Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Горад чэмпіёнаў — Чаму на эўракубках зарабляе Менск, а не Барысаў


Заўтра ў Барысаве пройдзе чарговы матч Лігі Чэмпіёнаў: да БАТЭ прыяжджае нямецкі «Баер». За сем год гульні ў эўракубках менавіта з Барысавам многія замежнікі сталі асацыяваць Беларусь. А як сусьветная слава паўплывала на росквіт турызму ў горадзе? Журналісты зьезьдзілі ў «спартовую сталіцу», каб даведацца, чаму далей за «Барысаў-Арэну» не заяжджаюць ані футбалісты, ані турысты.

Гістарычнае месца, дзе нікому нічога ня трэба

Толькі сёлета ў Барысаве гулялі легендарныя футбольныя клюбы «Рома» й «Барсэлёна». Пакуль не пабудаваны нацыянальны стадыён у Менску, на «Барысаў-Арэне» праходзяць матчы нацыянальнай зборнай. Ніколі ў гісторыі ў ніводзін горад Беларусі не прыяжджала так шмат зорных камандаў.

На чыгуначным вакзале ў Барысаве
На чыгуначным вакзале ў Барысаве

Але суьсветная вядомасьць ніякі не паўплывала на колькасьць турыстаў у горадзе. Па цэнтры Барысава ня ходзяць гіды з прапановай правесьці экскурсіі. Няма тут ніякіх указальнікаў на стары горад, няма інфармацыйных цэнтраў.

Акрамя футболу, горад яшчэ ведаюць па пераправе Напалеона празь Бярэзіну. Штогод тут праходзіць сьвяткаваньне з удзелам рэканструктарскіх клюбаў.

У гістарычным цэнтры, што ў супрацьлеглым раёне горада ад «Барысаў-Арэны». Футбольныя турысты сюды амаль не заязджаюць
У гістарычным цэнтры, што ў супрацьлеглым раёне горада ад «Барысаў-Арэны». Футбольныя турысты сюды амаль не заязджаюць

Справа ў тым, што футбольныя турысты не заяжджаюць далей за «Барысаў-Арэну», а рэканструктары — далей за Брылёўскае поле й вёску Студзёнку. Коратка й ёміста нам тлумачыць такое становішча Аляксандар, таксіст, што вязе карэспандэнтаў з вакзалу да новай футбольнай арэны.

«Разумееце, Барысаў — вельмі гістарычнае месца, — кажа Аляксандар. — Але нікому тут нічога ня трэба. Сюды хто толькі не прыяжджаў! „Барсэлёна“, „Рома“ вось нядаўна былі. Быў старшыня клюбу па спадчыне Напалеона. І што з таго? Ды ў нас нават няма нармальнага гатэля. Савецкі клапоўнік толькі».

Іншымі словамі гэтую праблему апісвае Вячаслаў Скварчэўскі, намесьнік начальніка аддзелу адукацыі, спорту й турызму.

Тыповая прамзона ў цэнтры горада
Тыповая прамзона ў цэнтры горада

«Адсутнасьць у горадзе дабротнай гасьцініцы адбіваецца на гэтым, — кажа Скварчэўскі. — Як правіла, у горадзе мы заўзятараў ня бачым. Такія нашы рэаліі».

English? Нет, там тоже нет. No

На ўвесь Барысаў — вялікі прамысловы горад, дзе жыве 145 тысяч чалавек, — літаральна адзін гатэль — «Бярэзіна». Але нават у райвыканкаме кажуць, што гэта ня тое месца, дзе б пагадзіліся пасяліцца замежныя турысты.

Галоўны гатэль горада — «Бярэзіна»
Галоўны гатэль горада — «Бярэзіна»

«Патрэбны гатэль прынамсі на тры зоркі, — кажа Скварчэўскі. — А ў нас такога няма. Цяпер жа век інтэрнэту, турысты ведаюць, куды едуць».

Але нават «Бярэзіны» няма на онлайн-сэрвісе па браніраваньні гатэляў booking.com. Усё, што выдае «букінг», — тры гатэлі за горадам і адна аграсядзіба ў самім Барысаве.

Дзеля экспэрымэнту тэлефануем у «Бярэзіну» й спрабуем замовіць нумар па-ангельску.

— Hello, is it «Berezina» hotel?

— Березина!

— Do you speak English?

— No

— Can you call anyone I can talk to?

— Вам нужен номер?

— Well, I’d like to book a room for three people from Monday to Thursday.

— Так, комната на четыре человека... Позвоните по телефону 73-13-27, я думаю, что там решат ваш вопрос.

— Can you repeat in English?

— Нет. Там тоже нет. No.

І дзе тады разьмяшчаюць турыстаў? Па словах Вячаслава Скварчэўскага, для камандзіровачных буйныя прадпрыемствы маюць уласныя нумары, а турыстаў звычайна развозяць па аграсядзібах вакол Барысава.

«Французы часьцей за ўсё прылятаюць у аэрапорт, жывуць у Менску, і ў Барысаў прыяжджаюць непасрэдна на Бярэзіну й Студзёнку», — кажа экскурсавод Натальля Каладзёжная.

Дом-музэй Каладзеева — галоўная атракцыя ў новай частцы горада. Але знайсьці яго самастойна ня вельмі проста
Дом-музэй Каладзеева — галоўная атракцыя ў новай частцы горада. Але знайсьці яго самастойна ня вельмі проста

Аналягічны маршрут і ў футбольных фанатаў. І хоць з Нацыянальнага аэрапорту можна трапіць наўпрост у Барысаў, не заяжджаючы ў Менск, шлях турыстаў ляжыць менавіта праз сталіцу.

«Заўзятары — у Менску, і да нас прыяжджаюць толькі на гульні, — кажа Скварчэўскі. — На „Барысаў-Арэне“ ёсьць сувэнірная крама й кавярні, таму яны нярэдка праводзяць час перад матчам якраз там».

Замест указальнікаў тут ставяць міліцыю

На «Барысаў-Арэне» сапраўды вельмі разьвітая інфраструктура — нашмат лепшая, чым у горадзе. На другім ярусе падчас матчаў працуюць чатыры кавярні. Але нават у будзённы дзень, калі няма футболу, сюды прыяжджае багата людзей.

Бадай найлепшая трэнажорная заля ў горадзе — на «Барысаў-Арэне»
Бадай найлепшая трэнажорная заля ў горадзе — на «Барысаў-Арэне»

«У нас найлепшая трэнажорная заля ў горадзе, — кажа Тацяна Баранава, намесьніца дырэктара па асноўнай дзейнасьці „Барысаў-Арэны“. — Дзьве залі на 500 мэтраў, а навокал — прырода, можна тут прагуляцца».

У звычайны будзённы дзень праз залю праходзіць больш за 100 чалавек. Суседні ўваход — дзіцячая пляцоўка з горкамі, настольнымі гульнямі й сымулятарамі. Тут жа — дзіцячая кавярня.

Мясцовая жыхарка Алеся, што прыехала сюды раніцай у сераду са сваім дзіцем, кажа, што гэта найлепшае месца для дзяцей у Барысаве.

«Дзеці самі сюды просяцца, — кажа Алеся. — І гэта ня ў цэнтры, тут заўжды ёсьць вольнае месца на паркоўцы».

Дзіцячы пакой працуе штодня да дзявятай гадзіны вечара, а ў дні футболу — увесь час матчу, каб заўзятары маглі пакідаць тут дзяцей: за малымі будуць глядзець супрацоўнікі арэны.

У фан-шопе «Барысаў-Арэны»
У фан-шопе «Барысаў-Арэны»

Трэнажорная заля, дзіцячы гульнявы цэнтар, фан-шоп, экскурсіі па стадыёне, пракат ровараў, фітнэс-залі для ёгі й чырлідынгу, фатасэсіі на стадыёне робяць «Барысаў-Арэну» ці ня самым папулярным месцам у горадзе.

Мясцовыя могуць сюды дабрацца на грамадзкім транспарце. Фанаты зь Менску звычайна выходзяць на станцыі «Пячынскі», ад якой да арэны літаральна 5 хвілін ходу. Праўда, ніякіх указальнікаў там няма, і якой сьцежкай ісьці, незразумела. Замест указальнікаў у дні футболу тут выстаўляюць ахову.

Шлях ад чыгункі да «Барысаў-Арэны»
Шлях ад чыгункі да «Барысаў-Арэны»

«Указальнікаў тут ніколі не было — тут іх нашая міліцыя сустракае, — кажа адна зь жыхарак Пячынскага. — Яны ўжо нікуды ня пройдуць — толькі на стадыён».

З душавой кабіны «зоркі» адразу ў аўтобус і на Менск

Такое ўражаньне, што для «Барысаў-Арэны» наўмысна абралі месца за горадам — на выезьдзе ў Менск. Першапачаткова яе быццам бы меліся збудаваць у цэнтры, на месцы заводу на беразе ракі. Але гэты праект быў даражэйшы, і арэну разьмясьцілі проста ў сасновым лесе, каля высакавольтнай лініі электраперадач.

На «Барысаў-Арэне», пакуль там не праходзяць матчы
На «Барысаў-Арэне», пакуль там не праходзяць матчы

«Адпачатку месца выбрана няправільна, — дзеліцца сваімі меркаваньнямі таксіст Аляксандар. — З аднаго боку — чыгунка, з другога — высакавольтка. Там нельга было будаваць».

Але для заўзятараў і многіх гульцоў БАТЭ, якія жывуць у Менску, месца вельмі зручнае: ня трэба ехаць праз увесь горад, каб трапіць на футбол. Барысаў жа зь іх нічога ня мае: заўзятары прыяжджаюць зь Менску проста на стадыён і зьяжджаюць адразу ў сталіцу. Прыбытак маюць хіба толькі некалькі крамаў і запраўка каля «Барысаў-Арэны».

«Прыяжджаюць зоркі — „Барсэлёна“, зборная Мэксыкі, — і з душавой кабіны пасьля матчу адразу скачуць у аўтобус, едуць на Менск, — кажа Аляксандар. — Сам назіраў, як пад эскортам яны вярталіся».

Галоўны футбольны бар горада зараз не працуе
Галоўны футбольны бар горада зараз не працуе

Таму пакуль рэсурс арэны выкарыстоўваюць выключна працаўнікі стадыёну. Над тым, як завабіць тысячы людзей, што прыяжджаюць на футбол, далей за арэну, думаюць у выканкаме.

У Барысаве ёсьць шмат чаго паглядзець. За ракой, у Старабарысаве, захаваўся стары горад з царквой, касьцёлам, сынагогамі й гарадзкой забудовай 19 стагодзьдзя. У новай частцы, зусім недалёка ад цэнтру, пару год як адноўлены драўляны дом Каладзеева — мясцовага мэцэната й калекцыянэра. Ужо сучасны мэцэнат — Сьлесараў — аднавіў гістарычны будынак і зрабіў у ім прыватны музэй і галерэю.

Пакуль у горадзе няма інфраструктуры, турысты тут не затрымліваюцца
Пакуль у горадзе няма інфраструктуры, турысты тут не затрымліваюцца

Калі расчысьціць горад ад прамысловай зоны і добраўпарадкаваць цэнтар, то, можа, нехта й паедзе далей за «Барысаў-Арэну».

«Пакуль кожны вырабляе што хоча, нічога ня будзе ў Барысаве, — разважае Аляксандар. — А так і далей будуць езьдзіць раз на год да Студзёнкі і яшчэ пару разоў на год — да стадыёну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG