Перадапошні дзень працуюць 23 студзеня многія прамысловыя прадпрыемствы Гомелю. Наперадзе — працяглыя зімовыя канікулы, ажно да 11 студзеня. Канікулы вымушаныя, і найперш з-за фінансавых праблемаў. У адных — раней вырабленая прадукцыя засталася нерэалізаванай, у іншых — заказаў бракуе, а значыць, і грошай на сыравіну і матэрыялы пакуль не прадбачыцца.
На гомельскім заводзе «Цэнтраліт», вядомым сваім прамысловым ды мастацкім ліцьцём, рабочым і спэцыялістам, занятым на вытворчасьці, прапануюць пісаць заявы на адпачынак з уласнага жаданьня. Адзін са спэцыялістаў прадпрыемства ўдакладняе тэрмін вымушаных зімовых канікулаў:
«3 25 сьнежня да 11 студзеня — за свой кошт. Там жа шмат выходных».
Рабочы Сяргей, які заняты ў абслугоўваньні прадпрыемства, выглядае, ад сёньня пачаў сьвяткаваць. Вымаўляючы словы па складах, апавядае:
«З 25да 11 студзеня ўсе цэхі не пра-цу-юць».
У дадатак да калядных і навагодніх сьвятаў працаўнікам прадпрыемства прыйдзецца яшчэ гуляць, прынамсі, сем працоўных дзён.
Такая пэрспэктыва рабочага Міхаіла ня надта радуе:
«Канечне, кепска стаўлюся да таго, што нас адпраўляюць на канікулы за свой кошт. Як і за што мне ў гэты час утрымліваць сям’ю? Працы ж у Гомелі асабліва й няма. Даводзіцца проста сядзець дома і быць абібокам».
На думку суразмоўцы, у такой сытуацыі і сьвяты — ня сьвяты:
«Менавіта таму, што няма асабліва за што сьвяткаваць. З кожным годам становіцца ўсё горш, я нават не разумею, чаму так. Страшнавата нават жыць, бо грошай няма. Горш стала. Гэтая аптымізацыя навокал, зацісканьне гаек, а заробак плацяць той жа самы. Даляр расьце, рубель таньнее. Працуем больш, а заробак не павялічваецца».
Яшчэ адзін працаўнік прадпрыемства, нібы падсумоўваючы ўсе вымушаныя адпачынкі, адклікаецца гэтак: «Плачэўная сытуацыя — ідзі гуляй, і ўсё!»
Кіраўніцтва «Цэтраліту» сьцьвярджае, што падоўжаныя сьвяточныя канікулы — вымушаная мера пры адсутнасьці заказаў на прадукцыю, зьвязаная з эканоміяй энэргарэсурсаў, і найперш — электрычнасьці.
«Прадпрыемства працаваць ня будзе да 11 студзеня. Сэнс у тым, што дарма спальваць электраэнэргію пры адсутнасьці заказаў ніхто ня будзе. Гэта атрымліваецца самому яе зжэрці — а потым што рабіць?», — тлумачыць сытуацыю адзін з кіраўнікоў «Цэнтраліту».
У кіраўніцтва «Цэнтраліту» разьлік на тое, што пасьля навагодніх сьвятаў удасца атрымаць заказы найперш з Расеі. На замовы ўнутры краіны асаблівага спадзеву няма: у беларускіх спажыўцоў проста бракуе фінансаў, каб рабіць нейкія значныя заказы. Апрача таго, і канкурэнтаў у апошнія гады становіцца больш. Аналягічную прадукцыю нават у Гомелі выпускаюць завод ліцьця і нармаляў, «Гомельмэдпляст» у палімерным варыянце, ня кажучы ўжо пра ліцейна-мэханічны завод у Смаргонях.
Ня надта радуюцца сьвяточным дням і працаўнікі ААТ «СтанкаГомель». У адыходзячым годзе яны працяглы час працавалі на чатырохдзёнцы, а завяршаюць год шасьцігадзінным працоўным днём. Да таго ж, заробак станкабудаўнікам за лістапад яшчэ ня выдалі. Уся надзея — на 24 сьнежня, апошні дзень перад падоўжанымі канікуламі, бо на працу тут таксама маюць вярнуцца толькі 11 студзеня.
Гаворыць працаўнік прадпрыемства са стажам, які назваўся Мікалаем:
«Няма працы, заказаў, грошай няма. Таму ідзі — і ня проста ідзі... Ідзі за свой кошт — на канікулы, на сьвяты».
На падоўжаныя навагодне-калядныя канікулы выпраўляюць свае вытворчыя падразьдзяленьні аб’яднаньне «Гомсельмаш», вагонарамонтны завод, шэраг іншых прадпрыемстваў.
Прычыны падобныя: затаваранасьць, адсутнасьць заказаў і абаротных сродкаў на матэрыялы й камплектуючыя дэталі, а яшчэ —даўгі за раней выкарыстаныя энэрганосьбіты.
На вагонарамонтным заводзе, у прыватнасьці, канторскія спэцыялісты будуць заняты справаздачнасьцю, а вытворчыя цэхі выпраўляюць у падоўжаны адпачынак.
Спэцыялістка вагонарамонтнага завода кажа, што ў краіне падвысілі тэрмін эксплюатацыі вагонаў — адсюль і праблемы з заказамі:
«Працягнулі тэрмін эксплюатацыі вагонаў, таму й менш заказаў».
Зрэшты, сытуацыя на гомельскіх прадпрыемствах не адрозьніваецца ад іншых рэгіёнаў. Нейкіх заўважных пазытыўных зрухаў у нерэфармаванай эканоміцы пакуль не назіраецца. І, відаць, нездарма Аляксандар Лукашэнка нядаўна папярэджваў беларусаў: «Наступны год будзе вельмі складаным, мушу заўважыць, што такога году ў гісторыі нашай краіны не было».
Год яшчэ не пачаўся, а вынікі яго ўжо абазначаны.