Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: Мы годна ў краіне страху ўшанавалі тых, хто змагаўся за нашу свабоду


Мікола Статкевіч падчас акцыі на плошчы Незалежнасьці
Мікола Статкевіч падчас акцыі на плошчы Незалежнасьці

У Менску прайшла мэмарыяльная акцыя, прымеркаваная да 19-й гадавіны рэфэрэндуму 1996 году. Яе ўдзельнікі ўшанавалі памяць зьніклых палітыкаў Юр’я Захарнкі і Віктара Ганчара.

Супрацоўнікі міліцыі склалі адміністратыўныя пратаколы на палітыкаў Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева, на ўдзельнікаў акцыі Антона Жылко, Станіслава Паўлянковіча і Андрэя Давідовіча, якія несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, на актывістаў Максіма Вінярскага і Алеся Макаева, на праваабаронцу-назіральніка Сяргея Касьпяровіча, а таксама на журналістаў Зьмітра Галко і Галіну Абакунчык.

Камэнтуючы вынікі акцыі, Мікалай Статкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што агульная колькасьць пратаколаў пакуль невядомая:

«Яны пачалі складаць пратаколы нават на журналістаў і праваабаронцаў, якія былі апрануты ў адмысловыя камізэлькі. Магчыма, што міліцыянты пачалі ўжо складаць пратаколы адзін на другога. Бо, відаць, была пастаўлена задача скласьці як мага больш пратаколаў. Яны вырашылі павялічыць колькасьць пратаколаў, каб запалохаць людзей. Таму будзем сачыць далей за судовымі працэсамі. І калі будуць штрафы, будзем шукаць магчымасьць усім дапамагчы. Магчыма, будзем аб’яўляць збор сродкаў. У мяне сытуацыя асаблівая, маёмасьці ў мяне няма. Але ёсьць вайсковая пэнсія, на якую звычайна пачынаюць ускладаць штрафы. Але не ва ўсіх такая сытуацыя, і я казаў людзям, каб яны зьвярталіся да мяне, — будзем ім дапамагаць.

Але гэта, безумоўна, ня спыніць дзейнасьці і актыўнасьці. Я пляную наступную акцыю. Яна будзе мець іншы фармат і, магчыма, будзе скіравана на пэўную сацыяльную групу».

Мікола Статкевіч адзначыў, што сёньняшняя акцыя адбылася годна:

«Людзі прыйшлі і паказалі, што яны не баяцца. Яны прыйшлі ў тыя месцы, якія лічацца месцамі страху. Гэта ўлада напалохалася, і напалохалася чамусьці больш за ўсіх МУС, якое агарадзіла свой будынак сеткай. Каб, так бы мовіць, не апаганілі сакральнае месца. Гэта, мабыць, як самапрыніжэньне можна трактаваць. Дом ураду не здагадаліся агарадзіць. Безумоўна, страх прысутнічаў у людзей. Гэта было бачна па тым, што значная частка людзей, у тым ліку тыя, якія ішлі наперадзе з сымболікай, падышоўшы да Дому ўраду, сышлі з акцыі. Прыблізна траціна сышла. Але тым ня менш акцыя адбылася ў дастатковай колькасьці, каб лічыць, што мы па-сапраўднаму і годна ў краіне страху ўшанавалі тых, хто змагаўся за нашу свабоду».

Удзельнікі зладзілі шэсьце ад ГУМу да будынкаў МУС і ЦВК, дзе ўшанавалі памяць зьніклых апазыцыянэраў Ю’ря Захаранкі і Віктара Ганчара.

«Мы ня ведаем, дзе яны пахаваныя, але мы ведаем, дзе яны працавалі. Мы пойдзем пад вокны кабінэта, дзе працаваў Юры Захаранка, і запалім там сьвечкі. Потым мы пойдзем да ЦВК», — сказаў Мікалай Статкевіч.

Паводле палыітка, яшчэ адна мэта акцыі — «тэрапія ад страху»:

«Як вы памятаеце, 29 кастрычніка мы правялі акцыю каля КДБ, МУС, і Дому ўраду — гэта тыя будынкі, якія выклікаюць у простых беларусаў страх. Магчыма, людзі пасьля сёньняшняй акцыі стануць менш баяцца», — сказаў Статкевіч.

Уваход у будынак МУС быў абнесены будаўнічай мэталічнай агароджай, за якой стаяў самазвал. Гэта перашкодзіла ўдзельнікам акцыі паставіць зьнічы каля будынка.

Каля правага крыла Дому ўраду, у якім месьціцца ЦВК, Някляеў заявіў, што тут былі «сфальсыфікаваныя вынікі рэфэрэндуму», у выніку чаго беларусы «страцілі нацыянальную сымболіку, па сутнасьці была адменена дэмакратычная Канстытуцыя і замененая на напісаную Лукашэнкам, у адпаведнасьці зь якой яму было дадзена права пажыцьцёвага праўленьня».

«Інакш як злачынствам гэта не назваць. Мы прыйшлі сюды, каб нагадаць уладзе, што мы памятаем пра зробленае ёю і што ёй усё роўна давядзецца за гэта адказваць», — сказаў Някляеў.

Мікалай Статкевіч адзначыў, што рэфэрэндум 1996 году быў «кансультацыйным, але Лукашэнка ўсё роўна падоўжыў сабе кіраваньне». На думку палітыка, гэта зьяўляецца «асабліва цяжкім злачынствам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG