Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты рыхтуюць марш пратэсту ва ўмовах падвышанай кансьпірацыі і заклікаюць ня браць бел-чырвона-белыя сьцягі

абноўлена

Беларускія студэнты 2 сьнежня ў Менску зьбіраюцца выйсьці на марш «Каханьне і салідарнасьць», але дакладнае месца і фармат мерапрыемства дагэтуль захоўваецца ў таямніцы.

Падрыхтоўка маршу праходзіць ва ўмовах падвышанай кансьпірацыі і цалкам ананімна. Імёны ініцыятараў, каардынатараў ці хаця б актывістаў пратэстнага руху дагэтуль невядомыя. З адмысловымі заявамі ў СМІ прадстаўнікі студэнцтва не выступалі і з журналістамі фактычна наагул не камунікуюць.

Інфармацыю пра марш і падрыхтоўку да яго можна знайсьці толькі ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» — у суполцы #студентыпротив і на старонцы «Марш студэнтаў». У суполцы #студентыпротив на дадзены момант больш за 2200 падпісчыкаў. На старонцы «Маршу студэнтаў» пацьвердзілі свой удзел у мерапрыемстве 290 чалавек і яшчэ 569 чалавек адзначыліся як «магчымыя ўдзельнікі».

Спроба карэспандэнта Радыё Свабода пагутарыць з адміністратарамі суполак была беспасьпяховай. Яны адказалі, што лідэраў ці каардынатараў пратэсту не існуе, а размаўляць са СМІ ў іх «няма маральных сілаў і часу».

Якім чынам студэнты павінны адстойваць свае правы?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:56 0:00
Наўпроставы лінк

Марш і ніякай палітыкі

Як паведамляецца ў суполках, Марш студэнтаў павінен прайсьці ў 13:50 у цэнтры Менску. Канкрэтнае месца будзе абвешчана ў суполцы незадоўга да пачатку. Падкрэсьліваецца, што акцыя будзе непрацяглай — ня больш за 1,5 гадзіны.

«Мы прапануем вам у сераду шпацыраваць у цэнтры і сачыць за навінамі ў групе. Як толькі будзе абвешчана месца — накіроўвацца да яго. Падказка: калі вы будзеце ў пазначаны час у раёне гэтага кола, то дойдзеце да месца пачатку маршу за 5–10 хвілін. Так што сачыце за навінамі!», — пішуць адміністратары суполкі.

Акрамя адмены платных пераздач, студэнты патрабуюць рэальнага студэнцкага самакіраваньня, «рэформы сыстэмы новаўвядзеньняў» у сфэры адукацыі, паўнавартаснага і роўнага ўключэньня ў кіраваньне ВНУ ўсіх зацікаўленых бакоў — адміністрацыі, выкладчыкаў і студэнтаў.

Актывісты руху «#студентыпротив» падкрэсьліваюць, што не зьбіраюцца рабіць з сваёй акцыі Плошчу, і кажуць пра сваю апалітычнасьць.

«Мы заўсёды падкрэсьлівалі і працягваем падкрэсьліць, што наш рух — гэта рух неабыякавых студэнтаў, якія перасталі маўчаць і закрываць вочы на несправядлівасьць. Мы таксама частка БДУ, але мы ня згодныя з тым, што адбываецца. Спробы адміністрацыі і іншых палітызаваць наш рух — жалю вартая правакацыя. Мы — апалітычныя! На гэтым кропка», — падкрэсьліваюць яны.

Арганізатары акцыі просяць не прыносіць на Марш студэнтаў ніякіх сьцягоў — ні партыйных, ні бел-чырвона-белых, а таксама ўстрымацца ад палітычных лёзунгаў і патрабаваньняў. «Мы заклікаем устрымацца ад спробаў узяць слова або ўзначаліць натоўп», — адзначаюць студэнты.

Тым часам на 13:30 2 сьнежня (Марш студэнтаў прызначаны на 13.50. — РС) адміністрацыя БДУ заплянавала сустрэчу з рэктарам Сяргеем Абламейкам, на якую запрашаюцца студэнты БДУ, якія жадаюць задаць пытаньне кіраўніцтву ўнівэрсытэту. «На працоўнай сустрэчы плянуецца абмеркаваць актуальныя пытаньні студэнцкага жыцьця», — гаворыцца на сайце БДУ.

Студэнты, у сваю чаргу, зьбіраюцца выкарыстаць гэтую сустрэчу ў сваіх мэтах. Яны плянуюць вылучыць дэлегатаў ад руху «#студентыпротив» для сустрэчы з рэктарам, каб «наўпрост сказаць рэктару пра існуючыя праблемы», але і ад маршу адмаўляцца не зьбіраюцца. «Дзясяткі будуць на сустрэчы, а сотні будуць падтрымліваць нас пад вокнамі БДУ!», — пішуць у суполцы.

Акрамя таго, актывісты прапануюць запісвацца на сустрэчу, каб атрымаць у адміністрацыі афіцыйнае вызваленьне ад лекцыяў на час маршу.

