — жанчына даўно цярпіць на сэрца.

Днямі тэлеканал «Белсат» прэзэнтаваў дакумэнтальны фільм, зьняты да другой гадавіны сьмерці Героя Нябеснай Сотні, гамельчука Міхала Жызьнеўскага пад назвай «Жызьнеўскі. Воін сьвятла». Рэжысэр фільму — Міхал Аршынскі.

У фільме сабраныя дакумэнтальныя здымкі падзеяў на Майдане 2014 году, актыўным удзельнікам якіх быў беларус, аматарскае інтэрвію зь Міхалам Жызьнеўскім з Майдана, успаміны ягоных знаёмых, а таксама інтэрвію з маці і з скульптарам Алесем Шатэрнікам, які зрабіў помнік на магіле Міхала Жызьнеўскага.

На думку Ніны Жызьнеўскай, фільм утрымлівае непраўдзівую інфармацыю, якая тычыцца дзяцінства Міхала Жызьнеўскага і яго адносінаў з бацькамі. Жанчына настолькі засмучаная, што нават разглядае магчымасьць звароту ў суд, калі тэлеканал «Белсат» не апублікуе абвяржэньня:

Тыя „сябры“, якія давалі інтэрвію для фільму, мне абсалютна не знаёмыя, я ніколі пра іх ня чула і ня бачыла іх.

«У фільме гучаць словы людзей, якія называюцца Мішавымі сябрамі. Я вельмі моцна ў гэтым сумняюся. Чаму? Калі мы з мужам прыяжджаем у Кіеў, наша знаёмая абвяшчае ў інтэрнэце, што бацькі Мішы ў яе і можна нас наведаць. Заўсёды прыходзіць вельмі шмат яго сяброў. Тыя „сябры“, якія давалі інтэрвію для фільму, мне абсалютна не знаёмыя, я ніколі пра іх ня чула і ня бачыла іх. Тым больш адкуль яны ведаюць, якое ў майго сына было дзяцінства? Пра сваё дзяцінства мог сказаць толькі сам Міша».

Мішавы сябры, якіх не пазнае Ніна Жызьнеўская, гэта ўкраінцы Руслана Цярлюк і Аляксандар Паціха. Яны кажуць, што дзяцінства ў Мішы было складанае.

«Няхай прабачыць ягоная мама за такія мае словы, ён быў для іх, напэўна, нейкай абузай, і ніхто асабліва не займаўся яго выхаваньнем. Тым больш нейкага фінансаваньня ці дапамогі фінансавай хлопчыку, які ня мог зарабляць на той час грошы, не было. Я ведаю, што яму часам даводзілася начаваць у незразумелых месцах. З дому ён сышоў. У яго быў унутраны канфлікт у сям’і з мамай і татам, і што б ні казалі цяпер яго бацькі ды ягоныя родныя, адносіны ў іх былі складаныя», — распавядае ў фільме пра Міхала Жызьнеўскага яго сяброўка Руслана Цярлюк.

Ён не хацеў быць дома, не хацеў бачыць таго, што там робіцца.

«Пра бацькоў, пакуль зь ім кантактаваў, мала чуў ад яго. Гэта ўжо апошнім часам ён пачынаў распавядаць, што яго бацькі забывалі, што дзяцінства ў яго было вельмі складанае, што былі вялікія непаразуменьні з бацькамі, што яго неаднойчы выганялі з хаты. Ён не хацеў быць дома, не хацеў бачыць таго, што там робіцца», — кажа Аляксандар Паціха.

Падобныя словы гучаць з вуснаў гамельчука Андрэя Кушнярова, які распавядае пра заняткі гістарычным фэхтаваньнем, якім захапляўся Міхал Жызьнеўскі яшчэ ў родным Гомелі:

«Ён быў звычайным хлопцам. З рабочага раёну. Такіх шмат было ў нас у клюбе — з праблемных сем’яў людзі прыходзілі».

Закіды наконт «праблемнай сям’і» найбольш закранаюць Ніну Жызьнеўскую:

У нас сям’я была добрая. І менавіта таму Міша ў нас і вырас героем. Яму было з каго браць прыклад.

«Яны кажуць пра цяжкае дзяцінства. Я так разумею, што маецца на ўвазе, што ў Мішы была „праблемная сям’я“. Але ў нас сям’я была добрая. І менавіта таму Міша ў нас і вырас героем. Яму было з каго браць прыклад. Мішавы дзяды ваявалі. Ён вельмі перажываў, хацеў, каб на зямлі быў мір, хацеў, каб людзі ня елі гнілую бульбу».

На думку Ніны Жызьнеўскай, і тата, і мама прысьвячалі выхаваньню сына дастаткова часу:

Бацькі Міхася Жызьнеўскага Ніна і Міхаіл на магіле сына
Бацькі Міхася Жызьнеўскага Ніна і Міхаіл на магіле сына

«Міша займаўся каратэ, і летам увесь клюб на месяц выяжджаў у летнік на возера. Дык Мішу тата абавязкова браў у адпачынак, каб паехаць разам з сынам і дапамагаць у летніку. І на рыбалку яны хадзілі, і ў намёце спалі. А са мной хадзіў у ягады і грыбы, дапамагаў па гаспадарцы. Я проста не разумею, як яны маглі выліць такі бруд на нас. Так, калі Міша быў ва Ўкраіне, мы ня часта бачыліся. Але ў нас была такая дамова, мы так вырашылі, каб не нашкодзіць нашай сям’і».

Не было такога, каб Міша сыходзіў з дому і начаваў у «незразумелых месцах». Ніна Жызьнеўская кажа, што суседзі і знаёмыя сям’і Жызьнеўскіх ужо цяпер прапаноўваюць пацьвердзіць гэта:

Мне нават цяпер тэлефануюць і раяць падаваць у суд на тэлеканал „Белсат“ і на тых, хто выліў бруд на нашу сям’ю.

«Такога ў сям’і не было. І гэта шмат хто можа пацьвердзіць: і суседзі, і знаёмыя. Мне нават цяпер тэлефануюць і раяць падаваць у суд на тэлеканал „Белсат“ і на тых, хто выліў бруд на нашу сям’ю. Людзі, якія ведаюць нашу сям’ю, згодныя сьведчыць у судзе, што ў нас была абсалютна нармальная сям’я, а ў Мішы — абсалютна нармальнае дзяцінства. Хіба калі б было па-іншаму, Міша б вырас справядлівым хлопцам, які гатовы памерці за мір? Мне проста крыўдна чуць такое».

Ніна Жызьнеўская кажа, што на нэрвовай глебе ў яе аднялася правая рука — жанчына даўно пакутуе на сэрца.

Зьвязацца з тэлеканалам «Белсат» у жанчыны не атрымалася. Апэратар, які здымаў фільм, не бярэ слухаўку:

«Я хачу, каб „Белсат“ апублікаваў абвяржэньне», — кажа Ніна Жызьнеўская.

Рэжысэр фільму «Жызьнеўскі. Воін сьвятла» Міхал Аршынскі настойвае на праўдзівасьці ўсіх сьведчаньняў пра загінулага беларуса і кажа, што ўсе паўтара года, як ішла праца над фільмам, не імкнуўся нейкім чынам ідэалізаваць вобраз Міхала Жызьнеўскага, а хацеў паказаць яго вельмі шчыра — як звычайнага чалавека, у якога былі свае праблемы:

Міхал Аршынскі
Міхал Аршынскі

«Па-першае, я хачу адзначыць, што для мяне журналістыка і дакумэнталістыка — ня сродак прапаганды, дзе аўтар займае пэўную пазыцыю і адстойвае яе. Прапаганды ўсе наеліся, я адчуваю, што гледачу нестае шчырасьці.

Я лічу, што ў кожнай тэме трэба разьбірацца і ставіць пад сумнеў нават тыя рэчы, якія здаюцца відавочнымі. Я разабраўся ў тэме, якой прысьвечаны фільм „Жызьнеўскі. Воін сьвятла“, — працаваў над ёй амаль паўтара года.

Для мяне Міхал Жызьнеўскі — звычайны хлопец зь неадназначным і цяжкім лёсам, аднак з трагічнай і гераічнай сьмерцю. Пра гэта і гаворыцца ў фільме.

Міхал ня жыў у Беларусі 9 гадоў, пакінуў сваю радзіму, калі яму было толькі 17. Увесь гэты час ён ня бачыўся з мамай. Таму дзіўна чуць ад яе закіды пра непраўдзівасьць слоў тых людзей, якія былі побач зь Мішам у яго апошнія гады жыцьця. Менавіта яны ведалі Мішу цягам апошніх ягоных гадоў, а не яна.

Я вырашыў ляяльна паставіцца да сям’і, але і не сказаць пра відавочныя рэчы я ня мог. Я дакладна кажу, што героі фільму ведалі Міхала і ведалі, пра што яны кажуць.

Я вырашыў ляяльна паставіцца да сям’і, але і не сказаць пра відавочныя рэчы я ня мог. Я дакладна кажу, што героі фільму ведалі Міхала і ведалі, пра што яны кажуць. Разам з тым у фільме няма закадравага голасу, глядач вольны рабіць высновы самастойна. І толькі глядач мае права вырашаць, наколькі праўдзівы гэты фільм. Я даў слова і маці, і сябрам.

Я рады вынікам сваёй працы, задаволены тым, што праца над фільмам завершаная. Гэта быў мой першы дакумэнтальны фільм, і, вядома, цяпер, магчыма, я б нешта зрабіў па-іншаму — але момант што да бацькоў і адносін у сям’і Жызьнеўскіх я б пакінуў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG