Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея адмовілася ад калянізацыі Месяца


«Раскосмасу» не прафінансуюць праграмы стварэньня месяцовага ўзьлётна-пасадачнага комплексу, месяцовай арбітальнай станцыі і базы на паверхні Месяца.

Ад 2015 году амбітныя касьмічныя праграмы «Раскосмасу» крытыкаваліся ўладамі і асабіста расейскім віцэ-прэм’ерам Дзьмітрыем Рагозіным. Мяркуючы па дакумэнце, скіраваным з «Раскосмасу» на ўзгадненьне ў міністэрствы, копію якога атрымалі «Известия», арганізацыя сама ахвяравала праграмай па засваеньні Месяца пасьля абвяшчэньня новага бюджэту.

Так, «Раскосмас» выключыў са сьпісу фінансаваных праграмаў на 2016-2025 гады стварэньне месяцовага ўзьлётна-пасадачнага комплексу, месяцовага скафандру, месяцовай арбітальнай станцыі, робататэхнічнага забесьпячэньня на Месяцы і нарэшце стварэньне базы на Месяцы. Таксама праекты, датычныя прыроднага спадарожніка Зямлі, скасаваныя ў іншых разьдзелах касьмічнай праграмы. Але безыменны касьмічны карабель, што мог бы даставіць расейцаў на Месяц, пакуль працягнуць будаваць, хоць бюджэт на яго скарочаны, паводле новай вэрсіі праграмы, на 12,7%.

Агулам фінансаваньне пілятаваных палётаў у Фэдэральнай касьмічнай праграме зьменшылася з 418,2 млрд да 329,7 млрд расейскіх рублёў (з 5,8 млрд даляраў да 4,6 млрд па курсе на момант публікацыі).

Па іншы бераг акіяна космас наадварот робіцца бліжэй. Прыватная касьмічная кампанія SpaceX здолела пасадзіць ступень ракеты Falcon 9, што ў пэрспэктыве можа зрабіць касьмічныя ракеты шматразовымі, а касьмічныя палёты таньнейшымі. Сама па сабе супраца дзяржавы з прыватнымі кампаніямі кшталту SpaceX і Boeing, кажуць навукоўцы, можа зьнізіць кошты палётаў на Месяц у 10 разоў. Праўда, кіраўніка SpaceX Элан Маск цікавіць ня Месяц, а Марс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG