Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедаў» мяркуюць вызваляць ад падатку «ў цяжкой жыцьцёвай сытуацыі»


Пакуль у «дармаедзтве» прызналіся 420 беларусаў, поўны сьпіс будзе сфармаваны 1 жніўня. Але крытэры «дармаедзтва» да таго часу могуць зьмяніцца.

Міністэрства па падатках і зборах падрыхтавала праект дэкрэту з папраўкамі да дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», распавядае БЕЛТА. Дэкрэт можа нязначна скараціць колькасьць «дармаедаў» — тых, хто мусіць сплочваць дзяржаве падатак у памеры 20 базавых велічыняў, калі не працаваў больш як 183 дні на год.

У праекце дэкрэту павялічваецца да 10 год узрост дзяцей, пры выхаваньні якіх грамадзянін-«дармаед» можа не плаціць падатак. Ад падатку звальняюцца старэйшыя дзеці да завяршэньня першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі (1–4 клясы). Карэктуюцца і некаторыя пакуль не названыя крытэры «дармаедзтва», як сьцьвярджаецца, «для іх адназначнага разуменьня».

Мясцовыя саветы дэпутатаў у праекце дэкрэту атрымліваюць права вызваляць «дармаедаў» ад сплаты падатку «ў сувязі са знаходжаньнем у цяжкой жыцьцёвай сытуацыі». Крытэры вызначэньня цяжкасьці сытуацыі для беспрацоўных невядомыя альбо неакрэсьленыя.

Паводле міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайкі, поўны сьпіс «дармаедаў» (платнікаў збору) будзе сфармаваны да 1 жніўня 2016 году. Пакуль жа на 1 студзеня 2016 году «дармаедамі» зарэгістраваліся 420 чалавек, якія сплоцяць дзяржаве сумарна 1,3 млрд рублёў. Акрамя таго, міністар папярэдзіў тых, хто б паспрабаваў атрымаць фальшывыя даведкі аб сплаце падаткаў у Расеі, пра «добрыя адносіны» з расейскай Фэдэральнай падатковай службай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG