Сайт pressball.by надрукаваў ліст хакеістаў менскага «Дынама» да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў абарону Ўладзімера Беражкова.
Сёлета ў жніўні сьледчыя органы затрымалі генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімера Беражкова.
«Нам ня хочацца, ды мы і ня маем права, даваць ацэнку дзеяньням праваахоўных органаў — упэўненыя, суд вынесе справядлівы вэрдыкт па гэтай справе. Мы ўсяго толькі просім вас як чалавека, які добра ведае сьвет вялікага хакею, уважліва паставіцца да лёсу чалавека, які прыйшоў у мінулым сэзоне ў менскае „Дынама“», — гаворыцца ў лісьце спартоўцаў.
«Нам ня хочацца быць яго адвакатамі, але мы просім праявіць да Ўладзімера Беражкова той кавалачак звычайнай чалавечай міласэрнасьці, які можна дазволіць на сёньняшні дзень — адпусьціць яго на волю да рашэньня суду. Ён не ўяўляе грамадзкай небясьпекі і ня зробіць спробаў схавацца ад правасудзьдзя», — пішуць хакеісты.
Яны лічаць, што гэты факт спрыяльна адаб’ецца на іміджы «Дынама», які «істотна пахіснуліся ў сувязі з апошнімі падзеямі ў клюбе, і выкліча станоўчы рэзананс у айчынных і расейскіх СМІ, якія працягваюць сачыць за лёсам Уладзімера Беражкова».
У лісьце гаворыцца, што Ўладзімер Беражкоў — вядомы ў краіне журналіст і рэдактар самага папулярнага спартыўнага выданьня краіны, газэты «Прессбол». Яшчэ да прыходу ў клюб ён меў вопыт арганізацыі хакейнай гаспадаркі, працуючы ў фэдэрацыі хакею ў той пэрыяд, калі яна ўставала на ногі.
«У нашу каманду прыйшоў моцны прафэсіянал, поўны рашучасьці рэалізаваць усе свае пляны і славалюбівыя амбіцыі. Аддаючы належнае Ўладзімеру Пятровічу, яму многае ўдалося зрабіць, пачынаючы з „дарожнай карты“ — мераў па разьвіцьці беларускага хакею — і заканчваючы непасрэдна вынікам. У мінулым сэзоне „Дынама“ істотна палепшыла свае спартыўныя паказчыкі і выйшла ў плэй-оф чэмпіянату КХЛ», — адзначаюць аўтары ліста.
Сярод 27 прадстаўнікоў хакейнага клюбу «Дынама», хто падпісаўся пад лістом у абарону Беражкова — Аляксей Калюжны, Джэф Глас і Раян Гундэрсан.