Па выніках пасяджэньня кантактнай групы ў Менску 13 студзеня дамовіліся аб вызваленьні ў найбліжэйшы час больш чым 50 чалавек з абодвух бакоў канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, паведаміла Дарка Аліфэр, прэс-сакратарка прадстаўніка Ўкраіны ў кантактнай групе, экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы.
«Асаблівую ўвагу надалі пытаньню вяртаньня ўкраінскіх грамадзян з палону. Па ініцыятыве Украіны ўсе бакі прыйшлі да ўзаемнай згоды неўзабаве вызваліць больш за 50 чалавек з абодвух бакоў, у першую чаргу, параненых, цяжка хворых і жанчын», — напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яе, таксама на сустрэчы пагадзіліся, што міжнародныя гуманітарныя арганізацыі, у прыватнасьці, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) павінны быць дапушчаныя да зьняволеных, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі на непадкантрольнай Украіне частцы Данбасу.
Таксама МКЧК павінен быць дапушчаны да ўкраінскіх грамадзянам, якія незаконна ўтрымліваюцца ў асобных раёнах Данбасу, дадала Аліфэр.
У канцы 2015 году ўпаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны па мірным урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе Ірына Герашчанка паведамляла, што, згодна з ўдакладненай інфармацыяй ад Службы бясьпекі Ўкраіны, у сьпісе палонных — 139 украінцаў.
Вызваленьне і абмен палоннымі зьяўляецца адной з умоў менскіх пагадненьняў.