«Boeing-737-500» са знакам «Белавія» вырульвае на ўзьлётную паласу варшаўскага лётнішча імя Фрэдэрыка Шапэна. Неўзабаве ён вырвецца ў неба, і ўжо празь пяцьдзесят хвілінаў прызямліцца ў Нацыянальным аэрапорце яшчэ ў адной сталіцы Эўропы — Менску. Што такое 50 хвілінаў у сучасным сьвеце? Толькі імгненьне. Імгненьне, якое злучае цывілізацыі, культуры, людзей.
Уладкаваўшыся зь сябрамі-калегамі ў камфортных крэслах самалёта амэрыканскай вытворчасьці, рукі пацягнуліся ў кішэні крэслаў, што перад намі, па бартавы часопіс «OnAir». За гэтыя 50 хвілінаў звычайна ня болей аднаго-двух артыкулаў прачытваецца пад скупую беларускую перакуску шклянкай вады і кубачкам кавы з маленькай чакалядкай.
Рукі пацягнуліся і... выцягнулі часопіс «Милиция Беларуси». Вокладка ўжо нясьвежага навагодняга нумара ўпрыгожаная каляровымі вясёлымі балёнікамі з каляднай ялінкі. Разгортваю часопіс, які дагэтуль ніколі ня бачыў, і на першых жа старонках — здымкі кайданкоў, турэмных кратаў, калючага дроту. Яны чаргуюцца фоткамі бравых міліцыянтаў і нават эмгэбістаў чорных савецкіх часоў. Вочы выхопліваюць вялікі артыкул з загалоўкам: «Миг от воли до неволи».
Утульнае крэсла становіцца няўтульным. Выдатны настрой, атрыманы ў свабоднай краіне, у Варшаве зь яе вірлівым сучасным жыцьцём, у часе вольных размоваў з вольнымі людзьмі, пачаў выпарацца. Часопіс напамінаў, што вяртаемся з волі ў няволю, страшыў, рыхтаваў да сустрэчы са змрочнымі памежнікамі і мытнікамі, міліцыянтамі, якія блукаюць па цеснаму, несучаснаму аэрапорту. Фатаграфую на айфон старонкі часопіса. Ужо азіраючыся: а раптам забаронена?
Настрой псуецца цалкам. Але ж 50 хвілінаў у паветры — гэта толькі імгненьне, дома чакае мяне спакой! І вось мы ўжо стаім з пашпартамі перад будкай памежніка. У акенцы манітор кампутара, павернуты да нас тылам. На ім злучаныя у адзін два сьцяжкі — дзяржаўныя беларускі і расейскі. Напамін, што ты прыехаў ня проста ў Беларусь, а ў спэцыфічную цывілізацыю, адметную сваімі правіламі паводзінаў, сваім разуменьнем каштоўнасьцяў дэмакратыі, сваім бачаньнем свабоды.
І вось я дома, распакоўваю валізку, адкаркоўваю бутэльку шатляндзкага віскі, купленага па нармалёвай цане ў краме д’юты-фры варшаўскага лётнішча. Уключаю радыё, тэлевізар. Дзяржаўныя беларускія каналы радуюцца нейкаму расейскаму Тацянінаму дню. Выключаю крыніцы хлусьні, прапаганды і дурнаватых забаваў. Уключаю кампутар, заходжу ў інтэрнэт на сайты нешматлікіх свабодных у Беларусі мэдыяў. Яны сустракаюць мяне загалоўкамі пра затрыманьне, зьбіцьцё і суд над незалежным журналістам Паўлам Дабравольскім, які выконваў свае абавязкі, і дэмакратычнымі актывістамі, што прыйшлі ў суд падтрымаць там жа асуджаных за графіці мастакоў. Божухна, кашмар нейкі, насланьнё.
Але лаўлю сябе на думцы, што ўспрымаю гэта амаль спакойна. Відавочна, міліцэйскі часопіс на борце лайнэра «Белавія» мяне падрыхтаваў да сустрэчы з рэаліямі маёй краіны. Да таго ж, тэза «імгненьне ад волі да няволі» — ўнівэрсальная, ад яе не ўцячы нікому, улучна зь міліцыянтамі і судзьдзямі.
І самалёты «Белавія» лётаюць ня толькі ў няволю, але і на волю.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.