Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратарка Вярхоўнага суду: Ад сябе асабіста я прыношу прабачэньні. Старшыня БАЖ: Біць журналіста — гэта крымінальны артыкул

абноўлена

Павал Дабравольскі
Павал Дабравольскі

Прэс-сакратарка Вярхоўнага суду Юлія Ляскова пракамэнтавала ў фэйсбуку сытуацыю са зьбіцьцём журналсіта парталу tut.by Паўла Дабравольскага ў будынку суду Фрунзенскага раёну Менску.

«Сёньняшнюю сытуацыю ў судзе Фрунзенскага раёну гораду Менску пракамэнтаваць, ня ведаючы ўсіх акалічнасьцяў здарэньня, не бяруся. Заўтра будзем разьбірацца. Але ад сябе асабіста я прыношу прабачэньні ўсёй журналісцкай супольнасьці», — напісала Юлія Ляскова на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

25 студзеня перад пачаткам судовага паседжаньня па справе графіцістаў журналіст Павал Дабравольскі, які знаходзіўся за дзьвярыма залі пасяджэньня, здымаў на відэа затрыманьне актывістаў. Яго затрымалі разам з актывістамі і зьбілі.

Паводле праваабаронцаў, адразу пасьля затрыманьня хлопцаў пачалі зьбіваць у суседнім пакоі: гукі зьбіцьця былі чуваць у залі суду. Пасьля гэтага іх адвезьлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе склалі па два пратаколы: паводле артыкулаў КаАП 24.1 «Непавага да суду» і 23.4 «Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы». Потым затрыманых прывезьлі зноў у суд Фрунзенскага раёну, дзе іх аштрафавалі. Журналісту Паўлу Дабравольскаму прысудзілі штраф 9 450 000 рублёў.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

«Мне хацелася б ня толькі пачуць камэнтары да таго, што здарылася ў Фрунзенскім судзе ад прадстаўнікоў прэс-службаў суду і міліцыі (чаго, дарэчы, так і не было — я маю на ўвазе не нармальную чалавечую рэакцыю Юліі Ляскавай, а афіцыйны камэнтар ад кіраўніцтва), але і дачакацца, нарэшце, прававога рэагаваньня на тое, што адбылося з боку праваахоўнай сыстэмы дзяржавы, пракуратуры. Біць людзей — гэта, як мінімум, адміністрацыйнае правапарушэньне. Біць журналіста — гэта ўжо крымінальны артыкул. Або міліцыі закон не пісаны?

І яшчэ адно. Адносна разгляду справы ў дачыненьні да зьбітых — у тым жа судзе і адразу ж. Гэта, як мінімум, дэманстрацыя абсалютнай залежнасьці суду ад „пратакольшчыкаў“. Суд павінен быў, атрымаўшы пратаколы, вывучыць іх і самастойна прызначыць час судовага разбору з улікам забесьпячэньня правоў тых, хто прыцягваецца да адказнасьці, на абарону, а ня ўзяць пад казырок», — напісаў Андрэй Бастунец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG