Яму загадалі сьцерці зробленыя фрагмэнты імпрэзы. Пятнаццаць хвілінаў Глушкоў правёў у будынку спэцслужбы.
«Мне сказалі: „Ці вы не разумееце, што здымаць нельга?“ І загадалі сьцерці, што наздымаў. Ля будынка КДБ было кіраўніцтва гораду, нейкі генэрал. Шмат людзей. Сьпявалі песьні. Я наагул не разумею навошта такія мерапрыемствы праводзіць у вечаровай цемры. Дапускаю, што маё зьяўленьне ля будынка КДБ было нахабным учынкам, але ў маіх дзеяньнях не было крамолы», кажа пра здарэньне Яўген Глушкоў.
Блогер адзначае: спачатку затрымалі яго міліцыянты, якія ня ведалі, што зь ім рабіць. Потым забралі супрацоўнікі КДБ. Празь пятнаццаць хвілінаў Глушкова адпусьцілі.
Яўген Глушкоў робіць відэасюжэты пра падзеі ў горадзе. Потым выкладае іх у інтэрнэт. «Я фіксую хроніку гарадзкіх падзеяў», — тлумачыць сваё хобі блогер.
Што да адкрыцьця памятнага знаку, то яно заплянаванае на 18 сьнежня і прымеркаванае да Дня супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бясьпекі.