7 сьнежня генэральны дырэктар расейскага тэлеканалу «Дождь» Натальля Сіндзеева паведаміла, што ў рэдакцыю прыйшлі з пракурорскай праверкай.
У апавяшчэньні Астанкінскай міжраённай пракуратуры гаворыцца аб праверцы на прадмет выкананьня заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму і тэрарызму. Пракуратура таксама мае намер праверыць тэлеканал на адпаведнасьць працоўнаму заканадаўству і законам аб ліцэнзаваньні дзейнасьці.
У пракуратуры адзначаюць, што праверка праводзіцца на падставе «звароту грамадзян».
Тэлеканал «Дождь» дапамог «Фонду барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага ў расьсьледаваньні пра бізнэс сыноў генпракурора Расеі Юрыя Чайкі, але перапыніў супрацоўніцтва, піша РБК, спасылаючыся на дзьве крыніцы, знаёмых з ходам расьсьледаваньня.
«Фонд барацьбы з карупцыяй» паведамляў, што расьсьледаваньне бізнэсу сыноў Чайкі заняло паўтара года. «Дождь» дапамагаў фонду толькі на пачатковым этапе, кажа адзін з суразмоўцаў РБК.