«Я чуў гэтыя папярэджаньні некалькі разоў. Частку запісаў на свой тэлефон, калі адчуў, што можа адбыцца нешта сур’ёзнае» — паведаміў лібанскі лётчык тэлеканалу Al Arabiya на ўмовах ананімнасьці.
Расейскі Су-24 быў зьбіты турэцкім зьнішчальнікам F-16 раніцай 24 лістапада на турэцка-сырыйскай мяжы. Турэччына сьцьвярджае, што бамбавік парушыў яе паветраную прастору і праігнараваў неаднаразовыя папярэджаньні. Міністэрства абароны Турэччыны апублікавала аўдыёзапіс, на якім, як яно сьцьвярджае, турэцкія вайскоўцы просяць расейскі бамбавік зьмяніць свой курс.
Расейскія ўлады настойваюць, што Су-24 знаходзіўся ў небе над сырыйскай тэрыторыяй. Расейскія СМІ распаўсюдзілі інтэрвію з чалавекам, які, як яны сьцьвярджаюць, зьяўляецца ацалелым штурманам Су-24 Канстанцінам Мурахцінам. Гэты чалавек, твару якога не відаць на відэазапісе, заяўляе, што турэцкія лётчыкі не папярэджвалі расейскі экіпаж аб парушэньні паветранай прасторы Турэччыны перад тым, як адкрыць агонь. Паводле яго словаў, зь імі не было «ні радыёабмену, ні візуальнага кантакту», а ракета «прыйшла ў хвост самалёта раптам».