Аднойчы Сталіну заманулася вярнуць на радзіму ўсіх армянаў. Як жа так, думалася яму: у АССР жыве мільён чалавек, але яшчэ больш – у іншых краінах сьвету! Хіба гэта нармальна, калі армяне – адзін з савецкіх народаў? Чаму яны павінны гарбаціцца на капіталістаў? Жыць у адсталасьці і нэндзе? Гэта абражае пачуцьці іхніх савецкіх землякоў.
Аднак калі вернецца назад адзін мільён армянаў, разважаў Сталін, іх ня будзе дзе разьмясьціць. Лішняга месца ў армянскай рэспубліцы няма, яна вельмі невялікая па плошчы. Зыходзячы з гэтага, Масква запатрабавала ад Турцыі вярнуць землі, якія былі канчаткова замацаваныя за ёю мірнай дамовай 1921 году. Агулам каля 26 тысяч квадратных кілямэтраў. Большасьць – 20 тысяч у плянах Сталіна аддаваліся Арменіі, плошча якой павялічвалася тады на 80 адсоткаў. Якраз для мільёна рэпатрыянтаў.
Астатнія 5 тысяч квадратных кілямэтраў атрымала б Грузія. Што, аднак, пакрыўдзіла грузінаў. Яны паскардзіліся Берыі. Тбіліскае начальства прапаноўвала кавалак турэцкай тэрыторыі ў будучыні падзяліць паміж Тбілісі і Ерэванам практычна напалам.
2 сьнежня 1945 году ў Маскве было прынятае афіцыйнае рашэньне аб рэпатрыяцыі армянаў. На тэрыторыях, забраных у Турцыі, плянавалася стварыць дзьве новыя вобласьці і былі ўжо прызначаныя першыя сакратары абкамаў. Адразу быў зацьверджаны плян: за наступныя чатыры гады вярнуць з-за мяжы да 400 тысяч армянаў. Перавага ў плянах аддавалася працаздольным.
І рэпатрыяцыя пачалася. Праўда, на пяць перасяленцаў толькі двое былі працаздольнымі, многія, як высьвятлялася, вярталіся дахаты на пэнсію альбо паміраць. Вяртанцы нечакана нарабілі клопату. Што зробіш: калі, напрыклад, 750 чалавек прыехалі з ЗША, 2000 з Францыі, то кантрасныя ўмовы жыцьця ў СССР іх мусілі жахнуць. Яны сталі ўцякаць у Турцыю. У СССР спроба перайсьці дзяржмяжу была цяжкім злачынствам, 110 рэпатрыянтаў былі арыштаваныя. Яшчэ 300 не пабаяліся афіцыйна заявіць, што яны расчараваныя і жадаюць вярнуцца туды, адкуль прыехалі. Міліцыянты складалі сотнямі пратаколы на рэпатрыянтаў, якія заняліся «спэкуляцыяй на рынках», каб выжыць у новых умовах.
Аднак савецкая ўлада ня мела звычкі выпускаць тых, хто ёй трапіўся ў рукі. Была пастаўленая задача ўзмоцніць кантроль мяжы і спыніць уцёкі. Рэпатрыянтаў, якія жылі ў блізкіх ад мяжы вёсках, сталі высяляць. А таксама тых, хто патрабаваў выпусьціць іх з СССР. Іх перасялялі ў іншыя месцы. Было вырашана пабудаваць у Армянскай ССР новыя памежныя заставы і павялічыць лічбу памежнікаў.
Калі спадзяваньні на турэцкія землі зрабіліся марнымі, цікавасьць да рэпатрыяцыі армянаў у Крамлі зьнікла, у 1949 годзе яе спынілі.
Сёньня Масква па-ранейшаму дбае пра Арменію, каб трымаць у сваім абсягу, але мяжы з Турцыяй, як і тэрытарыяльных прэтэнзій да яе, больш ня мае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.