Надоечы ішлі мы з сынам са школы, як раптоўна наляцеў шалёны парыў ветру ды пачаў па-сапраўднаму зьдзімаць дзіця з дарогі. Той спалохана паклікаў мяне, а калі я падбегла ды прыціснула яго да сябе, зрабіў мне вымову: «Ты ж трымай мяне моцна, дзеткі — гэта такое багацьце! Бо калі мяне аднойчы зьдзьме вецер, іншага такога ўжо ніколі ня будзе, разумееш?»
Я нічога не адказала, толькі яшчэ мацней прыгарнула яго.
І раптам захацелася вось так абняць кожнага, каго, магчыма, цяпер зьдзімае халодны вецер адзіноты, і сказаць: «Трымайся! Ты патрэбны, ты — багацьце, трымайся! Бо калі аднойчы цябе зьдзьме, іншага такога ўжо ніколі ня будзе».
Наста Кудасава
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org