Былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень, апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч заклікае правесьці вулічную акцыю памяці, прымеркаваную да 19-й гадавіны рэфэрэндуму 1996 году.
«Акцыя пачынаецца а 18 гадзіне каля ГУМу, але гэта толькі месца збору. Фармат акцыі выкліканы нагодай — а гэта рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году, калі ў выніку сфальшаванага рэфэрэндуму была настолькі зьмененая Канстытуцыя, што яна перастала быць Канстытуцыяй, а ў Беларусі была ўсталяваная дыктатура. Гэтаму супраціўляліся. Лукашэнка пазбавіў пасадаў двух чалавек. Да рэфэрэндуму пазбавіў пасады міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а потым, у час рэфэрэндуму, зьняў з пасады старшыню Цэнтравыбаркаму Віктара Ганчара. А потым, у 1999 годзе, гэтыя людзі былі выкрадзеныя і забітыя. Мы ня ведаем, дзе гэтыя людзі пахаваныя, але ведаем, дзе яны працавалі. Мы плянуем прыйсьці да гэтых месцаў, да Міністэрства ўнутраных спраў і Цэнтравыбаркаму, і там сьвечкамі ўшанаваць памяць пра гэтых герояў, якія загінулі за нашу свабоду», — распавёў Мікалай Статкевіч карэспандэнту Свабоды.
Мікалай Статкевіч плянуе, што акцыя пройдзе «спакойна», а ў грамадзтве стане «крыху менш страху». На думку палітыка, у Беларусі страх лякалізуецца ў пэўных вядомых грамадзкасьці месцах, а калі акцыя пройдзе спакойна, гэта стане паказальным для тысяч людзей, якія будуць «назіраць і перажываць». Варыянт з разгонам ці рэпрэсіямі адносна ўдзельнікаў акцыі Мікалай Статкевіч разглядае як падставу для некаторых эўрапейскіх палітыкаў перагледзець падыходы да афіцыйнага Менску. «Бо ў іх вачах чапаць людзей, які прыйшлі са сьвечкамі ўшанаваць памяць пра забітых — гэта дзікунства ў апошняй стадыі», — кажа спадар Статкевіч. «Тады ў спадара Макея ня хопіць аргумэнтаў, каб патлумачыць такія дзеяньні ўладаў».
Ці будуць на акцыі палітычныя лёзунгі? Паводле Мікалая Статкевіча, у сацыяльных сетках некаторыя наведнікі казалі, што будуць браць з сабой на акцыю зьнічкі ды лямпадкі, а таксама партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў. Мікалай Статкевіч гэта ўхваліў, а наконт палітычных лёзунгаў сказаў, што задуманы фармат акцыі гэтага не прадугледжвае.
24 лістапада 1996 году ў Беларусі прайшоў другі за новую гісторыю краіны рэфэрэндум. Тады галасавалі за два блёкі пытаньняў: блёк прэзыдэнта і блёк Вярхоўнага Савету. Афіцыйныя вынікі сьведчаць пра падтрымку народам прэзыдэнта і пра непадтрымку Вярхоўнага Савету. У прыватнасьці, большасьць людзей выказалася за перанос Дня незалежнасьці на Дзень вызваленьня Менску 3 ліпеня, за зьмены ў Канстытуцыі, якія павялічылі прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі на 2 гады і пашырылі ўладныя паўнамоцтвы прэзыдэнта, а таксама супраць куплі й продажу зямлі ды супраць адмены сьмяротнае кары. А што да пытаньня Вярхоўнага Савету «Ці згодныя вы, што фінансаваньне ўсіх галінаў улады павінна ажыцьцяўляцца публічна і толькі зь дзяржаўнага бюджэту?», дык 65 адсоткаў беларусаў адказалі адмоўна. У апазыцыі гэта назвалі ўскосным доказам фальшаваньня.
Рэфэрэндум 1996 году адразу прызнала Расея, але так і не прызналі ў краінах Эўразьвязу, ЗША і большасьці краінаў дэмакратычнага сьвету. Шмат хто ў беларускім грамадзтве лічыць, што вынікі рэфэрэндуму ўладамі былі сфальшаваныя.