Назіральнікаў ад праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага Хэльсынскага камітэту Натальлю Сацункевіч і Сяргея Касьпяровіча выклікалі ў Маскоўскі суд Менску.
У SMS-паведамленьні з суду гаворыцца, што 7 сьнежня будуць разглядацца іхнія адміністратыўныя справы.
На Натальлю Сацункевіч і Сяргея Касьпяровіча міліцыянты склалі пратаколы падчас мірнай акцыі, якая адбылася 24 лістапада ў Менску з нагоды гадавіны рэфэрэндуму 1996 году. Назіральнікаў-праваабаронцаў зьвінавацілі ў парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства.
Падчас назіраньня за акцыяй праваабаронцы трымаліся асобна ад удзельнікаў, мелі спэцыяльныя бэйджы і былі ў сініх камізэльках. Аднак міліцыянты палічылі іх удзельнікамі акцыі.
Праваабаронцы лічаць такія дзеяньні міліцыі неправамоцнымі. Яны паведамілі пра ціск на праваабаронцаў і журналістаў спэцдакладчыкам ААН. А таксама зьвярнуліся ва УУС Менгарвыканкаму з прычыны адміністрацыйнага перасьледу назіральнікаў, паведамляе БХК.
Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў ужо выступіла з асуджэньнем адміністрацыйнага перасьледу Сяргея Касьпяровіча і Натальлі Сацункевіч, а таксама іншых назіральнікаў, затрыманых падчас акцыі.