Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акупаваным Крыме сытуацыя з правамі чалавека цяпер, як у Чачні


Арэст Дэйчакоўскі
Арэст Дэйчакоўскі

Стан правоў чалавека на акупаванай Расеяй тэрыторыі Крыму ў справаздачы Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША называецца «вартым жалю».

Анэксія Крыму Расеяй прывяла да катастрафічнага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека, а мясцовыя ўлады перасьледуюць праціўнікаў рэжыму, заявіў старэйшы дарадца Хэльсынскай камісіі Арэст Дэйчакоўскі на вашынгтонскай прэзэнтацыі справаздачы «Правы чалавека на акупаванай тэрыторыі: Справа Крыму», перадае «Голас Амэрыкі».

«У першую чаргу гэта тычыцца крымскіх татараў, — тлумачыць Дэйчакоўскі. — Гэта таксама і ўкраінцы, занепакоеныя пытаньнем нацыянальнай ідэнтычнасьці, іх яшчэ можна назваць праўкраінскімі, і іншыя палітычныя і рэлігійныя групы. Гэта ўключае рэлігійныя групы, што не адносяцца да ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Гаворка ідзе аб украінскай праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхату, каталіках, грэка-каталіках, сьведках Іеговы і крымскіх татарах, якія ёсьць мусульманамі».

У справаздачы згадваецца ня толькі гвалтоўнае завалоданьне прыватнай маёмасьцю, але і выкраданьні і забойствы, як, напрыклад, у выпадку з Рашатам Аметавым, катаваньні, абмежаваньне права на свабоду слова, права на мірныя сходы, права на грамадзянства і іншыя. Дэйчакоўскі называе стан правоў чалавека на паўвостраве «вартым жалю», сытуацыя нагадвае яму часы СССР да перабудовы.

Андрэй Кліменка, шэф-рэдактар інтэрнэт-выданьня «Чарнаморскія Навіны» быў вымушаны пакінуць Крым — ён кажа, новая ўлада сілай навязвае расейскае грамадзянства, настойліва патрабуе супрацоўнікаў адукацыі здаваць украінскія пашпарты. Сярэдняя колькасьць супрацоўнікаў ФСБ у Крыме, дадае ён, утрая перавышае адпаведную колькасьць у рэгіёнах у самой Расеі. Сыстэма запалохваньня, што выкарыстоўваецца ў Крыме, нагадвае яму сытуацыю ў Чачні. Ад яго і ягоных сяброў, кажа Кліменка, патрабуюць прызнацца, што іх завэрбаваў «Правы сэктар» ці кіраўнік СБУ з мэтай зьдзяйсьненьня тэрактаў.

Аўтары дакладу лічаць неабходным стварыць спэцыяльную базу зьвестак па парушэньні правоў чалавека ў Крыме і адмысловы міжнародны трыбунал для прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у парушэньні гэтых правоў. Экспэрты таксама лічаць, што Кіеў мусіць узмацніць эканамічную блякаду Крыму і стварыць мэханізмы інфармацыйнага дасягненьня грамадзянаў Ўкраіны на паўвостраве, якіх, па словах Кліменкі, там прынамсі траціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG