Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы Лошыцы: «Нашае жыцьцё — у працы на зямлі, каму мы замінаем?»


Тры гісторыі жыхароў былой вёскі Лошыца, якая трапіла ў рысу Менску. Сёлета стала вядома, што гэты прыватны сэктар каля Лошыцкага парку можа пайсьці пад знос.

Чарговы раён прыватнага сэктару можа трапіць пад забудову. Гэтым разам гарадзкія ўлады паклалі вока на землі былой вёскі Лошыца. Пад знос мае пайсьці нават вёска навукоўцаў, якой у 2010 годзе Мінкульт даў статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

На месцы царквы быў грушавы сад, а ўзімку сюды прыходзілі ваўкі

Анатоль, 60 год. Дом 1955 году:

Анатоль каля свайго дома-аднагодкі 1955 году будаўніцтва
Анатоль каля свайго дома-аднагодкі 1955 году будаўніцтва

— Я нарадзіўся ў 1955 годзе. У той самы год мой бацька пачаў будаваць нашую хату. Пераехалі мы сюды канчаткова ў 1968 годзе. Тады гэта была яшчэ вёска Лошыца, сюды ўзімку нават ваўкі заходзілі, і людзі хавалі на ноч сабак. А горад пачынаўся на Камвольным камбінаце. З вакзала да нас хадзіў 3-ці аўтобус, а потым стаў яшчэ 44-ты хадзіць з Чыжоўкі.

Далей дарог не было. Не было ні Ігуменскага тракту — нічога. Далей за Лошыцай былі вялікія палі й сады. Там, дзе зараз мікрараён Лошыца, былі саўгасныя землі. Той саўгас забясьпечваў Дом ураду ежай.

Землі тут вельмі ўрадлівыя. Людзі займаліся сэлекцыяй, у нас жа вывелі шмат якіх гатункаў гародніны й пладовых дрэваў.

А яшчэ шмат садоў было. На горцы, дзе царкву будуюць, там быў грушавы сад. Далей ішлі чарэшні, вішні, яблыні. У нас тут былі вельмі добрыя вінныя гатункі. Вінзавод быў, вырабляў натуральныя віны. Нават з клубніцаў рабілі! «Чарвячковае» называлася. Сок самае вялікае дае 14,6% моцнасьці. Яго трошкі сьпіртам мацавалі, каб спыніць закісаньне, і выходзіла 16%. Каштавала яно 92 капейкі.

Саўгасных садоў не засталося, але засталіся нашыя дрэвы. Таму тут часта гуляюць жыхары шматпавярховікаў. Асабліва ўвесну, калі ўсе квітнее. Першай квітнее алыча. Тут такое паветра тады неверагоднае!

Я вось не магу летам у сьпёку ў горадзе быць: мне там няма чым дыхаць. Ды й увогуле жыць у кватэры, я не разумею, як гэта. Вось я ў сястры на вуліцы Пляханава рабіў рамонт, дык прыяжджаў сюды адсыпацца. Там дом — блёчна-панэльны ды «буйна-шчалявы»: усіх суседзяў чуваць.

Так і жыхары кватэр — мала хто зь іх зможа на зямлі жыць. Тут пастаянна трэба працаваць. А каб мяне перасяліць у «шпакоўню», што я там буду рабіць? Ну за год адрамантую, а потым? Я прызвычаіўся працаваць. Тут у мяне ёсьць гараж, ёсьць гарод. Я справамі ўвесь час заняты, хоць і на пэнсіі. А што ў кватэры рабіць: па бутэльку ў краму ці на могілкі?

Хаця зносам нас ужо доўга палохаюць. Яшчэ ў 1960-х казалі, што будуць зносіць. Але тады нічога не маглі будаваць, бо тут падляталі самалёты да аэрадрому, вінтакрылыя не маглі рэзка набраць вышыню. Таксама вышкі стаялі, падсьвечвалі шлях да ўзьлётна-пасадачнай паласы. А калі зараз аэрапорт прыбяруць, дык і Лошыцу за ім.

Але што гэта дасьць? Яшчэ адну Каменную горку? Пакуль нічога не зразумела. У нас жа нармальныя дамы, ёсьць газ, вада, каналізацыя. Нічога нам больш ня трэба. Хаця не, трэба, каб нас не краналі. Мы ж згодныя плаціць за ўсю зямлю, што замацаваная за домам.

Не ўяўляю, што камусьці можа спатрэбіцца гэта зносіць

Сяргей Міхайлавіч, 78 год, дом 1959 году:

Сяргей Арынкін вярнуўся да бацькоў у Лошыцу ў 1970-я
Сяргей Арынкін вярнуўся да бацькоў у Лошыцу ў 1970-я

«Мой бацька жыў у Лошыцы з 1924 году. Ён быў загадчыкам лябараторыі аграхіміі, узначальваў усю працу па хіміі. У дзяцінстве мы жылі ў іншым доме — вось там каля прыпынку ёсьць закалочаны 2-павярховы дом.

У вайну нас з братам і маці вывезьлі ў канцлягер у Нямеччыну. Маці была ў адным, а мы — у іншым канцлягеры.

У 1959 годзе тут пабудавалі цэлую вуліцу для супрацоўнікаў інстытута — вуліцу Мічурына. Палову дома далі й нашай сям’і. З 1961 году я жыў і працаваў на Ўрале, у горадзе Міас. Я выпадкова пайшоў у авіяцыю, потым перайшоў на ракеты ВМФ.

У 1975 годзе, я вярнуўся ў Лошыцу, бо хварэла й маці, і бацька. Ляжалі ў розных шпіталях. Калі сказаў, кіраўніцтву, што зьяжджаю, яны ўсур’ёз прапаноўвалі перавесьці бацькоў на Ўрал самалётам. Але яны не хацелі ўжо нікуды ехаць са сваёй радзімы. Усё тут іншае — нават паветра.

На Ўрале мы жылі ў чатырох-, пяці- й нават саміпавярховіках. Але каб зараз перасяліцца ў кватэру, дык лепш адразу на могілкі. Маё жыцьцё ў пастаянным клопаце пра гэты дом. Паглядзіце на наш дом, на дамы вакол. Самае каштоўнае, што тут ёсьць — гэта ня ўкладзеныя ў дамы грошы, а ўкладзеная ў іх праца.

Таму ўсё гэтую мітусьню нават не ўспрымаю сур’ёзна. Я не ўяўляю, што камусьці можа спатрэбіцца гэта зносіць».

У лошыцкай хаце жыве яго сын зь нявесткай і дачкой. Як калісьці Сяргей Міхайлавіч з жонкай прыехаў да старых бацькоў, у 2006 годзе да іх прыехаў, сын, які жыў зь сям’ёй у Амэрыцы.

У гэтым доме жыве ўжо чацьвёртае пакаленьне Арынкіных
У гэтым доме жыве ўжо чацьвёртае пакаленьне Арынкіных

Дыяна Іванова, нявестка Сяргея Міхайлавіча:

«Я працую ў тэатры лялек акторкай. Сем год мы з мужам і дачкой жылі ў Чыкага, але вырашылі там не заставацца, таму што тут — мы дома. Тут усё роднае. Тут жылі дзяды майго мужа, яны навукоўцы, выводзілі новыя гатункі расьлінаў. Тут проста цудоўны народ — няма ніводнага п’янчугі. Усё вельмі шчыра й па-добраму. Усе ведаюць адзін аднаго.

Апрача тэатру я яшчэ працую як клоўн ў дзіцячым хосьпісе ў Бараўлянах. Калі адтуль вяртаесься, тут проста душой адпачываеш. Такія раёны проста неабходныя ў нашым горадзе.

І было б вельмі глупа, каб яго зьнесьлі. Па-першае, тут водаахоўная зона й шматпавярховікі ўсё адно нельга будаваць, калі толькі якія-небудзь таўн-хаўсы.

Увогуле на кожным другім доме мусіць вісець шыльда зь імёнамі выбітных навукоўцаў, якія тут жылі. Ведаеце што нам на гэта сказалі? «Дык ён жыў пры Савецкім Саюзе. А мы зараз — асобная краіна». Вось што на гэта можна адказаць?

Вядома, ёсьць некаторыя дамы без вады, бяз газу, зь імі варта штосьці зрабіць. Але вось дзьве нашыя вуліцы — тут усё ёсьць. Так, яны былі аднатыповымі, але з часам нехта дабудаваў іх, калі сем’і павялічваліся.

Вось мы маем 16 сотак зямлі. Але ж мы гэтую зямлю набылі, зарабілі грошай і набылі. У нас тут тры сям’і жыве. І як з намі будуць разьлічвацца? Нават у рысе Менску не даюць участкі тым, каго высяляюць. Чаму карэнныя жыхары мусяць жыць за колавай?

А суседзі толькі два гады таму атрымалі афіцыйны дазвол дабудаваць другі паверх. Нават унутры дома нічога не пасьпелі зрабіць, а пра знос даведаліся з навінаў. А да таго часу нам гаварылі, што кранаць нас ня будуць.

