Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычына пераносу візыту Лукашэнкі ў Маскву непераканаўчая — Класкоўскі


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею перанесены «ў сувязі з загружанасьцю працоўных графікаў прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што гэта тлумачэньне «не надта пераканаўчае, усё ж маглі разьлічыць».

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён пракамэнтаваў сытуацыю так:

«Найхутчэй, у Пуціна зьявіліся вялікія праблемы, сярод іншага зьбіты туркамі самалёт. І наогул выглядае, што сёньня Крамлю трэба тэрмінова разрульваць вось гэтыя новыя міжнародныя праблемы. Пуцін хацеў разьмяняць Данбас на Сырыю, пайшоў на новую авантуру і вось яна таксама відавочна вылазіць бокам. Я думаю, у Маскве маглі вырашыць, што Лукашэнка нікуды не падзенецца, што гэты візыт больш Лукашэнку патрэбны, чым Пуціну і далі адбой.

Тады на нейкі час пераносіцца пытаньне пра расейскую авіябазу, бо выглядала, што Масква хацела даціснуць Лукашэнку падчас гэтай сустрэчы. Але само пытаньне, натуральна, не здымаецца. І тут бабуля на двае варажыла, як апошнія падзеі адаб’юцца. Адзін варыянт, паколькі канфрантацыя Расеі з НАТО ўзмацняецца, то Масква будзе адпаведна больш ціснуць, каб тут і сваю базу праціснуць. А зь іншага боку, магчыма, будзе Пуціну акурат не да таго і ня тая сытуацыя, каб надта выкручваць рукі беларускаму партнэру. Ва ўсякім разе гэты перанос ў пэўнай ступені грае на карысьць Лукашэнкі.

Хаця ўсё адно сёньня шалёная эканамічная залежнасьць ад Масквы, трэба зноў прасіць у яе дапамогі, гэты эўразійскі крэдыт. І так ці іначай на гэтых перамовах будзе дыктаваць сваю волю па вялікім рахунку Пуцін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG