Якуб Лапатка нарадзіўся 16 верасьня 1944 у вёсцы Аўсюкова Расонскага раёну Віцебскай (тады Полацкай) вобласьці. Скончыў вясковую беларускую дзесяцігодку. Спэцыяльнасць перакладчыка атрымаў на гішпанскім факультэце Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту замежных моваў. Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам гішпанскай мовы ў наваполацкай сярэдняй школе № 5, дзе стварыў вучнёўскі гурток перакладчыкаў на беларускую мову. Некаторыя дзіцячыя пераклады друкаваліся ў пэрыёдыцы. Склаў першы гішпанска-беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў — надрукаваў саматугам, некалькі гадоў слоўнік ужываўся вучнямі і настаўнікамі Беларусі. Быў абраны дэпутатам Наваполацкага гарадзкога савету. Узначальваў камісію па культуры і адукацыі гораду Наваполацку. Як вынік — былі адчынены беларускія клясы практычна ва ўсіх школах Наваполацку. А школа № 9 была пераведзена цалкам на беларускую мову навучаньня.
У 1993 па запрашэньні Саюзу перакладчыкаў Фінляндыі быў на стажыроўцы ў Хэльсынкі. Скончыў пяцісэмэстравы курс фінскай мовы і дыялекталёгіі ў Хэльсынскім унівэрсытэце, куды, пасьля адпаведных экзамэнаў, быў прыняты адразу на апошні, пяты курс. Некалькі гадоў працаваў у Хэльсынскім унівэрсытэце, выкладаў беларускую мову на факультэце славістыкі. Працаваў у бюро перакладчыкаў. Неаднаразова атрымліваў стыпэндыі для перакладу фінскай літаратуры на беларускую і рускую мовы. Пераклады друкаваліся у розных альманахах і часопісах.
Усяго выдаў шэсьць кніг перакладаў на беларускай мове і дзевяць — на рускай. Улетку выйшла кніга ўспамінаў, артыкулаў, перакладаў і уласных твораў на рускай і беларускай мовах пад адной вокладкай. Сярод перакладзеных аўтараў — Мігель дэ Сэрвантэс Саавэдра, Рафаэль Альбэрці, Мігель Эрнандэс, Томас Мур, Катры Вала, Арва Турціяйнэн, Вэё Мэры, Міка Валтары, Пэнтці Хаанпяя, Маю Ласіла, Вяйнё Лінна, Юхані Конкка, Аале Тюньні, Гарсія Лорка, Гіём Апалінэр. Пакуль яшчэ ня выдадзеная падрыхтаваная па-беларуску граматыка фінскай мовы для беларусаў ды гішпанска-беларускі слоўнічак (супольна зь Міколам Буслам). Апрача таго, зроблены першы поўны наўпроставы пераклад фінскага эпасу «Калевала» (выдадзена асобнай кнігай ў 2015 намаганьнямі выдаўца Зьміцера Коласа).
1. Для каго вы перакладаеце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для людзей. А ідэальных чытачоў, як і ідэальных аўтараў, не бывае.
2. Дзе вам найлепш перакладаецца, і калі?
Некаторыя кнігі я перакладаў у сваёй вёсцы на Расоньшчыне. Зараз — за сваім сталом, калі пад рукой слоўнікі ды іншая даведачная літаратура. А калі — ды як нахлыне, у любы час.
3. Перакладчыкам якой ужо перакладзенай кнігі вы хацелі б быць?
Не зусім зразумела. Напэўна ніякай.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Спачатку Гервасій Выліваха, а зараз бадай што фінскі сяржант з апавяданьня Пэнтці Хаанпяя «Нямецкі егер» — мы зь ім вельмі доўга блукалі па чужых і чужынскіх дарогах, дзеля чужых нам мэтаў.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч, браты Стругацкія, Міка Валтары.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Абы што. Дзеля працы — гістарычныя трактаты і мастацкія творы. Дзеля разгрузкі О’Генры ці якія бязглуздыя дэтэктывы — прачытаў і забыў.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Чытаць — баўгарская, польская, чэская, сэрбская, швэдзкая, партугальская, можа яшчэ якія славянскія і раманскія мовы. Чытаць і размаўляць — фінская, гішпанская, ангельская, нямецкая, француская.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга зь перакладзеных вамі?
На беларускую мову — «Калевала», дзіцячая «Дзівосная ноч» ды біяграфія Манэргейма. На рускую мову — «Рыфмаваная фінляндзкая хроніка» фінскага першагісторыка Ёганэса Мэсэніуса (XVII стагодзьдзе) і «Мы героі» Юхані Конкі.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца перакласьці?
Хочацца многа, ды можацца мала. Але думаю перакласьці «Гісторыю паўночных народаў» Олаўса Магнуса, славутага швэдзкага картографа і гісторыка. (800 старонак, XVI стагодзьдзе).
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Цяпер — заўсёды. Я сваё адзмагаўся, адбаяўся, пабачыў усё, што толькі дастаецца чалавеку на ягоным вяку, двойчы нават вяртаньне з таго сьвету. Не свабодны я толькі ад абавязкаў перад сваёй сям’ёй ды сябрамі.