Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск апублікаваў відэа выбуху ракеты пасьля прызямленьня


Прыватная амэрыканская касьмічная кампанія SpaceX правяла ў нядзелю, 17 студзеня пасьпяховы запуск — і амаль пасьпяховае прызямленьне ракеты Falcon 9 на плятформу ў Ціхім акіяне. Запуск і прызямленьне трансьляваліся ўжывую на сайце кампаніі.

Запуск ракеты прайшоў, як і ўсе папярэднія за адзіным выключэньнем, без праблемаў. Ракета вывела на арбіту спадарожнік NASA Jason-3, прызначаны для маніторынгу ўзроўню акіянаў, аналізу клімату і прагназаваньня тайфунаў. Пасьля запуску спадарожнік быў пасьпяхова разгорнуты.

Таксама без праблемаў прайшла дарога ракеты назад, да зямлі. SpaceX неаднаразова спрабавалі пасадзіць першую ступень ракеты, каб потым паўторна яе выкарыстаць. Калі ракеты стануць шматразовымі, касьмічныя палёты рэзка ўпадуць у цане, запускі можна будзе праводзіць часьцей. Пасьля мноства няўдалых спробаў пасадкі 22 сьнежня 2015 году адбылася першая пасьпяховая пасадка ракеты.

На гэты раз ракета пасьпяхова прызямлілася і вэртыкальна ўстала на марскую плятформу — ды ўжо пасьля пасадкі адна з апораў ракеты падагнулася, Ракета ўпала, адбыўся гучны выбух. Відэа інцыдэнту апублікаваў у сваім Instagram заснавальнік SpaceX (а таксама заснавальнік плацёжнага сэрвісу PayPal і вытворцы электрамабіляў Tesla) Элан Маск.

«Першапрычынай можа быць наледзяненьне за кошт кандэнсацыі праз моцны туману ў час старту», — выказаў тэорыю Маск. Пацярпелых падчас інцыдэнту няма, марская плятформа, на якую сядала ракета, бесьпілётная.

«Пасадзіць ракету на карабель значна цяжэй. Падобна як авіяносец супраць зямлі: значна меншая плошча, рух і кручэньне, — дапісаў Маск у сваім Твітэры. — Прынамсі, аскепкі былі паболей на гэты раз. Гэта ня будзе апошняй хуткай незаплянаванай разборкай [так у кампаніі называюць аварыі ракетаў. — РС], але ёсьць аптымізм адносна будучых пасадак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG