Улады Беларусі зьбіраюцца комплексна ацаніць сфэру нацыянальнай бясьпекі і вызначыцца з пэрспэктывамі праваахоўнай сыстэмы.
Пра гэта сёньня заявіў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях разьвіцьця дзяржаўных органаў сыстэмы забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі, — перадае БЕЛТА.
Лукашэнка падкрэсьліў, што гаворка ідзе пра тое, наколькі эфэктыўна сыстэма бясьпекі зможа процідзейнічаць сёньняшнім выклікам, наколькі сілавікі гатовыя да розных варыянтаў разьвіцьця сытуацыі ў сьвеце, а таксама ці здольныя яны рэальна спрагназаваць і прадухіліць надыход магчымых нэгатыўных наступстваў:
«Для гэтага кожнаму ведамству неабходна ня толькі эфэктыўна вырашаць задачы, якія стаяць перад ім, але і мець глыбока прадуманую стратэгію сваёй дзейнасьці», — сказаў Лукашэнка.
Паводле ягоных словаў, у першую чаргу кіраўнікі сілавых ведамстваў павінны бачыць галоўныя напрамкі разьвіцьця на бліжэйшую і доўгатэрміновую пэрспэктыву.
«Мы не такія багатыя, каб утрымліваць лішнюю колькасьць сілавых структур. У той жа час і спрашчэньнем займацца нельга. У адваротным выпадку можна даскарачацца да таго, што ў нас сыстэма будзе, але яна акажацца непрацаздольнай», — перасьцярог Аляксандар Лукашэнка.
Таксама ён адзначыў, што ня мае намеру фармальна, аўтаматам падпісваць ўказы аб прызначэньні чальцоў ураду.
Цяпер урад у сувязі зь мінулымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў адстаўцы, і кіраўнік дзяржавы павінен правесьці кадравыя прызначэньні.