Афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею, які першапачаткова павінен быў адбыцца 25-26 лістапада, перанесены «ў сувязі з загружанасьцю працоўных графікаў прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі».
«На першы погляд, усё выглядае нібыта лягічна, — адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Пуцін вельмі заняты антытэрарыстычнымі справамі. Ён праводзіць нарады з вайскоўцамі, чакае прэзыдэнта Францыі, зь якім будзе абмяркоўваць узмацненьне барацьбы з міжнародным тэрарызмам. А тут яшчэ гісторыя з расейскім вайсковым самалётам, якога зьбілі турэцкія лётчыкі.
Агульны аргумэнт можна сфармуляваць так — у Масквы сёньня ёсьць справы, важнейшыя за беларускія. Але толкам мы дагэтуль ня ведаем, якія канкрэтна пытаньні зьбіраліся абмеркаваць Пуцін і Лукашэнка. Называлася шмат чаго, у тым ліку і стварэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі.
Павінна было адбыцца і паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай саюзнай дзяржавы. А яно праводзіцца пад старшынствам Лукашэнкі. Да таго ж гэтым разам меркавалася гаварыць якраз пра абарончы складнік гэтай дзяржавы.
Аднак выглядае, што перанос сустрэчы ўсё ж найперш тлумачыцца „турэцкай“ вэрсіяй. І разам з тым гэта гучыць не зусім пераканаўча».