Сустрэча рэктара БДУ Сяргея Абламейкі са студэнтамі БДУ, на якой студэнты зьбіраліся агучыць свае патрабаваньні да кіраўніцтва ўнівэрсытэту, пераносіцца.
«У сувязі з заклікамі да супрацьпраўных дзеяньняў і інфармацыяй пра магчымыя правакацыі, у мэтах забесьпячэньня бясьпекі студэнтаў БДУ сустрэча рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі са студэнтамі пераносіцца», — паведамляецца на сайце БДУ.
Прадстаўнікі руху «#студентыпротив» зьбіраліся пайсьці на сустрэчу з Абламейкам, каб сказаць рэктару пра існыя праблемы і агучыць свае патрабаваньні. Студэнты патрабуюць адмены платных пераздач іспытаў і залікаў, спыненьня ціску на студэнтаў, роспуску Студэнцкай асамблеі БДУ і стварэньня новага органа студэнцкага самакіраваньня.