Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч ацаніў ініцыятыву Мікалая Чаргінца паставіць помнік народнаму пісьменьніку Васілю Быкаву ў Менску.
«Калі такая постаць, як Чаргінец, малюе сябе сябрам Быкава, гэта агідна. Але ж з такой авечкі хоць воўны клок. А можа, у яго прабілася сумленьне? Хаця тое, што ў яго нешта чалавечае прачнецца, мала верагодна. Калі я памыляюся, буду вельмі цешыцца з гэтай нагоды. Пасьля трыюмфу Сьвятланы Алексіевіч, пасьля вялікага посьпеху беларускай культуры, калі сапраўды нешта зьмянілася, буду вельмі цешыцца.
Чаргінец застанецца Чаргінцом, хоць ты асып яго кветкамі. Так што чакаць нечага выбітнага ад такіх людзей ня трэба. Што да чырвонай зоркі... Ведаеце, можна і так трактаваць Быкава, з чырвонай зоркай. Але гэта значыць — яго не разумець. А прэтэндаваць, каб Чаргінец разумеў, хто такі Быкаў, гэта занадта. Вы ж ведаеце, у свой час, калі наш „усенароднаабраны“ заявіў, што ён вучыўся на вершах Быкава, пісаў вершы, Чаргінец пачаў таксама гаварыць, што Быкаў пісаў вершы і нават паказваў яму, але не друкаваў. Адкуль тады „ўсенароднаабраны“ мог іх заўважыць? Гэта быў спосаб падлізацца праз імя Быкава да нашага „ўсенароднаабранага“. Так што гэта чарговы захад такі. Шукаць сумленьне, тым больш беларушчыну і прыстойнасьць нейкую, у Чаргінцы ня трэба. Добра Генадзь Бураўкін некалі сказаў, што Чаргінец — лепшы пісьменьнік сярод міліцыянтаў, і лепшы міліцыянт сярод пісьменьнікаў.
Я за тое, каб помнік быў. Але ўсё трэба рабіць па-людзку. У цывілізаванай дзяржаве такія рэчы робяцца па-іншаму: абвяшчаецца конкурс. Але тут жа трэба, каб зьвярнулі ўвагу на той паганы пісьменьніцкі саюз, які ўзначальвае Чаргінец. Гэта антыбеларускі саюз. Гэта прапаганда агіднага падыходу да памяці вялікага чалавека. Без конкурсу, без абмеркаваньня ў прыстойнай кампаніі нельга гэта рабіць. Але лепш так, каб нічога не рабіць».