Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Who is Mr. Куйбышаў? Пра яго ды іншых герояў менскіх вуліцаў ВІДЭА


Вінцук Вячорка: Як бальшавікі пераймяноўвалі менскія вуліцы на ідэалягічна правільныя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:09:12 0:00
Наўпроставы лінк

Вінцук Вячорка: Як бальшавікі пераймяноўвалі менскія вуліцы на ідэалягічна правільныя

Бальшавікі надавалі вуліцам беларускіх гарадоў новыя назвы пакетамі пачынаючы зь першага свайго прыходу сюды ў 1919 годзе. Але бальшавікі былі ня першыя на нашай зямлі, хто займаўся ідэалягічнымі перайменаваньнямі. Распавядае Вінцук Вячорка

Сёньня пра імёны вуліц, найперш сталічных. У Менску ёсьць урбаністычна важная і густанаселеная вуліца, якая носіць імя Куйбышава. Праходзіць паралельна праспэкту цяперашняму Незалежнасьці міма Камароўкі. Відаць, мінакі, тутэйшыя людзі ахвотна раскажуць, хто такі Куйбышаў.

Сапраўды. Валяр’ян Куйбышаў быў расейскім бальшавіком-рэвалюцыянэрам, вазіў выбухоўку і ўлёткі, а потым стаў адным з найбліжэйшых паплечнікаў і дарадцам у пытаньнях эканомікі Іосіфа Сталіна, кіраўніком урадавых структураў СССР. Змагар з «байска-кулацкім супрацівам» у Цэнтральнай Азіі, зацьвярджаў расстрэльныя прысуды. Памёр у 1935 годзе, абставіны сьмерці цьмяныя, як вялося за Сталінавым часам. Да Беларусі ня мае дачыненьня.

Можна было з падобным вынікам спытаць мінакоў пра Калініна, Кірава, Сьвярдлова, Чычэрына, пра Розу Люксэмбург разам з Кларай Цэткін і Карлам Лібкнэхтам, пра Фрунзэ, Берсана, Гамарніка і Мясьнікова (дарэчы, сам чуў, як бяз задняй думкі яе называюць вуліцай Мясьніковіча, бо хто такі Мясьнікоў, няведама, а Мясьніковіч вось ён тут, і шмат гадоў). Зрэшты, Мясьнікоў да гісторыі Беларусі акурат мае дачыненьне — адмаўляў існаваньне беларускага народу і змагаўся зь беларускімі патрыётамі.

Сваю цяперашнюю назву вуліца Куйбышава разам зь дзясяткамі іншых атрымала ў 1935 годзе. Бальшавікі надавалі вуліцам беларускіх гарадоў новыя назвы пакетамі пачынаючы зь першага свайго прыходу сюды ў 1919 годзе. Сфармаваўся стандартны іканастас абавязковых для кожнага савецкага гораду пэрсанальных найменьняў (ён зьмяняўся адпаведна палітычнай каньюнктуры), а таксама ідэалягічных назваў накшталт Савецкай, Камуністычнай, Камсамольскай, Інтэрнацыянальнай і падобных.

Але бальшавікі былі ня першыя на нашай зямлі, хто займаўся ідэалягічнымі перайменаваньнямі. Яшчэ да іх гэта пачалі рабіць царскія ўлады. Да прыходу расейцаў нашая гарадзкая тапанімія фармавалася натуральным чынам, людзі самі называлі вуліцы паводле кірунку, рысаў ляндшафту, важных будынкаў на іх: Лошыцкая (цяпер Карла Маркса, Каралеўскі Шлях (цяпер Мясьнікова і Маскоўская), Залатагорская і Даўгабродзкая. А ў 1866 годзе, пасьля паўстаньня Каліноўскага, як сьведчыць гісторык тапаніміі Іван Сацукевіч, адбылася першая ідэалягічная кампанія замены геаграфічных імёнаў: Францішканская стала Губэрнатарскай (цяпер Леніна), Фэліцыянаўская, у храме пры якой былі мошчы апекуна горада Сьв. Фэліцыяна, стала Багадзельнай (Камсамольская), Дамініканская — Петрапаўлаўскай (Энгельса). Як відаць, імпэрская ўлада ваявала з назвамі, што здаваліся ёй каталіцкімі, але папраўдзе замяняліся ўсе назвы, непадобныя да расейскіх. Пляц Высокі Рынак з тыповай эўрапейскай функцыяй і назвай стаў Саборнай плошчай, Лошыцкая вуліца — Базарнай, Кашарская — Батальённай, Валоцкая — ад Валокаў Полацкіх — у Хрышчэнскую.

Была ў Менску вуліца Плябанская, або Плябанскія Млыны, бо млыны ў раёне Камароўкі належалі Траецкай залатагорскай плябаніі — рэзыдэнцыі сьвятара. І яна патрапіла пад ідэалягічную чыстку, стаўшы безаблічнай Шырокай. А яшчэ праз 70 гадоў ужо бальшавікі перайменавалі Шырокую на Куйбышава.

Не сумняваюся, што мы ў Беларусі, як цяпер украінцы, возьмемся вызваляць гарадзкую тапанімію ад чужых напластаваньняў. Але нельга абмяжоўвацца толькі яе дэсаветызацыяй.

Яшчэ ў пачатку 90-х Тапанімічная камісія ТБМ прыняла «Канцэпцыю ўпарадкаваньня ўрбананіміі (унутрыгарадзкой тапаніміі) Беларусі». Найважнейшае палажэньне Канцэпцыі:

«Тапанімічныя сыстэмы паселішчаў да пэўнага гістарычнага моманту фармаваліся натуральным шляхам. Ва ўмовах Беларусі прынцып вяртаньня аўтэнтычных назваў дзейнічае для назваў, узьніклых да сярэдзіны XIX ст. Аўтэнтычныя ўрбанонімы ёсьць аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, а значыць, падлягаюць ахове й аднаўленьню».

Вось жа нам патрэбная і дэрусыфікацыя тапанімічнага ляндшафту. І пачаць трэба з гістарычных цэнтраў гарадоў. А больш новыя вуліцы будуць прыдатныя для называньня імёнамі выдатных беларускіх дзеячоў.

Каб не было як у цэнтры Менску зь яго савецка-імпэрскім тапанімічным запаведнікам, як у Горадні, дзе старажытная і прыгожая турыстычная вуліца — Савецкая, ці ў Смалявічах, дзе адзіны ў Беларусі храм сьв. Валянціна, і помнік сьв. Валянціну, і сквэр Сьв. Валянціна, і тысячы закаханых з усёй Беларусі 14 лютага едуць у Смалявічы на вуліцу Камсамольскую, дзе і месьціцца ўсё гэтае сьвяточнае хараство.

А што да Куйбышава — ніякай віны тых шчырых дзяцей у тым, што яны ня ведаюць Куйбышава, — няма. Я нават скажу — і няма чаго яго ведаць. Гэта ня наша гісторыя, а да таго ж гісторыя несвабоды й чарговага паняволеньня. І ўпэўнены, што тыя дзеці, разам з усімі намі, шчэ пабачаць сьвята на вуліцы Плябанскія Млыны.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG