Грамадзянін Расеі Пятро Іванік знаходзіцца ў Менскім СІЗА № 1. Пры гэтым, як стала вядома праваабаронцам, Іванік быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня і, паводле словаў сваякоў, яму пагражае экстрадыцыя ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты для выкананьня прысуду.
Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна» са спасылкай на сваякоў Пятра Іваніка.
Паводле сайту Праваабарончага цэнтру «Вясна», у сьнежні 2011 году Шарыяцкі суд эмірата Шарджа ААЭ прызнаў вінаватымі і вынес сьмяротныя прысуды ўдзельнікам забойства свайго кампаньёна па бізнэсе з Чалябінску Яўгена Хапрова. Злачынства было зьдзейсьненае ў 2009 годзе ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Прысуд быў вынесены завочна, паколькі абодва падсудныя, Аляксей Янчук і Пётр Іванік, на той час ужо знаходзіліся ў вышуку.
У тыя гады ў ААЭ дзейнічала кампанія АVIA, якая займалася грузапасажырскімі авіяперавозкамі. Яе заснавалі Яўген Хапроў, Аляксей Янчук і Пётр Іванік. Затым, як паведамлялі шматлікія расейскія СМІ, партнэры сталі падазраваць Янчука ў растраце 3,2 мільёнаў даляраў, што неўзабаве пацьвердзіла аўдытарская праверка. У выніку яму давялося перадаць партнэрам сваю долю ў кампаніі. Яўген Хапроў неяк даведаўся, што Янчук замовіў яго і яшчэ аднаго калегу па бізнэсе невядомым кілерам. Называлася нават цана замовы — па 100 тысяч даляраў за кожнага.
А ў сакавіку 2009 году пяцёра невядомых выкралі Хапрова з дому і вывезьлі ў невядомым накірунку. Пазьней бізнэсмэна знайшлі забітым ва ўласным Porsche Cayenne.
Шарыяцкі суд палічыў віну Янчука і ягонага памагатага Іваніка даказанай. А паколькі ў ААЭ няма падзелу на заказчыкаў і выканаўцаў забойства — абодва прызнаныя ўдзельнікамі злачынства. Непасрэдных кілераў, якія ўварваліся ў дом бізнэсмэна, сьледзтва так і не выявіла.
Доўгі час месцазнаходжаньні Янчука і Іваніка былі невядомымі. Пазьней зьявілася інфармацыя пра тое, што Янчук, магчыма, мае від на жыхарства ў Нямеччыне, а вось Іванік нечакана «ўсплыў» у СІЗА на Валадарцы.
Першы сакратар Консульства Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Дзяніс Нячай у тэлефоннай размове з каардынатарам кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэем Палудам пацьвердзіў, што сапраўды такая сытуацыя мае месца, што да іх у консульства таксама зьвярталіся сваякі Пятра Іваніка. Ён запэўніў, што консульства будзе займацца гэтаю справаю і выказаў падзяку праваабаронцам за неабыякавую пазыцыю. Першы сакратар паабяцаў супрацоўніцтва з кампаніяй «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» па справе Іваніка.
У выпадку, калі Пятра Іваніка экстрадуюць у ААЭ, прысуд будзе прыведзены ў выкананьне, паколькі мараторыю на сьмяротнае пакараньне там не існуе.
Выкананьне сьмяротнага прысуду ў Эміратах адбываецца праз расстрэл альбо пабіваньне камянямі. Апошняе зараз прымяняецца крайне рэдка.