Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ягораў: студэнты ўсё зрабілі правільна


Дыван, на які выклікалі рэктара студэнты БДУ
Дыван, на які выклікалі рэктара студэнты БДУ

Палітоляг Андрэй Ягораў лічыць, што ў цяперашніх студэнцкіх пратэстаў ёсьць сэнс і ўсё рабілася правільна, але пра нейкі прарыў у сьвядомасьці беларускага студэнцтва гаварыць не выпадае.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Па-першае, гэты пратэст завязаны на канкрэтных студэнтах, якія маюць рэальныя праблемы. Гэта студэнты, якія непасрэдна перажываюць сытуацыю з платнымі пераздачамі, і, натуральна, яны не задаволеныя сытуацыяй з самакіраваньнем, якая ёсьць ва ўнівэрсытэце. Яны пайшлі на гэты марш, бо іншымі спосабамі не маглі дамагчыся вырашэньня сытуацыі. І гэта, у прынцыпе, нармальныя дзеяньні для студэнтаў у сытуацыі, калі на перамовы зь імі ніхто не ідзе.

Прычым бачна, што тактычна яны трапілі ў вельмі добры момант, калі гэта можна зрабіць. Я думаю, што два гады таму не было сэнсу рабіць гэта ў такім выглядзе — то бок выходзіць на вуліцу. А цяпер у кантэксьце лібэралізацыі, у кантэксьце таго, што Беларусь уступіла ў Балёнскі працэс, гэта дае пэўныя шансы, што яны могуць дамагчыся калі не выкананьня сваіх патрабаваньняў, то хаця б нармальнай размовы пра тое, як іхнія пытаньні могуць быць вырашаны. Таму, думаю, студэнты ўсё зрабілі правільна», — кажа палітоляг.

Ягораў пры гэтым падкрэсьлівае, што нейкім прарывам у сьвядомасьці беларускага студэнцтва лічыць гэтыя пратэсты нельга.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«Гэта лічаныя дзясяткі студэнтаў, якія гатовыя публічна выступаць ці хаця б проста казаць, што яны належаць да гэтай сытуацыі. Гэта такая вяршыня айсбэргу ў асноўным маўклівага і ляяльнага студэнцтва. Гэта можа быць пэўным пачаткам чагосьці. Але каб гэта сталася толькі пачаткам, трэба шмат што зрабіць у сэнсе арганізацыйнай працы, у сэнсе правільных грамадзкіх крокаў у бок тых людзей, на якіх сёньня канцэнтруецца ўвага гэтага маўклівага, але настроенага на пэўныя зьмены студэнцтва. Калі людзі, якія арганізоўвалі гэтыя пратэсты, будуць дзейнічаць правільна, то можа штосьці стацца. А на сёньняшні момант ніякага прарыву няма — ёсьць толькі спадзеў», — адзначае ён.

Сёньня ў Менску прайшла акцыя пратэсту студэнтаў. Удзельнікі акцыі сабраліся ў Міхайлаўскім сквэры, адкуль рушылі да галоўнага ўваходу ў БДУ, каб сустрэцца з рэктарам унівэрсытэту Сяргеем Абламейкам. Акцыя прайшла без затрыманьняў, але на ўдзельнікаў акцыі міліцыя склала як мінімум два адміністрацыйныя пратаколы. Шмат у каго міліцыянты перапісалі асабістыя дадзеныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG