Лаяш Бокраш (Lajos Bokros, нар. 1954) — вугорскі эканаміст і палітык. На пасадзе міністра фінансаў у 1995-1996 гг. увёў праграму жорсткай фінансавай эканоміі, вядомую ў Вугоршчыне пад назвай «пакету Бокраша». Рэфармісцкая праграма Бокраша, якая балюча скараціла рэальную зарплату і сацыяльныя выдаткі ўраду ды правяла дэвальвацыю форынта, дала ў выніку адчувальнае скарачэньне бюджэтнага дэфіцыту і дэфіцыту гандлёвага балянсу краіны. Рэформы Бокраша атрымалі неадназначную ацэнку ў ягонай краіне. Некаторыя лічаць, што рэформы Бокраша ўратавалі вугорскую эканоміку ад абвалу і дэфолту. Іншыя аргумэнтуюць, што ніякі абвал вугорскай эканоміцы ў сярэдзіне 1990-х не пагражаў, і захады Бокраша прывялі ў асноўным да зьбядненьня значнай часткі насельніцтва.
Лаяш Бокраш быў таксама дырэктарам Нацбанку і кіраўніком Фонду дзяржаўнай маёмасьці Вугоршчыны, займаў кіроўныя пасады ў Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця, працаваў дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту ад Вугорскага дэмакратычнага форуму. Ён працягвае сваю палітычную кар’еру, заснаваўшы ў 2013 Рух для сучаснай Вугоршчыны.
ВУГОРСКІ СТАБІЛІЗАЦЫЙНЫ ПАКЕТ
РС: Спадар Бокраш, як вы пэўна ведаеце, Беларусь апошнім часам апынулася ў вельмі цяжкай фінансавай сытуацыі. Але перш чым запытаць вас пра ацэнку гэтай сытуацыі, я хацеў бы вярнуцца да сярэдзіны 1990-х у Вугоршчыне, калі вы, будучы міністрам фінансаў, ажыцьцяўлялі жорсткія захады, вядомыя пад назвай «пакету Бокраша». Ці вы маглі б сказаць слухачам Свабоды, чаму вы гэта рабілі і ў чым была сутнасьць вашых рэформаў?
Лаяш Бокраш: У той час, у 1994-1995 гг., Вугоршчына апынулася на ўскраі фінансавага краху. Мы мелі ня толькі самы высокі ўзровень дзяржаўнага доўгу ў пераліку на душу насельніцтва, але і вельмі высокую замежную запазычанасьць. У нас не засталося іншага выбару, як зьвярнуцца па дапамогу ў Міжнародны валютны фонд, бо ў іншым выпадку краіна збанкрутавала б. У гэтак званых «жорсткіх захадах» або «стабілізацыйным пакеце» былі чатыры элемэнты.
У нас не засталося іншага выбару, як зьвярнуцца па дапамогу ў Міжнародны валютны фонд, бо ў іншым выпадку краіна збанкрутавала б.
Першы — дэвальвацыя вугорскай валюты. Але што было значна важнейшае ў гэтым выпадку, мы ўвялі дэвальвацыю «паўзучага тыпу», так што прадпрымальнікі і эканамічныя суб’екты ведалі, якая будзе вартасьць форынта на шмат гадоў наперад. Гэта было вельмі важна для калькуляцыі выдаткаў і даходаў у эканоміцы.
Другі захад палягаў на ўвядзеньні гэтак званай «імпартнай даплаты», якая адразу дала істотныя даходы ў бюджэт. Але тут таксама важным было тое, што людзі ведалі наперад, якім спосабам гэты падатак будзе паступова адмяняцца. Так што прадпрымальнікі маглі падлічыць зьвязаныя з гэтым падаткам кошты на працягу паўтара года, калі ён існаваў.
Трэці захад палягаў на скарачэньні, пасьля вельмі інтэнсіўных перамоваў з працадаўцамі і працаўнікамі, рэальнай зарплаты, каб зрабіць вугорскі рынак працы больш канкурэнтаздольным. Нам гэта ўдалося зрабіць. У 1995-1996 людзі пагадзіліся са зьмяншэньнем сваіх рэальных заробкаў на двухзначную лічбу [працэнтаў] безь ніякіх страйкаў і дэманстрацый.
Апошнім пунктам было ўвядзеньне некаторых структурных захадаў, заданьнем якіх было даць пэўныя стымулы для павышэньня эфэктыўнасьці сыстэмы сацыяльных паслугаў. Напрыклад, мы увялі аплату за навучаньне ў вугорскіх ВНУ. Гэта быў першы такі крок сярод краінаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Мы адмянілі грашовую дапамогу дзяржавы для 10 адсоткаў найбагацейшых сем’яў. Мы таксама абмежавалі органам мясцовага самакіраваньня магчымасьці браць пазыкі, каб утрымаць лепшую фінансавую дысцыпліну.
У выніку гэтых захадаў сытуацыя значна паправілася: цягам наступных пяці гадоў эканоміка пачала істотна расьці, а ўраду ўдалося вярнуць фінансавую раўнавагу.
ШТО ТАКОЕ ШОКАВАЯ ТЭРАПІЯ?
РС: Мяркуючы паводле стандартаў сацыялістычнай мадэлі эканомікі, гэта былі даволі радыкальныя меры. Некаторыя ў Вугоршчыне, гаворачы пра вашы рэформы, карыстаюцца тэрмінам «шокавая тэрапія», які наогул ужываецца ў адносінах да рэформаў Лешка Бальцаровіча ў Польшчы ў пачатку 1990-х. Ці вы пагаджаецеся з такой назвай для вашых захадаў? І да чаго насамрэч адносіцца слова «шок» у гэтым кантэксьце — да сьмеласьці эканамічнага пляну, які ажыцьцяўляе ўрад, ці да рэакцыі насельніцтва на такі плян?
Лаяш Бокраш: Не пагаджаюся. Тэрмін «шокавая тэрапія» зьявіўся на сьвет крыху пазьней, чым працэсы, якія ён стаў называць. Ён абазначае ажыцьцяўленьне некалькіх захадаў вельмі хутка, на самым пачатку рэформаў і ў вельмі кароткім часе.
Плян Бальцаровіча адрозьніваўся ад таго, што рабілі мы, бо ён уключаў вельмі шырокую лібэралізацыю эканомікі, якая ў Вугоршчыне была праведзеная значна раней.
Плян Бальцаровіча адрозьніваўся ад таго, што рабілі мы, бо ён уключаў вельмі шырокую лібэралізацыю эканомікі, якая ў Вугоршчыне была праведзеная значна раней. Такім чынам нам ня трэба было лібэралізаваць эканоміку, бо вугорская эканоміка ўжо перад 1995 годам была значна больш прыстасаваная да новых умоваў. Наша стабілізацыйная праграма мела на мэце выключна стабілізацыю, а не стабілізацыю, лібэралізацыю і прыватызацыю. Плян Бальцаровіча, які ўключаў лібэралізацыю і прыватызацыю, быў больш шырокі.
У нашым выпадку, у Вугоршчыне, лібэралізацыя была праведзеная раней, а прыватызацыя ніколі не разглядалася як адзін з захадаў «шокавай тэрапіі», таму што мы вырашылі уводзіць зьмены паступова. У нас ніколі не было масавай прыватызацыі, мы выбралі традыцыйны мэтад куплі-продажу. Мы хацелі прыцягнуць як мага больш наўпроставых замежных інвэстыцый. Таму мы прадавалі прадпрыемствы па чарзе.
РС: Але вы адмовіліся ад пасады міністра фінансаў у лютым 1996, калі яшчэ не мінуў і год з часу ўвядзеньня вашых жорсткіх захадаў. Чаму? Ці не таму, што некаторыя з вашых рэформаў праваліліся?
Я хацеў пачаць фінансавыя рэформы, перш за ўсё, рэформу сыстэмы аховы здароўя і рэформу пэнсійнай сыстэмы.
Лаяш Бокраш: Мне прыемна чуць, што вы няблага паінфармаваны ў гэтай справе. Сапраўды, я пакінуў пасаду міністра фінансаў празь няпоўны год знаходжаньня на ёй. Але гэта адбылося не таму, што нашы захады ня мелі посьпеху. Наадварот, яны былі вельмі пасьпяховыя. Аднак я хацеў пайсьці далей. Я хацеў пачаць фінансавыя рэформы, перш за ўсё, рэформу сыстэмы аховы здароўя і рэформу пэнсійнай сыстэмы. На той час мы здолелі падрыхтаваць пэнсійную рэформу і, як вы добра ведаеце, Вугоршчына і Польшча змаглі пачаць пэнсійную рэформу ў 1998 годзе, уводзячы ў пэнсійную сыстэму абавязковую «другую апору» — прыватныя пэнсійныя фонды. Але прэм’ер-міністар не падтрымаў маіх прапановаў у сфэры аховы здароўя, якую я лічыў і далей лічу адной з найважнейшых сфэраў для структурнай рэформы, таму што ва ўсіх колішніх сацыялістычных краінах сыстэма аховы здароўя вельмі нізкаякасная. З аднаго боку, гэтая сыстэма фінансуецца з унёскаў на сацыяльнае забесьпячэньне, а іх ня плацяць сотні тысяч людзей, якія па-сутнасьці карыстаюцца ёю незаслужана. А з другога боку, калі людзі хочуць мець лепшае абслугоўваньне, яны шмат даплачваюць лекарам прыватным чынам, па-сутнасьці даючы хабары. Гэта фарс, але ён усё працягваецца. Нідзе не адбылося ніякай спробы паляпшэньня аховы здароўя, за выняткам Славаччыны.
Ведаеце, я не хацеў заставацца на сваёй пасадзе толькі таму, каб быць міністрам фінансаў. І я не застаўся, бо мне не ўдалося прасунуць далейшыя рэформы.
МАРАЛЬ У ПАЛІТЫЦЫ
РС: У сувязі з гэтым, што вы сказалі, я хацеў бы запытацца ў вас пра цану, якую даводзіцца ў публічным жыцьці плаціць палітыкам, адказным за непапулярную эканамічную палітыку. Пасьля таго, як вы сышлі з ураду, вы працавалі ў Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця ды працягвалі акадэмічную кар’еру. Ці вам не карцела вярнуцца ў вугорскую палітыку? Хутчэй за ўсё — так, бо ваша партыя на леташніх парлямэнцкіх выбарах высунула вас як кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра. Ці думаеце, што вашы суродзічы гатовыя яшчэ раз пагадзіцца на Лаяша Бокраша, гэтым разам як кіраўніка ўраду, нягледзячы на балючую тэрапію, якую ён прапісаў ім 16 гадоў таму?
Лаяш Бокраш: Выдатнае пытаньне. Па-першае, калі вы ўжо вырашылі заняцца палітыкай, вы павінны быць гатовымі да таго, што часам вам давядзецца рабіць вельмі цяжкі выбар. І калі хочаце служыць сваёй краіне, дык вам нярэдка давядзецца рабіць непапулярныя рэчы. Я сказаў бы, што гэта пытаньне маралі. Калі вы хочаце насамрэч служыць сваёй краіне, ваша асабістая папулярнасьць не павінна для вас быць важнейшай за лёс краіны.
У дэмакратычным грамадзтве структурныя рэформы трэба ўмела «прадаць» людзям.
Але адначасова — гэта вельмі складанае пытаньне, таму што ў дэмакратычным грамадзтве структурныя рэформы трэба ўмела «прадаць» людзям. Таму маркетынг тут ня менш важны за самую сутнасьць ператварэньняў. І важна тут пераканаць электарат, што тое, што вы хочаце ажыцьцявіць, зьяўляецца слушным. З гэтым наогул узьнікаюць праблемы, таму што ў выпадку любой рэформы спачатку зьяўляюцца адмоўныя пабочныя наступствы, а станоўчыя вынікі прыходзяць пазьней. А тым часам вам асабіста трэба выжыць як палітыку. Калі гэта не ўдаецца і вам трэба сысьці, дык можна паспрабаваць вярнуцца крыху пазьней.
Цяпер я магу толькі сказаць, што паколькі шмат з тых рэформаў, якія я хацеў правесьці, не былі ніколі праведзеныя, і паколькі за апошнія 10-12 гадоў наш урад нагрувасьціў вялізны дзяржаўны доўг і сам пачаў рабіць некаторыя стабілізацыйныя захады, людзі сталі гаварыць, што Бокраш меў рацыю. Так што тут мы маем дачыненьне з цыклічнай мадэльлю паводзін.
Безумоўна, вы павінны сысьці, калі адчуваеце, што далей ня ў змозе служыць вашай краіне. Але такі крок не выключае вас з гульні назаўсёды. Ніколі не вядома, як справы павернуцца далей, калі меркаваць па тым, што адбывалася і адбываецца ў іншых краінах. У Вугоршчыне можа быць падобнае.
РС: У кожным разе вы як палітык яшчэ не зьбіраецеся ісьці на пэнсію?
Лаяш Бокраш: Не зьбіраюся, бо я — дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ды адначасова — прафэсар некалькіх унівэрсытэтаў.
ЧАГО ТРЭБА БЕЛАРУСІ?
РС: Дык добра. Давайце зьвернемся ня толькі да вашага практычнага палітычнага досьведу, але і да вашых ведаў як прафэсара эканомікі, і пагаворым крыху пра Беларусь. Беларусь, як вам вядома, мае значны дэфіцыт бюджэту і дэфіцыт замежнага гандлю ды вялікі замежны доўг. Выглядае таксама, што Беларусь тэрмінова патрабуе замежных крэдытаў, каб абслугоўваць гэты доўг. На вашу думку, ці Беларусь патрабуе шокавай тэрапіі або радыкальных эканамічных рэформаў? Калі так, дык якія захады трэба было б зрабіць у першую чаргу?
Лаяш Бокраш: Праўдападобна так, патрабуе. Я не магу сьцьвярджаць гэтага з абсалютнай упэўненасьцю, бо ня ведаю эканамічнай сытуацыі Беларусі вельмі глыбока, хоць і сачу за ёю вельмі ўважліва, таму што будучыня Беларусі надзвычай важная для ўсіх нас, у тым ліку і для Эўразьвязу.
Калі вы зробіце толькі захады фінансавай стабілізацыі ў эканоміцы, якая «ня рухаецца», гэта нічога ня дасьць, і вы будзеце вымушаныя паўтараць такія захады бясконца.
Чаму я кажу «праўдападобна»? Таму што, на жаль, у Беларусі ў асноўным далей маем эканоміку, якая належыць дзяржаве і кіруецца дзяржавай, эканоміку вельмі нягнуткую і непадатлівую і, што варта асабліва падкрэсьліць, — малапрадуктыўную і неканкурэнтаздольную, якая заўсёды будзе ствараць бюджэтны дэфіцыт. У такой сытуацыі недастаткова правесьці толькі фінансавую стабілізацыю, а трэба ажывіць прадуктыўную аснову эканомікі, каб яна магла стаць больш канкурэнтаздольнай. Інакш кажучы, захады фінансавай стабілізацыі для гэтай эканомікі абсалютна патрэбныя і непазьбежныя, але, праўдападобна, яны далёка не дастатковыя. Бо калі вы зробіце толькі захады фінансавай стабілізацыі ў эканоміцы, якая «ня рухаецца», гэта нічога ня дасьць, і вы будзеце вымушаныя паўтараць такія захады бясконца. Бо ваша эканоміка ніколі ня дасьць дастатковай колькасьці працоўных месцаў, дастатковых даходаў для людзей і, як вынік, дастатковых паступленьняў у бюджэт ад падаткаў. Так што выйсьцем і найважнейшым заданьнем, па ўсёй верагоднасьці, зьяўляецца перазапуск эканамічнага росту шляхам адкрыцьця эканомікі для інвэстараў, як замежных, так і сваіх. Трэба заахвоціць і падтрымаць прыватны сэктар, палепшыць асяродзьдзе для бізнэсу, зьмяніць заканадаўства так, каб яно стала надзейным і прадказальным для прадпрымальнікаў. У асноўным, ваша эканамічная палітыка павінна быць ухваленая людзьмі, каб інвэстары маглі пачаць інвэставаць і такім чынам выводзіць эканоміку са сьпіралі рэцэсіі і даўгоў, у якой яна знаходзіцца цяпер.
РС: Калі гаварыць пра самыя тэрміновыя фінансавыя захады, што б вы парэкамэндавалі рабіць беларускаму ўраду? Тое самае, што вы рабілі ў Вугоршчыне ў палове 1990-х?
Лаяш Бокраш: Не, хутчэй за ўсё — не. Бо ня трэба забываць, што ў тым часе Вугоршчына мела значна больш адкрытую і гнуткую эканоміку, чым Беларусь, і што гэтая эканоміка была ўжо напалову прыватызаваная. І мы не павінны забывацца, што Вугоршчына пачала шмат якія структурныя рэформы нават перад палітычным пераломам у 1989 годзе. Мы пачалі банкаўскую рэформу ў 1987 годзе, у 1988 мы замацавалі сучасную падатковую сыстэму, уводзячы падатак на дададзеную вартасьць і асабісты падаходны падатак. Мы адкрылі краіну для наўпроставых замежных інвэстыцый, мы на той час мелі велізарны аб’ём замежных інвэстыцый, магчыма, што сярод постсацыялістычных краінаў Вугоршчына была на першым месцы, што тычыцца прыцягненьня замежных інвэстыцый. Вугоршчына ніколі не аб’явіла дэфолту адносна свайго ўнутранага або замежнага доўгу. Мы хацелі пазьбегчы такой сытуацыі.
Я ня ўпэўнены, што Беларусь у змозе паўтарыць тое, што зрабілі мы. Таму яшчэ раз падкрэсьлю — захады фінансавай стабілізацыі вельмі важныя для Беларусі, але далёка не дастатковыя.
ГРОШЫ І ПАЛІТЫЧНЫЯ ПАТРАБАВАНЬНІ
РС: Ці патэнцыяльныя замежныя крэдыторы Беларусі павінны ўвязваць эканамічныя пытаньні з палітычнымі? Інакш кажучы, калі б вы былі кіраўніком МВФ, ці далі б Лукашэнку крэдыт толькі на аснове праграмы эканамічных рэформаў, якую ён прадставіў бы? Ці вы ад яго не патрабавалі б вызваленьня палітычных вязьняў перад тым, як уступіць у перамовы наконт крэдыту і эканамічных рэформаў?
Лаяш Бокраш: На жаль, Міжнародны валютны фонд не выстаўляе такіх патрабаваньняў. Але, безумоўна, гэтага могуць патрабаваць краіны-ўдзельнікі МВФ. Яны могуць паслаць вельмі выразны сыгнал Менску, што МВФ ня зможа дапамагчы, калі не адбудуцца некаторыя палітычныя рэформы. Сыгнал не павінен ісьці наўпрост з МВФ, а павінен ісьці з Вашынгтону, Лёндану, Парыжу або Брусэлю. Калі найважнейшыя акцыянэры гэтага фонду дадуць спадару Лукашэнку абсалютна ясна зразумець, што без мінімальнага зруху ў бок палітычных рэформаў нават МВФ ня зможа падтрымаць Беларусь сваімі пазыкамі, дык я думаю, што існуе магчымасьць стварыць такую больш-менш аптымальную мяшанку палітычных патрабаваньняў і эканамічнай падтрымкі.
ЧАМУ КІТАЙ НАМ НЕ ЎКАЗ?
РС: На заканчэньне хацелася б паставіць вам пытаньне больш агульнага характару. Усе наогул пагаджаюцца, што ў Беларусі існуе аўтарытарная палітычная сыстэма. Некаторыя нават кажуць, што гэта дыктатура. А некаторыя яшчэ сьцьвярджаюць, што ў аўтарытарнай палітычнай сыстэме існуе, так бы мовіць, значна больш спрыяльнае палітычнае асяродзьдзе для ажыцьцяўленьня жорсткіх і балючых эканамічных ператварэньняў. Абапіраючыся на свае веды эканамічных працэсаў у сьвеце, ці вы маглі б падаць пасьпяховы прыклад радыкальнай эканамічнай рэформы ў аўтарытарнай палітычнай сыстэме?
Лаяш Бокраш: У гэтым кантэксьце найлепшым прыкладам можа быць Кітай. Так што, хутчэй за ўсё, большасьць людзей мае на ўвазе Кітай, калі хоча абгрунтаваць тэзіс, што эканамічныя рэформы ня толькі магчымыя, але і больш пасьпяховыя ў аўтарытарнай сыстэме. Што тычыцца майго асабістага меркаваньня, дык я скажу вам па шчырасьці, што гэта ня так.
Кітай — гэта вельмі асаблівы выпадак. Мы не павінны забывацца, што лібэралізацыя кітайскай эканомікі пачалася больш чым 30 гадоў таму, яшчэ пры Дэн Сяопіну, які сапраўды хацеў адкрыць краіну для зьнешняга сьвету. За гэтыя 30 гадоў Кітай змог інтэгравацца ў сусьветную эканоміку і крок за крокам дабіўся эканамічнага росту. Цяпер Кітай мае паўнакроўную рыначную эканоміку ў аўтарытарнай палітычнай сыстэме, а можна сказаць, што нават і дыктатарскай сыстэме.
Лукашэнка ніколі не думаў аб адкрыцьці краіны, ніколі не дазволіў уваход наўпроставых замежных інвэстыцый, ніколі не падтрымліваў разьвіцьця мясцовага малога і сярэдняга бізнэсу.
Але гэта немагчыма паўтарыць у Беларусі. Я сказаў бы, што ўжо запозна на гэта, бо прэзыдэнт Лукашэнка ніколі не думаў аб адкрыцьці краіны, ніколі не дазволіў уваход наўпроставых замежных інвэстыцый, ніколі не падтрымліваў разьвіцьця мясцовага малога і сярэдняга бізнэсу, і эканоміка цяпер насамрэч абвалілася. У такой сытуацыі выбар значна больш абмежаваны. Або вы банкрутуеце і наступае поўная зьмена сыстэмы, як здарылася ў Расеі, Украіне, Польшчы, Вугоршчыне і шмат якіх іншых усходне- і сярэднеэўрапейскіх краінах, або вы зноў закручваеце гайкі, спрабуючы захаваць дыктатарскі рэжым. Але гэтае апошняе азначае, што эканамічная сытуацыя будзе ўсё пагаршацца, і ваша краіна будзе штораз бяднейшая. Такое немагчыма ў малой краіне з насельніцтвам 10 мільёнаў на ўскраіне Эўропы, калі людзі могуць падарожнічаюць і калі тое, што людзі бачаць на Захадзе, мае вялікае значэньне для беларускага насельніцтва. Зь беларускага гледзішча, Польшча — гэта ўжо заходняя краіна. Беларусы, прыехаўшы ў Варшаву, самі могуць пераканацца, чаго дасягнулі палякі за больш чым 20 гадоў пасьлядоўных рэформаў і эфэктыўнай эканамічнай палітыкі. Так што, пагаджаючыся з вамі ў тым, што ў гісторыі могуць здарацца выпадкі паступовых эканамічных рэформаў у аўтарытарнай сыстэме, я хачу падкрэсьліць, што Беларусь ужо ня мае такога выбару.