Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды за акцыю ў гадавіну рэфэрэндуму 1996 году. Онлайн Свабоды

У Маскоўскім судзе Менску пачаліся працэсы над удзельнікамі і назіральнікамі за акцыяй 24 лістапада.

Станіслава Паўлінковіча пакаралі штрафам у 25 базавых — 4,5 мільёна. За тое, што фатаграфаваўся зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Станіслава Паўлінковіча пакаралі штрафам у 25 базавых — 4,5 мільёна. За тое, што фатаграфаваўся зь бел-чырвона-белым сьцягам.

Андрэя Давідовіча працягваюць судзіць. Яго судзіць Вольга Люстраценка. Андрэй здымаўся на плошчы зь бел-чырвона-белым сьцягам. «Не шкадую. Але калі б фотаграфаваўся з чырвоным ці амэрыканскім, ніхто б не чапляўся», — мяркуе Андрэй Давідовіч.

Справу Паўла Севярынца таксама адправілі на дапрацоўку.

Справа Міколы Статкевіча перанесеная з-за ягонай няяўкі.

Судзьдзя Віктар Казак судзіць Сяргея Паўлінковіча, які на плошчы Незалежнасьці фатаграфаваўся зь бел-чырвона-белым сьцягам і на якога быў складзены пратакол.

Сябра АГП аштрафавалі на 3 мільёны 600 тысяч рублёў

Антося Жылко, актывіста АГП, пакаралі за ўдзел у акцыі штрафам у 20 базавых велічынь. Судзіў яго судзьдзя Віктар Казак. Антось Жылко прызнаў, што браў удзел у несанкцыянаванай акцыі.

Гулак: судзьдзя меў закрыць справы

Старшыня БХК Алег Гулак пракамэнтаваў Свабодзе перанос судоў над назіральнікамі.

«Па-сутнасьці, судзьдзя мог вынесьці і канчатковыя пастановы па гэтых справах, бо матэрыялаў там было дастаткова. Як мне бачыцца, мусілі быць апраўдальныя пастановы, судзьдзя мог мець іншае меркаваньне, але ня ў гэтым справа — ён мусіў паставіць кропку, а выбраў іншы шлях. Адправіў на дапрацоўку відавочныя справы. Што ж, будзем назіраць за імі далей, час прыцягнуць да адказнасьці нашых назіральнікаў фармальна не закончаны. Будзем пільнаваць, але дадам, што гэтыя справы паказалі абсалютную непісьменнасьць міліцыянтаў, якія працуюць на вулічных акцыях і ня могуць адрозьніць удзельнікаў ад назіральнікаў».

Судзьдзя Максім Сушко, не пачынаючы працэсу над Сяргеем Касьпяровічам паведаміў, што ягоная справа таксама накіроўваецца на дапрацоўку, і таму «працэсу сёньня ня будзе».

Справу Натальлі Сацункевіч таксама аддалі на дапрацоўку

Судзьдзя Максім Сушко вырашыў вярнуць справу назіральніцы Натальлі Сацункевіч на дапрацоўку ў міліцыю. Бо нібыта не пазначылі ў пратаколе, у якасьці каго яна была на акцыі.

Справу Максіма Вінярскага накіравалі на дапрацоўку.

Судзьдзя ня хоча пачуць сьведак

Натальля Сацункевіч сказала, што раней як актывістка ніколі не брала ўдзелу ў акцыях. Паводле Натальлі, падчас акцыі 24 лістапада каардынатарам групы назіральнікаў была Наста Лойка з праваабарончага цэнтру «Вясна». «Ад яе заўваг на мой адрас не было», — сказала суду Натальля. Аднак судзьдзя не пачаў апытваць сьведак, якія былі заяўленыя, і пайшоў на вынясеньне пастановы.

Міліцыянт сьведчыць, што назіральніца крычала «Жыве Беларусь!»

Натальля Сацункевіч распавяла пра сябе як пра назіральніцу. Яна чацьверты раз была назіральніцай на акцыях. Да таго прайшла вучобу як назіральніца. Кажа, што прытрымлівалася прынцыпу нэўтралітэту падчас акцыі, трымалася ў баку ад яе ўдзельнікаў, падлічвала іх. Але паводле запісу ў міліцэйскім пратаколе, яна нібыта крычала «Жыве Беларусь». Натальля сказала, што гэтага не было. «Я чула такія воклічы, але сама іх не крычала», — заявіла Натальля. Паводле яе, супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол, не папярэджваў яе пра адказнасьць і не пазначыў у пратаколе як заўвагу, што яна не брала ўдзел у акцыі, а была толькі назіральнікам.

Назіральніца Натальля Сацункевіч не прызнала сябе вінаватай: «Я была назіральніцай ад БХК, нас было 6 чалавек. Я нічога не парушала, а толькі назірала і лічыла ўдзельнікаў», — паведаміла Натальля суду.

Усяго заплянавана 10 працэсаў. Судзьдзя Максім Сушко пачаў судзіць назіральніцу ад БХК Натальлю Сацункевіч. Праз гадзіну гэты ж судзьдзя будзе судзіць назіральніка Сяргея Касьпяровіча.

На працэсе над Натальляй Сацункевіч поўная заля публікі — праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алег Гулак ды іншыя, журналісты, іншыя людзі, якія цікавяцца гэтай справай, бо ўпершыню у Беларусі судзяць назіральніка, які працаваў на вулічнай акцыі, прычым апрануў адмысловую камізэльку. Сама Натальля Сацункевіч — супрацоўніца Акадэміі навук, напачатку працэсу яна заявіла, што суду давярае.

XS
SM
MD
LG