У Віцебскі гарвыканкам накіраваныя лісты прадпрымальнікаў пра тое, што з 1 студзеня віцебскія кірмашы і гандлёвыя цэнтры спыняюць працу.
Прадпрымальнікі сыходзяць не на калядныя вакацыі: яны папярэджваюць, што не адновяць працу, пакуль на дзяржаўным узроўні ня вырашацца іхныя праблемы.
Рашэньне спыніць працу на няпэўны тэрмін прадпрымальнікі прынялі на сходзе 27 сьнежня. Па выніках сходу былі складзеныя лісты ў аддзел гандлю гарвыканкаму, расказала Ірына Яскевіч, старшыня аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам»:
«Мы прынялі рашэньне, напісалі лісты і адпраўляем іх у выканкам, у аддзел гандлю. Такія ж лісты будуць накіраваныя ў выканкамы іншых гарадоў. Мы пішам, што сыходзім не ў адпачынак! Ужо хопіць хлусіць і прыкідвацца! Мы больш ня можам працаваць у такіх умовах! Відавочна, што расчышчаюць пляцоўкі для „Каронаў“, „Эўраоптаў“, і зьнішчаюцца людзі, нашы працоўныя месцы. Зьнішчаюцца тыя, хто яшчэ хоць нешта плаціць у бюджэт! Для Віцебска гэта вельмі істотна. Зьнішчаюць работнікаў, якія плацяць у бюджэт і зарабляюць для сябе — ня ідуць на біржу беспрацоўных! Мы пішам, што пайшлі не ў адпачынак — што мы спынілі працу і патрабуем адмены ўказу № 222. Нас больш не цікавяць аніякія адтэрміноўкі! Гэты ўказ у цяперашніх умовах проста ня можа быць выкананы!»
Зь 1 студзеня, паводле ўказу № 222, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.
Гандляры перакананыя, што пакупнікоў гэтыя дакумэнты не цікавяць увогуле, бо яшчэ нікога не спыніла абвестка пра тое, што тавар на прылаўку несэртыфікаваны. Ня чулі ў Віцебску і пра нейкія выпадкі, калі празь нібыта «няякасныя тавары» нехта захварэў.
Дагэтуль прадпрымальнікі працавалі ва ўмовах адтэрміновак: ім было дазволена гандляваць рэшткамі тавараў, завезеных да ўвядзеньня патрабаваньня аб абавязковай сэртыфікацыі. Але да 1 студзеня ўсё распрадаць не ўдалося, а з гэтага дня гандаль таварамі без суправаджальных дакумэнтаў забаронены, за парушэньні чакаюць штрафы і канфіскацыі.
Зрэшты, канфіскацыі ўжо былі ў Полацку — тамтэйшыя прадпрымальнікі паспрабавалі выканаць указ, выпатрабавалі ў расейскіх гандлёвых фірмаў суправаджальныя дакумэнты на тавар, аднак такія паперы не задаволілі падатковую інспэкцыю і іншыя службы. Канфіскацыі спыніліся толькі тады, калі полацкія прадпрымальнікі абвясьцілі страйк.
Толькі разам можна супрацьстаяць невыканальным патрабаваньням, лічыць і віцебская актывістка Ірына Яскевіч:
«Калі дакумэнтаў няма, то навошта выходзіць на працу і рызыкаваць? Дарэчы, нас падтрымлівае нават тая частка прадпрымальнікаў, якая знайшла нейкія дакумэнты — яны таксама падпісалі наш ліст, абвясьціўшы, што спыняюць працу. Разумею, што на кожным кірмашы знойдуцца 10-15 адсоткаў прадпрымальнікаў, якія ўсё-ткі выйдуць працу. Але мы павінны разумець адно: апошнім часам мы навучыліся нешта адстойваць, калі мы выступаем разам!»
У апошнія дні году прадпрымальнікі заклапочаныя вывазам рэчаў з гандлёвых месцаў: зь 1 студзеня ім забаронена мець несэртыфікаваны тавар нават «пад прылаўкам». Стаўленьне пакупнікоў да таго, што адбываецца, неадназначнае: адны радуюцца зьніжкам і распродажам, абвешчаным некаторымі гандлярамі напярэдадні закрыцьця, другія, разумеючы сытуацыю, суперажываюць. Трэціх, і такіх найболей, сытуацыя на кірмашах цікавіць мала, бо заробкі даўно не дазваляюць набываць новыя рэчы так часта, як хацелася б.