Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыкаў-шоў у Менску: «У нас будзе вялікі Эўразійскі зьвяз, а ў Беларусі расьселім уцекачоў»


Прыхільнікі «русского мира» прыяжджалі на сустрэчу зь лідэрам «Антымайдану» з усёй Беларусі.

За 20 хвілінаў да пачатку сустрэчы ў Дом Масквы 15 лістапада ўжо літаральна сьцякаліся людзі, як бывае перад добрым спэктаклем. Перад уваходам утварыўся натоўп хлапцоў і дзяўчат студэнцкага выгляду. Пазьней да іх прыйшоў чалавек са сьпісам і стаў правяраць усіх па прозьвішчах

  • Васілеўскі Вадзім!
  • Я
  • Васілеўскі Вадзім — яшчэ раз выгуквае старэйшы
  • Ну я замест яго буду, — паўтарае ў адказ хлапец, як прыйшоў замест Вадзіма.
  • «Праходзім», — і маладзёны цугам пацягнуліся за старэйшым у будынак.

Увагу прыцягвала і фігура паэта Славаміра Адамовіча. На пытаньне, навошта ён тут і ці будзе ўдзельнічаць у сустрэчы, паэт кажа:

«Я звычайна на такіх шумных акцыях стараюся быць. Удзельнічаць трэба, калі добрая група ёсьць. А так бессэнсоўна. Заваляць, затэпчуць, могуць вывесьці».

Самога Славаміра літаральна «пад белы рукі» прымае на ўваходзе адзін з распарадчыкаў Дома Масквы. Кажа, што адмаўляюць паэту ў наведваньні «нашага мерапрыемства», бо ведаюць, як ён можа сябе паводзіць.

Каля стала, дзе ахайна выкладзеная шчодрая бібліяграфія Мікалая Старыкава тоўпяцца людзі. Кнігі купляюць ахвотна і без прымусу.

Заля запоўненая цалкам, нават няма дзе сесьці, запаўняецца балькон і праходы. Групы студэнтаў, якія паселі побач, відаць адразу, як і рэдкіх вельмі сталых людзей, адзінокіх і парамі, якіх звыкла бачыш на камуністычных мітынгах. Але не яны ядро гэтай аўдыторыі. Большасьць тых, хто прыйшлі паслухаць Старыкава, упэўненыя і маладыя мужчыны і жанчыны. Шмат хто зь іх ужо мае ў руках выданьні расейскага пісьменьніка ў крыклівых вокладках і з такімі ж назвамі.

Перад пачаткам усяго вядучы сустрэчы журналіст Юры Дудзінаў прапануе ўшанаваць памяць расейцаў, загінулых пры катастрофе самалёта, і тых, хто загінуў у парыскіх тэрактах.

«Я прадстаўляю слова Мікалаю Віктаравічу Старыкаву», — кажа іншая вядоўца. «Дзякуй вялікі», — толькі пасьпеў сказаць расейскі пісьменьнік, як у першых шэрагах залі пачалі дудзець і крычэць «Чамадан! Вакзал! Расея!». Некалькі маладафронтаўцаў нарабілі галасу на сустрэчы, але Адамовіч меў рацыю: «скруцілі і вывелі» пры надзвычай актыўным удзеле простых гледачоў.

Дземідзенка: Рускі фашызм цяпер у агрэсіўнай стадыі і мы будзем зь ім змагацца
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:08 0:00
Наўпроставы лінк

Далей лідар «Антымайдану» хвілінаў на трыццаць прачытаў лекцыю пра «мнагапалярнасьць» сьвету. Паводле Старыкава, сьвет стаў «мнагапалярным» у дзень народзінаў прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна 7 кастрычніка 2015 году — калі Расея распачала сваю апэрацыю ў Сырыі і заявіла пра сваё новае месца.

Цяпер «захад», кажа Старыкаў, перажывае татальную паразу па ўсіх франтах. А ЗША распрацавалі стратэгію «кіраванага хаосу». З вызначэньнем «хаосу» па-амэрыканску Старыкаў, грамадзянін краіны ВУП якой у восем разоў меншы ВУП ЗША, замарочвацца ня стаў. «Гэта мутная вада, дзе ня дзейнічаюць аніякія правілы і ніхто не нясе адказнасьці», — упэўнена фармулюе расейскі пісьменьнік стратэгічныя мэты свайго геапалітычнага праціўніка. Далей Старыкаў буйнымі мазкамі апісаў падступныя пляны ЗША па ўсім сьвеце, непразрыста намякнуў, што тыя спансуюць ІД, спыніць які здольная толькі Расея. Беларусі, якую пісьменьнік па-расейску называе «Белоруссией», Старыкаў зусім па-бацькоўску распавёў пра злосныя ЗША казку:

«Амэрыканцы будуць сваю палітыку працягваць і далей. Іх сяброўскія ўсьмешкі і размовы пра тое, што Беларусь ім стала падабацца значна больш — гэта ўсьмешка Бабы Ягі, якая хоча „добра моладца“ зацягнуць у сваю хатку і зьесьці, ну ці іншыя непрыстойныя рэчы зрабіць, але, вядома, насуперак ягонай волі».