Мацкевіч: «На бязрыб’і і рак рыба»

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што значнасьць цяперашняй пратэстнай актыўнасьці беларускіх студэнтаў ня трэба перабольшваць.

«Як кажуць, „на бязрыб’і і рак рыба“. Наша студэнцтва і моладзь настолькі пасіўныя, залежныя, паслухмяныя і талерантныя, што нават гэты вельмі сьціплы і вельмі лякалізаваны пратэст ужо выклікае шмат рэакцыяў і разважаньняў. Я ня думаю, што гэта праява нейкай актывізацыі грамадзкай сьвядомасьці нашых студэнтаў. Можа, калі ўжо глядзець вельмі аптымістычна, можна дапусьціць, што гэта першая ластаўка. Але ўсё будзе залежаць ад таго, як будуць паводзіць сябе адміністрацыі ВНУ, у прыватнасьці БДУ, бо яны перапалоханыя і ўжо шукаюць нейкія кансьпіралягічныя вэрсіі, што за студэнтамі хтосьці стаіць — ну брыдка проста назіраць за такой рэакцыяй уладаў, якім нічога не пагражае і якія маглі б вырашыць гэтую сытуацыю вельмі проста — пайсьці на дыялёг са студэнтамі», — сказаў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

Мацкевіч ня бачыць вялікіх пэрспэктыў у цяперашняга студэнцкага руху.

Я цяпер бачу хутчэй падрыхтаванасьць уладаў і адміністрацыі БДУ да таго, каб задушыць у зародку гэтыя праявы

«Я цяпер бачу хутчэй падрыхтаванасьць уладаў і адміністрацыі БДУ да таго, каб задушыць у зародку гэтыя праявы (пратэстнай актыўнасьці. — РС). Зыходзячы з таго, што я ведаю (а я напэўна ня ўсё ведаю, бо ня маю цяпер дачыненьня да БДУ і студэнтаў) — гэта пакуль вельмі лякалізаваная актыўнасьць, і літаральна некалькі людзей да гэтага ўсур’ёз ставяцца. Незадаволеных шмат — гэта, напэўна, уся маса студэнтаў БДУ. Але гатоўнасьць да актыўнага супрацьстаяньня і нават да актыўнага дыялёгу з адміністрацыяй вельмі-вельмі малая», — упэўнены філёзаф.

На думку Мацкевіча, прычыны пасіўнасьці беларускага студэнцтва трэба шукаць у падзеях 90-х гадоў.

«Што тычыцца пасіўнасьці і талерантнасьці беларускага студэнцтва, то тут трэба разгарнуць вялікую аналітыку, бо гэта рабілася наўмысна. У 95–96 гадах, калі студэнты маглі стаць рухальнай сілаю масавых пратэстаў і дэмакратызацыі краіны, былі прынятыя меры з боку Міністэрства адукацыі і адміністрацыі дзяржаўных унівэрсытэтаў, каб гэтую актыўнасьць пагасіць. Скажам, тыя меры, якія прымаў Казулін, як быў рэктарам, былі накіраваныя менавіта на гэта. І за некалькі год, трэба сказаць, улады справіліся і сапраўды перавялі студэнцкую актыўнасьць ніжэй за плінтус, зьвялі яе да нуля. Гэтаму спрыялі і эканамічныя пэўныя чыньнікі, і правілы паступленьня, і адсутнасьць самакіраваньня (ня толькі студэнцкага, а наагул самакіраваньня ўнівэрсытэцкага). А таксама пэўныя псэўдапалітычныя структуры кшталту БРСМ (спачатку БПСМ) і кішэнныя органы, створаныя адміністрацыяй, пад назвай „студэнцкае самакіраваньне“», — лічыць ён.

Мацкевіч таксама зьвяртае ўвагу, што распаўсюджаная думка, згодна зь якой студэнты ва ўсіх краінах — рухавік пратэстаў, — гэта хутчэй міт.

«Сапраўды, высокая студэнцкая актыўнасьць характэрная для некаторых этапаў у некаторых дзяржавах. Усе пра гэта ведаюць і таму ўскладаюць на гэта пэўныя спадзяваньні. Але насамрэч большая частка студэнтаў у звычайныя часы ня вельмі выразная ў палітычным сэнсе», — кажа ён.

Нагодай для цяперашніх студэнцкіх пратэстаў стаў намер адміністрацыі БДУ ўвесьці плату за пераздачу іспытаў і залікаў. 11 лістапада студэнты падалі ў адміністрацыю БДУ пэтыцыю з 2515 подпісамі супраць увядзеньня платы за пераздачу.

У адказ на гэта рэктар БДУ Сяргей Абламейка выступіў з заявай, у якой заклікаў «унівэрсытэцкую супольнасьць ня даць уцягнуць нас у правакацыйныя дзеяньні трэціх сіл». «Вы можаце быць уцягнутымі ў „палітычныя гульні“ бяз вашай волі і жаданьня. Наступствы такіх „гульняў“ не заўсёды прадказальныя», — падкрэсьліў Абламейка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG