У сувязі з абвастрэньнем сытуацыі на Данбасе ўкраінскі МЗС заявіў пра пагрозу рэалізацыі менскіх пагадненьняў:
«Ва Ўкраіне з крайняй занепакоенасьцю адзначаюць істотны рост з пачатку лістапада гэтага году колькасьці парушэньняў рэжыму спыненьня агню з боку незаконных узброеных фармаваньняў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, — гаворыцца ў заяве. — Асаблівы непакой выклікае геаграфія абстрэлаў, іх інтэнсіўны і сыстэматычны характар. У пэрыяд з 1 па 11 лістапада баевікамі ажыцьцёўлена больш за 240 абстрэлаў ўздоўж усёй лініі разьмежаваньня, у тым ліку зь мінамётаў калібрам 82 мм і 120 мм, якія павінны быць адведзеныя згодна зь менскімі пагадненьнямі».
Акрамя таго, 2, 8 і 10 лістапада «незаконныя ўзброеныя фармаваньні правакавалі баявыя сутыкненьні з падразьдзяленьнямі Ўзброеных сіл Украіны».
У непасрэднай блізкасьці да лініі разьмежаваньня «зафіксаваныя высокая канцэнтрацыя цяжкага ўзбраеньня, у тым ліку артылерыі, танкаў, разгортваньне новых артылерыйскіх падразьдзяленьняў, актывізацыя выведна-дывэрсійных групаў, падвоз боепрыпасаў і да т.п.». «У парушэньне менскіх пагадненьняў працягваецца захоўваньне цяжкай ваеннай тэхнікі ў забароненых раёнах», — адзначаецца ў заяве.
Кіеў разьлічвае, што спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ «неадкладна ажыцьцявіць ўсебаковае расьсьледаваньне парушэньняў менскіх пагадненьняў і дасьць ім аб’ектыўную ацэнку».
«Мы працягваем прытрымлівацца прынцыповай пазыцыі, што закладам належнага выкананьня менскіх пагадненьняў застаецца рэалізацыя Расеяй і падтрымоўванымі ёю незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі захадаў „блёку бясьпекі“, а менавіта: спыненьне паставак Масквой узбраеньняў, ваеннай тэхнікі і наймітаў; забесьпячэньне поўнага і бесьперашкоднага доступу назіральнікаў СММ АБСЭ да любога раёну, у тым ліку да часова некантралюемых участках расейска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы; вывад ўзбраеньняў, баевікоў і наймітаў з тэрыторыі Ўкраіны; раззбраеньне незаконных узброеных фармаваньняў», — падкрэсьліваецца ў заяве.
МЗС Украіны заклікае міжнародную супольнасьць «узмацніць уплыў на Расейскую Фэдэрацыю з мэтай забесьпячэньня няўхільнага выкананьня рэжыму ўсёабдымнага спыненьня агню і безумоўнага выкананьня менскіх дакумэнтаў у поўным аб’ёме».