Малодшая дачка ўзбэцкага прэзыдэнта Іслама Карымава, Лола Карымава-Ціляева, набыла чатыры раскошных палацы ў Лос-Анджэлесе коштам некалькі мільёнаў даляраў кожны, сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні амэрыканскай газэты The New York Times. Асабнякі, як мяркуецца, знаходзяцца ў Бель Эйр — адным з самых фэшэнэбэльных і упадабаных знакамітасьцямі раёнах «горада анёлаў».
Упершыню аб набыцьці Лолай Карымавай-Ціляевай палаца Le Palais ў Лос-Анджэле коштам у $ 58 мільёнаў стала вядома летам 2013 года. Тэма доўгі час не сыходзіла з загалоўкаў многіх амэрыканскіх і эўрапейскіх СМІ. Многія, як на Захадзе, так і ва Ўзбэкістане, задаваліся пытаньнем: як Карымава-Ціляева, якая займае сьціплы дыпляматычны пост ва ўзбэцкім ўрадзе, змагла дазволіць сабе купіць такую нерухомасьць?
Нядаўняе расьсьледаваньне The New York Times засьведчыла, што палац Le Palais (гэтак жа вядомы як «Паўмесяц») — не адзіная дарагая маёмасьць малодшай дачкі Іслама Карымава ў Лос-Анджэлесе.
Палацы і падстаўныя кампаніі
Аб уласнасьці Лолы Карымавай ў Злучаных Штатах стала вядома з артыкулу пра архітэктара Махамэда Хадыда і ягоным новым спрэчным праекце ў адным з раскошных раёнаў Лос-Анджэлеса.
Амэрыканская газэта расьсьледавала канфлікт Хадыда з уплывовымі жыхарамі раёна Бель Эйр. Яны выступалі супраць будаўніцтва новага аб’екта па суседзтве.
У артыкуле The New York Times распавядаецца пра гісторыю посьпеху Хадыда, архітэктара з палестынскімі каранямі, аднаго з самых вядомых праекціроўшчыкаў раскошнай нерухомасьці ў Каліфорніі.
Па дадзеных выданьня, яго посьпех наўпрост зьвязаны са здольнасьцю знаходзіць агульную мову з замежнымі інвэстарамі.
Газэта сьцьвярджае, што Хадыд ня проста праектуе дамы: ён умела карыстаецца паслугамі падстаўных кампаній пры куплі-продажы нерухомасьці.
У расьсьледаваньні гаворыцца, што «такія фірмы ствараюцца для таго, каб абараніць людзей ад юрыдычнай адказнасьці». Імі часта карыстаюцца для набыцьця нерухомасьці ў ЗША замежнікі, каб схаваць асобу рэальнага пакупніка і паходжаньне яго фінансаў.
Лола Карымава і Le Palais
Сярод замежных кліентаў Хадыда, якія набылі праз падстаўныя фірмы яго шматмільённыя пампэзныя асабнякі, такія як Palazzo di Amore ($ 195 мільёнаў) і Le Palais, ёсьць сваякі некаторых азіяцкіх і афрыканскіх сумна вядомых кіраўнікоў. Лола Карымава-Ціляева, малодшая дачка ўзбэцкага прэзыдэнта Іслама Карымава — толькі адна зь іх.
Вось так газэта апісвае пампэзны палац Le Palais:
«... Раскошнае шато з лебядзіным возерам, турэцкім хамам з калёнамі з эгіпэцкімі матывамі. Яго прадала падстаўная кампанія, зьвязаная з Хадыдам, іншай такой кампаніі, зьвязанай з Лолай Карымавай-Ціляевай... У дачыненьні сям’і Карымава вядуцца карупцыйныя расьсьледаваньні ў некалькіх краінах.»
Газэта таксама прыводзіць асьцярогі праваахоўных органаў і антыкарупцыйных групаў з нагоды буйных укладаньняў замежных звышбагатых людзей у рынак нерухомасьці ў Злучаных Штатах.
«У той час як многія замежныя пакупнікі проста імкнуцца зьберагчы сваё багацьце, укладваючы ў нерухомасьць у ЗША, некаторыя карыстаюцца падстаўнымі кампаніямі, каб схаваць свае незаконныя даходы,» — пішуць аўтары расьсьледаваньня.
Яны сьцьвярджаюць, што Карымава таксама мае дачыненьне да трох іншых дарагіх палацам ў Лос-Анджэлесе, але не прыводзяць канкрэтных назваў.
«Абвінавачваньні неабгрунтаваныя»
Адвакат, які прадстаўляе інтарэсы малодшай дачкі прэзыдэнта Карымава, крытыкаваў артыкул The New York Times. Ён заявіў, што артыкул носіць спэкуляцыйны характар і не заснавана на фактах, перадае ўзбэцкая служба Радыё Свабода.
«Рабіць такія высновы з гэтага артыкулу было б памылковым», — кажа адвакат. Ён таксама адхіліў сьцьвярджэньні аб карупцыйных расьсьледаваньнях у адносінах сваіх кліентаў.
«У СМІ сьцьвярджалася пра тое, што сястра Лолы Гульнара Карымава знаходзіцца пад сьледзтвам у некалькіх юрысдыкцыях. Аднак мае кліенты не зьяўляюцца аб’ектам якіх-небудзь расьсьледаваньняў», — заявіў адвакат малодшай дачкі Іслама Карымава.
Паводле яго слоў, ані Карымава-Ціляева, ані яе муж Цімур ніколі не карысталіся сваім сямейным становішчам і не зьвязаныя з нацыянальнымі рэсурсамі Узбэкістана, такімі як газ або бавоўна.
«[Цімур] зьяўляецца акцыянэрам ў гандлёва-транспартнай кампаніі, якая выконвае ўсе правілы вядзеньня бізнэсу і ня мае падатковых прывілеяў або манапольнага статусу,» — сьцьвярджае адвакат.
Абвінавачваньні ў свой адрас аб куплі дарагой нерухомасьці за мяжой спрабавала абвергнуць і сама Карымава. У пісьмовым інтэрвію ВВС ў 2013 годзе яна сьцьвярджала, што іх сямейным дом у Жэнэве, які, па сьцьвярджэньні журналістаў, каштуе $ 46 мільёнаў, быў набыты ў іпатэку.
***
Старэйшая і больш вядомая дачка Іслама Карымава, Гульнара, цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам у Ташкенце з-за маштабных карупцыйных скандалаў.
ЗША сумесна з фінансавымі ўладамі Швэцыі і Швайцарыі расьсьледуюць справу, зьвязаную з хабарамі, якія Telecom-кампаніі (у тым ліку і галаўныя кампаніі расейскіх МТС і «Вымпелкома») плацілі Гульнары Карымавай за выхад на рынак Узбэкістана.
Лічыцца, што сукупна старэйшая дачка прэзыдэнта «зарабіла» парадку 1 млрд даляраў, якія былі «адмытыя» праз куплю актываў у розных краінах.
Улетку гэтага года ўзбэцкія СМІ паведамлялі, што па падазрэньні ва ўдзеле ў карупцыйных схемах, зьвязаных Гюльнарай Карымавай, ва Ўзбэкістане былі затрыманыя 9 чалавек.
Па матэрыялах узбэцкай службы Радыё Свабода