Украінцы з горада Запарожжа накіравалі ў Беларусь на адрас Аляксандра Лукашэнкі ліст у абарону помніка герою Нябеснай Сотні Міхасю Жызьнеўскаму. Ініцыятарам звароту стаў запарожац Пятро Сіненка, бацька загінулага актывіста Аўтамайдану Сяргея Сіненкі.
Сіненка-старэйшы мінулым летам зь некаторымі іншымі чальцамі дружыны ў падтрымку герояў Нябеснай Сотні прысутнічаў на адкрыцьці помніка Міхасю Жызьнеўскаму на родавых могілках пад Гомелем. Тады ён і даведаўся, што ў Беларусі вельмі па-рознаму ставяцца да ўдзелу Жызьнеўскага ва ўкраінскім пратэсьце. А калі ўвосень невядомыя вандалы пазьдзекаваліся з помніка, надрапалі на ім па-расейску слова «предатель», Пятро Сіненка ініцыяваў электронны зварот да Аляксандра Лукашэнкі, пад які падпісаліся 25 запарожцаў.
«У прыёмнай прэзыдэнта мы нам пацьвердзілі, што ліст атрымалі», — кажа Пятро Сіненка.
Запарожцы спадзяюцца, што пасьля звароту непасрэдна да кіраўніка беларускай дзяржавы помнік Жызьнеўскаму будзе больш надзейна абаронены. І сям’я загінулага Міхаіла зможа пачувацца спакайней. Грамадзкія актывісты Гомеля адрэстаўравалі помнік пасьля пашкоджаньня невядомымі вандаламі — грошы на аднаўленьне выдаткавала Беларуская дзяржаўная страхавая кампанія.
«Цяпер для мяне найгалоўнейшы ў цывільным жыцьці клопат наконт прысваеньня беларусу Міхасю Жызьнеўскаму, а таксама грамадзянам Грузіі Зурабу Хурцію і Давіду Кіпіяні, званьня Героя Ўкраіны. Гэта наша такая мара», — сказаў Радыё Свабода Пятро Сіненка з Запарожжа, які пасьля сьмерці сына і сам стаў актыўным удзельнікам Эўрамайдану.