Пытаньні з залі задавалі ахвотна. Амаль кожны, хто браў мікрафон, дзякаваў Старыкаву «за кнігі». Малады чалавек прадставіўся «з Горадні», маладая пара праехала 130 кілямэтраў, каб паслухаць лідэра «Антымайдану». Дзяўчына распавяла, што хацела паехаць «нават на сустрэчу ў Смаленск, але аўтар сам прыехаў у Менск». Тут ужо нават сам Старыкаў быў вымушаны прызнацца, што сустрэчы ў Смаленску ў яго ніколі не было і не плянавалася.

Пытаньні задавалі розныя. Вось маладога чалавека хвалявала, ці магчымы паўтор «украінскага сцэнару» ў балтыйскіх краінах. Дзяўчыну, якая так і не пабачыла Смаленск, клапоціць, ці можам «супрацьдзейнічаць у інфармацыйнай вайне». На кожнае пытаньне Мікалай Старыкаў адказваў грунтоўна, у межах ужо вядомай па кнігах карціны сьвету.

Раз-пораз ён вяртаўся да «жоўтай беларускай прэсы», якую «заробак прымушае» размяшчаць пра яго непраўдзівыя зьвесткі. Рэпутацыю «лідэра думак» вырашыў выратаваць кіраўнік NOMOS Пятро Пятроўскі. Публікацыі ў «першай жоўтай газэце з малюнкамі» Пятроўскі назваў «фэйкам» і заклікаў Мікалая Старыкава «раз і назаўжды» адказаць на «фундамэнтальнае» пытаньне «Як вы ставіцеся да беларускай дзяржаавы, беларускай мовы, беларускай ідэнтычнасьці».

Адказ Старыкава не прымусіў сябе чакаць і не зьдзівіў.

«Я вельмі люблю Беларусь (у арыгінале Белоруссию — РС), Украіну і Расею. Лічу, што гэта адзін народ. У мяне такая аналёгія... У мяне, на жаль, няма сясьцёр і братоў, але ўявіце, што вы прыходзіце і кажаце: я лічу, што мы з братам адзін народ. А вам кажуць — вы братафоб...» — патлумачыў Старыкаў.

«Я стаўлюся з павагай да беларускай дзяржавы, беларускай ідэнтычнасьці.... Лічу яе часткай вялікай расейскай ідэнтычнасьці»...

«У нас і прэзыдэнт так кажа!», — ахвотна падтрымаў словы пісьменьніка вядучы сустрэчы.

Малады чалавек у сваім пытаньні паскардзіўся на нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, якая «на ўсіх пляцоўках пачынае перамываць»:

«Горка чуць, што чалавек, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію, апускаецца на ўзровень, што цэлы народ, расейскі, абвяшчаюць рабамі. Трэба свой народ любіць», — параіў расейскі пісьменьнік Сьвятлане Алексіевіч.

Тут слова далі «бабулі», як загадаў вядоўца. Бабуля сказала:

«Я з канца мінулага стагодзьдзя назіраю, як ЗША падбіраюцца да межаў Беларусі, — сказала «бабуля. — І будуюць усялякія вайсковыя базы... і ў Літве, і ў Польшчы.. паўсюль. Абаронай нашай была б добрая вайсковая база, якую хоча пабудаваць Расея». Тут заля выбухнула аплядысмэнтамі, і на хвалі падтрымкі «бабуля» працягвала: «Гэта былі б і працоўныя месцы... І добрыя ўмовы для жыцьця людзей»...

Ад адказу на гэтае пытаньне Старыкаў ухіліўся, усё зваліўшы на «кіраўніцтва Беларусі, якое разьбярэцца безь ягоных парадаў». Вядоўца, які напэўна ж, ведае, што казаў пра расейскую базу прэзыдэнт, хуценька даў слова іншаму наведніку.

Адзін з наступных гледачоў прадэманстраваў фантазію, якая відавочна пераўзыходзіла ўяўленьне аўтара кнігі «Хаос и революции — оружие доллара» Мікалая Старыкава.

Дзьмітры, які праехаў 130 кілямэтраў, пытаецца: «Ці не падаецца вам, што гэтая шматкрокавая апэрацыя, распачатая як мінімум 15 год таму, мае дакладны працяг. Мы бачым Эўропу, Парыж зь яе ахвярамі. Не падаецца вам, што далейшая мэта — гэта навадніць Эўропу ўцекачамі, якія ўзарвуць яе як кацёл, і рушыць у бок Расеі праз падрыхтаваную Ўкраіну, Беларусь. 20-30-40 мільёнаў самых слабых уцекачоў, дзяцей, жанчын, якіх мы ня зможам спыніць. І далейшая мэта — зачыстка ці хаос у нашай эўрапейскай частцы, і пасьля гэтага бэнэфіцыяр Кітай, які атрымлівае поўнач Расеі, Сыбір. Ці не падаецца вам, што Кітай і ёсьць амэрыканскі праект?».

Прадчуваючы імавернага канкурэнта, Мікалай Старыкаў пасьпяшаўся назваць канцэпцыю Дзьмітрыя «навуковай фантастыкай».

Што да ўцекачоў, то «калі да нас з Эўропы пойдуць уцекачы тых нацыянальнасьцяў, якія мы гатовыя бачыць у нашай краіне, то я ня бачу праблем, — сьмела заявіў Старыкаў. — У нас будзе вялікі эўразійскі зьвяз, гэтыя людзі будуць жыць ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі расьселяцца».

Малады чалавек з залі ці то жартам, ці то ўсур’ёз згадвае, што ў ЗША «шмат праблем з чарнаскурым насельніцтвам, мэксыканцамі». «Чаму б там не ствараць такія «майданы?» — падкідвае ён ідэю.

«У нас там няма інфармацыйнага рупара», — сходу падхоплівае Старыкаў, і распавядае гісторыю пра тое, як перад рэвалюцыяй у Эгіпце ЗША правялі праз розныя «дэмакратычныя праграмы» 900 тысяч маладых эгіпцянаў.

«І гэта ня наш мэтад», — дадае ён пры канцы.

17-гадовы Яўген паспрабаваў задаць пытаньне «Чаму з-за вашага імпэрыялізму пакутуе наша Беларусь». Маўляў, з-за падзеньня расейскага рубля падае беларускі рубель, і нашая эканоміка церпіць. Старыкаў Яўгену усё патлумачыў «на пальцах».

«Нашая дэвальвацыя тлумачыцца не падзеньнем цаны на нафту, не санкцыямі захаду, а непрафэсійнымі і шкодніцкімі дзеяньнямі Цэнтральнага банку, — тлумачыць Старыкаў. — Зьніжэньне валют — гэта мая кніга „Шэршэ ля Нефть“. Калі амэрыканцы штучна арганізоўваюць крызіс, то цана на нафту зьніжаецца, а даляр расьце...»

«Беларускі рубель упаў не таму, што расейскі рубель упаў, а таму што амэрыканцы арганізавалі крызіс! Ім кажыце «дзякуй», — сарваўшы на гэтым аплядысмэнты, Мікалай Старыкаў прымусіў згадаць, што мае дыплём інжынэра-эканаміста.

«Эўразійская інтэграцыя беспэрспэктыўная, — імпэтна даводзць з залі малады чалавек, якому далі магчымасьць задаць „апошняе пытаньне“. — СССР распаўся, Расея распалася. Навошта гэта Беларусі?»

«Паяжджайце ў Данецк і распавядзіце там тое самае, — раіць хлопцу Старыкаў. — Патлумачце ім, што ім трэба эўраінтэграцыя. Паслухайце стрэлы», — кажа чалавек, які пазьней заявіць, што «эўрапэйскі вэктар разьвіцьця — гэта зьнішчэньне Беларусі як дзяржавы».

Сустрэча сканчаецца, і да аўтара па аўтографы зьбіраецца вялікая чарга. Дудзінаў нэрвова спрабуе перашкодзіць журналістам запісаць студэнта, якому за наведваньне сустрэчы паабяцалі выходныя. «Гэта правакацыя!» — крычыць Дудзінаў — і зьвяртаецца да чаргі: «Вас таксама сюды падманам завялі?» «Дык тыя, хто па сьпісах, сышлі адразу», — спрабуе супакоіць яго сам студэнт.

«Вы так шмат страцілі, сустрэча толькі што скончылася, Юры Мікалаевіч, — вельмі сталая жанчына размаўляе з кімсьці па тэлефоне. — Вы ўключыце сёньня „Дело принципа“, ён там будзе. Не, ня важна, хто яшчэ будзе, галоўнае ён. Уключыце абавязкова, ён сёньня будзе ў тэлевізары, а вядоўца — Вадзім Гігін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG