Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парэшткі людзей зь «віцебскіх Курапатаў» пахаваюць без экспэртызы


Страшныя знаходкі
Страшныя знаходкі

У лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну цяпер працуе пошукавы батальён. Год таму актывісты КХП БНФ паведамілі ў міліцыю і пракуратуру пра знойдзеныя ў лесе чалавечыя парэшткі, але вынікі дасьледаваньняў у гэтай справе ад іх хаваюць.

Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў апытаў мясцовых жыхароў. Паводле іхных успамінаў, у лесе каля вёскі Хайсы адбываліся сталінскія расстрэлы. Мясцовыя ўлады выказалі іншую вэрсію — што чалавечыя парэшткі належаць ахвярам Вялікай айчыннай вайны. Старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна зьвярнуўся ў ваенкамат, каб сюды даслалі адмысловы пошукавы батальён, і ўжо месяц прадстаўнікі гэтага падразьдзяленьня займаюцца эксгумацыяй парэшткаў.

Парэшткі складаюць у цыратовыя мяхі
Парэшткі складаюць у цыратовыя мяхі

Пасьля эксгумацыі чалавечыя косткі і рэчы, знойдзеныя ў раскопах, перадаюць мясцовым уладам. І тыя мусяць вырашыць пытаньне зь перапахаваньнем — такі альгарытм дзеяньняў пошукавага батальёну. Вайскоўцы не займаюцца арганізацыяй сьледчых або навуковых экспэртызаў, і ўвогуле працуюць толькі ў тых месцах, дзе праходзілі баявыя дзеяньні. Такім чынам, мясцовыя чыноўнікі ўжо загадзя вызначылі лёс парэшткаў невядомых ахвяраў — «запісалі» іх у «ахвяры вайны».

Віцебскія актывісты, якія стварылі грамадзкую ініцыятыву «Хайсы», пэрыядычна прыяжджаюць у тыя мясьціны, дзе ў вялікіх ямах ляжалі чалавечыя парэшткі. Але вайскоўцы-пашукавікі ня дзеляцца падрабязнасьцямі наконт знойдзенага. Паводле Яна Дзяржаўцава, стваральніка грамадзянскай ініцыятывы, у ямах з парэшткамі былі знойдзены некалькі савецкіх манэт, выпушчаных у 1931-1936 гады, шмат фрагмэнтаў адзеньня, у тым ліку фрагмэнты «нямецкага кіцеля» і «кавалерыйскіх ботаў», як сказалі пашукавікі. Аднак няма ні нямецкіх мэдальёнаў, ні іншых значных прыкметаў пахаваньня вайскоўцаў. Асабліва шмат знойдзена фрагмэнтаў абутку, і мужчынскага, і жаночага. Але абутак ужо зьнявечаны — са зрэзанымі абцасамі. У гэтай дэталі пашукавікі бачаць прыкметы дзейнасьці «чорных капальнікаў», якія пабывалі тут гадоў 20 таму. Падобна, што яны перакапалі ўзьлесак у пошуках каштоўнасьцяў. А ювэлірныя вырабы людзі ў зьняволеньні найчасьцей так і хавалі ад рабаўнікоў — у абутку, паміж падэшвай і абцасам. Да ўсяго, у знойдзеных чарапах з кулявымі адтулінамі практычна няма цэлых сківіцаў — гэта адзнака таго, што мэтай «чорных капальнікаў» былі залатыя зубы...

У раскопах знаходзяць рэчы — фрагмэнты адзеньня і абутку
У раскопах знаходзяць рэчы — фрагмэнты адзеньня і абутку

Мазалаўскаму сельсавету перададзена ня менш як 40 цыратовых мяхоў з чалавечымі косткамі. Паводле прыблізных падлікаў, знойдзеныя парэшткі належаць 140 асобам. Але высьветляць, што гэта былі за людзі, ніхто не зьбіраецца. Актывісты мяркуюць, што косткі пахаваюць у нейкай «брацкай магіле» і пастараюцца не прыцягваць да гэтага ўвагі шырокай грамадзкасьці, каб не паўставала праблем зь мясцовым насельніцтвам, якое згадвае пра даваенныя сталінскія расстрэлы.

«Такі досьвед у нас ужо быў. Чалавечыя парэшткі, якія некалькі месяцаў таму Сьледчы камітэт браў адсюль на экспэртызу, ужо пахавалі ў нікому не вядомым месцы. На нашы пісьмовыя запыты адказалі толькі адно — што «косткі былі перададзеныя службам ЖКГ для перапахаваньня», — кажа Ян Дзяржаўцаў.

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Ён падкрэсьлівае, што актывістаў знарок адсоўваюць ад гэтай справы, аргумэнтуючы тым, што яны — пабочныя асобы. Не спрацоўвае нават той аргумэнт, што досьледы пачаліся непасрэдна пасьля іхнага звароту: актывістам патлумачылі, што яны пісалі заявы пра парэшткі ў абласныя структуры сьледчага камітэту, міліцыі і пракуратуры, а іх потым перанакіравалі ў раённыя падразьдзяленьні. Такім чынам, актывісты ўжо не «заяўнікі». І ня могуць разьлічваць на тое, што ім паведамяць вынікі ранейшых экспэртызаў або месца будучага пахаваньня знойдзеных парэшткаў. Для таго, каб працягваліся досьледы акалічнасьцяў і часу сьмерці невядомых ахвяраў, актывісты зрабілі ўсё магчымае. Але цяпер парэшткі невядомых асобаў апынуліся выключна «ў падпарадкаваньні» мясцовых уладаў.

Пасьля эксгумацыі ямы засыпаюць
Пасьля эксгумацыі ямы засыпаюць

Пошукавы батальён пасьля эксгумацыі костак засыпае глыбокія ямы жвірам, і праз колькі год у гэтым лесе не застанецца і сьледу ад невядомых чалавечых трагедый. Аднак засыпаюць толькі тыя ямы, у якіх на дне ляжалі косткі. Іншыя, менш глыбокія ямы, пакідаюць як ёсьць. І няма аніякай гарантыі, што праз пэўны час тут зноў ня зьявяцца «чорныя капальнікі».

Самаробны мэмарыял у лесе
Самаробны мэмарыял у лесе

Актывісты ствараюць каля вёскі Хайсы самаробны мэмарыял — ставяць крыжы ў памяць пра невядомых ахвяраў. Гэтыя пяць крыжоў сёлета ў верасьні былі зьнішчаныя невядомымі вандаламі. Чатыры крыжы ўдалося знайсьці — іх адшукалі ў лесе самі актывісты, а таксама супрацоўнікі міліцыі, якія заняліся пошукамі па заяве Яна Дзяржаўцава. Замест пятага актывісты ініцыятывы «Хайсы» усталявалі 29 кастрычніка новы крыж з памятнай шыльдай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG