Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Жызьнеўская: «Ня трэба былі б ні званьні, ні стыпэндыі, абы толькі Міша быў жывы...»


Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага, архіўнае фота
Бацькі Міхаіла Жызьнеўскага, архіўнае фота

Бацькі героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч вярнуліся з Кіева, дзе афіцыйна адзначалася другая гадавіна пачатку Эўрамайдану. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прызначыў бацькам пажыцьцёвую стыпэндыю за загінулага сына.

Ніна Жызьнеўская апавядае, што ў Кіеве бацькоў ды сваякоў загінулых на Майдане герояў Нябеснай Сотні запрасілі ў рэзыдэнцыю ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі на адмысловую сустрэчу. З прэзыдэнцкай адміністрацыі за імі замацавалі куратарку Лесю, якая займалася ўсімі арганізацыйнымі справамі — сустракала, праводзіла ў адміністрацыю, ладзіла паездку на месцы, дзе былі барыкады і загінулі абаронцы Эўрамайдану. На сустрэчы ўкраінскі лідэр заявіў, што Майдан зьмяніў гісторыю ня толькі Ўкраіны, але і Эўропы і сьвету.

Жызьнеўская: «Пачалася сустрэча ў Кіеве ў рэзыдэнцыі Парашэнкі. Там ён стол для нас арганізаваў — каву, чай, крыху перакусіць. Пра Майдан распавядаў. Згадаў, што 22 студзеня загінулі Сяргей Нігаян і наш Міхась Жызьнеўскі. Уяўляеце, Парашэнка нас зь Пятровічам пазнаў. Глядзеў то на мяне, то на мужа. Заўважыў, што я сядзела, а ў мяне сьлёзы каціліся самі па сабе. Яшчэ сказаў Парашэнка, што пытаньне з наданьнем званьня Героя Ўкраіны Мішу будзе вырашацца пасьля таго, як Вярхоўная Рада Ўкраіны прыме адпаведны законапраект. Парашэнка запэўніў: як толькі Рада прыме адпаведны законапраект, ён адразу падпіша ўказ аб прысваеньні Мішу Героя Ўкраіны».

Міхаіл Жызьнеўскі на майдане ў Кіеве
Міхаіл Жызьнеўскі на майдане ў Кіеве

Нечаканасьцю для бацькоў была заява прэзыдэнта Ўкраіны пра адмысловую стыпэндыю:

«Потым Парашэнка сказаў, што нам пажыцьцёва будзе выплачвацца стыпэндыя імя Міхася Жызьнеўскага. Якая — гэта ўжо будзе вызначаць Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Ўкраіны».

Ніна Васільеўна кажа, што ўдзячная кіраўніцтву Ўкраіны за ўвагу і клопат, але дапамога кожны раз будзе нагадваць, што за гэта сын заплаціў сваім жыцьцём:

«Ня трэба былі б ні званьні, ні стыпэндыі, абы толькі Міша быў жывы.Гэта мой боль, гэта мая мука. І адчуваю, што кожны раз, калі буду атрымліваць гэтыя грошы, проста ня будзе сілы пад імі ставіць подпіс, ведаючы, што за імі — заплачанае жыцьцё сына. І мне гэта надзвычай цяжка».

Бацькі ў Кіеве пабывалі на месцы гібелі сына на вуліцы Грушэўскага і каля ўсталяванага паблізу ўкраінскімі ўладамі мэмарыяльнага помніка яму, павесілі гірлянду і ўсклалі кветкі. Родныя герояў Нябеснай Сотні запалілі зьнічы.

Міхаіл Пятровіч заўважае, што ва Ўкраіне героям Нябеснай Сотні прысьвячаюць багата вершаў, песень. Згадваюць і пра іхняга Мішу. Бацька разгортвае кніжку і чытае верш Мікалая Гуцуляка, напісаны па-расейску:

Пусть украсят на фресках
Украинский Майдан
Белорусский Жизневский,
Армянин Нигоян.

Бацькі Міхаіла ня лічаць, што бліжэйшым часам тут, у Гомелі, нешта зьменіцца ва ўшанаваньні памяці Мішы, бо без каманды зьверху ні ў школе, ні ў спартовым клюбе, дзе ён займаўся, ні ў іншым месцы ніхто не асьмеліцца пачапіць нават фатаздымак зь ягонай біяграфіяй, а ня тое што аформіць стэнд ці нейкі адмысловы куток.

Жызьнеўская: «Нішто тут не дапаможа — ні актывісты, ні добразычлівыя беларусы, якія шануюць памяць пра Мішу. Ніхто тут ня будзе клапаціцца пра ягоную памяць — ні ў школе, ні дзе яшчэ. Пра памяць ніхто ня будзе клапаціцца, пакуль не дадуць каманды. А каманды такой ня будзе. Уладам ня трэба, каб моладзь пакланялася Мішу як герою, які загінуў за Свабоду. Ім патрэбная іншая моладзь — паслухмяныя авечкі».

Ніна Жызьнеўская чытае ліст зь Менску
Ніна Жызьнеўская чытае ліст зь Менску

Ніна Васільеўна паведаміла, што грамадзкія актывісты яшчэ да яе паездкі ў сталіцу Ўкраіны адрэстаўравалі надмагільны помнік Мішы, на якім ня так даўно невядомыя вандалы надрапалі вострым прадметам слова «предатель». Міліцыя пакуль не знайшла зламысьніка. Ахоўнікі парадку наагул схільныя лічыць, што гэта зрабілі дзеці. Жызьнеўскія не пагаджаюцца:

«Мы ўсе глядзелі на гэтае слова — яно напісана цьвёрдаю мужчынскаю рукою. Літары роўныя, нахіл аднолькавы — як пад лінейку. Нам кажуць: маўляў, дзеці ўчынілі. Дзеці так напісаць ня могуць. Дый галава іх забіта інтэрнэтам, а не бегатнёю па могілках і пісаньнем слова „предатель“ на помніках. Я ніколі ў гэта не паверу. Мяркую, што міліцыя ведае, хто гэта зрабіў».

Жызьнеўская распавяла таксама, што праз актывістаў яна нарэшце пазнаёмілася з адкрытым лістом народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі ў абарону яе сям’і. Маці героя Нябеснай Сотні надзвычай удзячная Зінаідзе Аляксандраўне, усім іншым беларусам і ўкраінцам за добрыя словы і памкненьні — у іх ёсьць і спадзеў на сапраўды народную памяць па сыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG