Так ён адрэагаваў на заклік правесьці ў Менску марш студэнтаў.
Заява апублікавана на сайце БДУ.
«БДУ абураны спробамі некаторых арганізацый перавесьці абмеркаваньне пытаньня аб увядзеньні платы за пераздачу залікаў і экзамэнаў з выключна адукацыйнай і прававой ў палітычную плоскасьць. Лічым непрымальнымі спробы ўцягнуць студэнтаў нашага унівэрсытэта і іншых унівэрсытэтаў краіны ў дэструктыўныя працэсы, закліканыя раскалоць акадэмічную супольнасьць, скампрамэтаваць сыстэму вышэйшай адукацыі краіны», — гаворыцца ў заяве рэктара Абламейкі.
Ён заклікаў студэнтаў быць «асабліва пільнымі». «Вы можаце быць уцягнутымі ў „палітычныя гульні“ без вашай волі і жаданьня. Наступствы такіх „гульняў“ не заўсёды прадказальныя», — падкрэсьліў Абламейка.
Паводле рэктара, апошнім часам у публікацыях у некаторых СІМ зьявілася «недакладная і правакацыйная інфармацыя пра БДУ». Ён адзначыў, што дзеля якасьці адукацыі і прэстыжу дыплёма, БДУ ўвёў плату за пераздачу залікаў і экзаменаў. Паводле рэктара, «інфармацыя аб тым, што меў месца „ціск“ на студэнтаў БДУ не адпавядае рэчаіснасьці».
Студэнты БДУ выступілі супраць увядзеньня платных пераздач і сабралі больш за 2500 подпісаў, якія былі перададзеныя ў рэктарат і Мінадукацыі. У сацсетцы «Вконтакте» паўстала група «# студентыпротив», , якая паведаміла пра намер заявіць на ВНУ ў пракуратуру, калі аплата за пераздачы будзе ўведзена. Аднак 12 лістапада рэктар БДУ падпісаў палажэньне аб платных пераздачах.
Актывісты руху «# студентыпротив» заплянавалі 2 сьнежня правесьці ў Менску марш студэнтаў, каб запатрабаваць адмены платных пераздачаў.