І я не разумею, навошта зносіць нас, калі ў межах Менску дагэтуль ёсьць сельскагаспадарчыя палі? Вось тут побач вялікае поле, у рысе горада ёсьць рапсавыя палі. Але там не будуюць нічога, камусьці спатрэбілася менавіта наша зямля.

Мы зьбіраемся ваяваць. Ужо сабралі каля дзьвюх тысячаў подпісаў. Нам сказалі, што будуць штрафаваць. Маўляў, усё патлумачылі, а мы ўсё роўна супраціўляемся.

Спачатку дазволілі перабудову, а потым пазбавілі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці

Генадзь Усьціновіч, 55 год, дом 1958 году:

Генадзь Усьціновіч дабудаваў бацькаву хату, якую яны зараз дзеляць з братам
Генадзь Усьціновіч дабудаваў бацькаву хату, якую яны зараз дзеляць з братам

— Тут быў інстытут садаводзтва, пладаводзтва й бульбы. Мой бацька быў там галоўным бухгальтарам. Калі ў 1958 годзе майму бацьку даручылі пабудаваць дамы для спэцыялістаў НІІ. Раней мае бацькі жылі ў Лошыцкім парку, у драўлянай прыбудове каля былога палацу. Там была кватэра барачнага тыпу. Адтуль яны перасяліліся сюды, на вуліцу Мічурына, як яна тады называлася.

Гэтыя дамы былі пабудаваны для навукоўцаў з усяго Савецкага Саюзу. У другой палове нашага дома жыў Дзявятаў — вядомы навуковец. Калі добра разабрацца, у кожным доме жылі выбітныя людзі. Мы й сёньня ямо іхнія гатункі гародніны і й садавіны.

Я нарадзіўся ў гэтым доме. З 1987 году стаяў у чарзе на жыльлё ў выканкаме. У палове дома на 40,5 квадратных мэтраў жылі 11 чалавек. Калі я зразумеў, што не дачакаюся кватэры, мы з братам, зь якім падзялі нашу палову дома, вырашылі пашырацца. Пабудаваць яшчэ адзін дом на ўчастку нам не дазволілі. Але далі дазвол на рэканструкцыю, і мы дабудавалі другі паверх.

Паглядзіце на мой дом, ці можна сказаць, што мае мэтры горшыя за тыповыя? Ці будзе лічыцца паляпшэньнем жыльлёвых умоў маё перасяленьне ў панэльку? А вось на генэральным пляне мой дом пазначаны, як быццам у яго 50% зносу.

Так, ёсьць людзі па Лошыцы-Чыжэўскіх, якія мараць, каб іх дом зьнесьлі. У іх не праведзена камунікацый і, натуральна, што яны хочуць, каб іх зьнесьлі й далі пажыць у нармальных умовах.

Але ж ня я. Дзеля аднаго газону я палоскамі выкопваў зямлю і засыпаў туды суглінак, каб падняць узровень участку. Столькі сіл і здароўя я сюды ўклаў. Я пражыў тут 55 год, зрабіў усё сваімі рукамі, і не ўяўляю жыцьця ў шпакоўні. Мне тут нават тэлевізар няма калі глядзець, бо ўвесь час трэба нешта рабіць.

Мне не хацелася б раздуваць спрэчкі з уладамі. Бо ў пэўнай меры, калі мы грукаем, нас культурна прымаюць, прыслухоўваюцца да нашых парадаў. Ніхто ня кажа, што нас катэгарычна зьнясуць. Яшчэ ў 2009 годзе нас запрашалі ў выканкам, дзе абвесьцілі, што ў 2012 годзе нас тут ужо ня будзе. Тады я абыйшоў дамы, стаў уздымаць людзей, і нам паабяцалі, што ня будуць кранаць. У 2010 годзе далі адказ, што мы набываем гісторыка-культурную каштоўнасьць, і як вёску навукоўцаў, нас не крануць. Але ўжо ў 2011 годзе, як высьветлілася, з нас зьнялі ахоўны статус.

Кажуць, што не захавана гістарычнае аблічча. Але ж самі ўлады давалі нам дазвол на перабудову дамоў. Я прапаноўваў іншы варыянт — пабудавацца побач на ўчастку, але мне адмовілі.

Мы зараз сабралі амаль 2 тысячы подпісаў жыхароў Менску, каму не абыякавы лёс Лошыцкага парку. Бо калі раён вакол парку будуць разбудоўваць і ўшчыльняць, гэта паўплывае й на парк. А ён патрэбны ўсяму гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG