Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах» былі затрыманыя на чыгуначным вакзале Менску, калі спрабавалі накіравацца на інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі.
Каардынатарку ініцыятывы і праваабаронцу Тамару Сяргей зьвінавацілі ў рабаўніцтве грошай і разам з шасьцю актывістамі даставілі ў аддзел міліцыі на транспарце, які месьціцца ў будынку вакзала. Пра крадзеж заявіла дзяўчына, якая падышла да актывістаў разам з супрацоўнікамі міліцыі.
Затрыманыя ў пераважнай бальшыні — людзі пэнсійнага веку, якія прыехалі з розных гарадоў: Бабруйску, Крупак, Менску. Яны мелі намер прыйсьці да Палаца Незалежнасьці, каб сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, да якога ня могуць трапіць на прыём, а таксама да чыноўнікаў ягонай адміністрацыі, да якіх пісьмова зьвярталіся сорак два разы, але не атрымалі адказу.
Тамара Сяргей паведаміла Свабодзе, што зьвязвае сваё затрыманьне з грамадзянскай пазыцыяй актывістаў ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах»:
«Мяне адразу зьвінавацілі ў крадзяжы кашалька ў маладой асобы, якая зрабіла на мяне ўражаньне чалавека, залежнага ад наркотыкаў ці алькаголю. Гэта артыкул 205 Крымінальнага кодэксу — крадзеж кашалька — у асобы, якая не назвалася і якую ад нас засланялі падпалкоўнік Гарскі і прапаршчык Махнач. А кіраваў гэтай правакацыяй падпалкоўнік Сяргей Гаркавы, які прымяніў да мяне грубую сілу, каб зацягнуць у пастарунак.
Гэтая маладая асоба спачатку паказала на ўсіх нас, а пасьля, празь некалькі хвілін, магчыма, пасьля нейкага сыгналу, паказала на мяне і сказала, што я ў яе забрала кашалёк. Гэта артыкул 205 Крымінальнага кодэксу, і гэта сур’ёзна. Ператрус ужо адбыўся, далей наступныя працэсуальныя працэдуры.
Я расцэньваю гэтую сытуацыю так: у нашым сорак другім звароце на імя Аляксандра Лукашэнкі, мы задалі пытаньне — што будзе далей? Цягам шэрагу гадоў парушаюцца нашы правы на атрыманьне адказу па сутнасьці зададзеных пытаньняў з боку судоў і пракуратуры. Мы запыталі: што будзе далей, калі ён пяты раз стане прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь? І вось ён нам адказаў, што будзе далей. Я расцэньваю гэта як адказ кіраўніка краіны. Ён нам паказаў, што будуць правакацыі, а далей для ўсіх, хто не даспадобы, і тых, хто ня хоча ператварацца ў быдла, будзе дарога ў Курапаты — гэта маё цьвёрдае перакананьне».
Як пазьней паведаміла Тамара Сяргей, у пастарунку на яе, аднак, склалі пратакол за рабаўніцтва — паводле артыкулу 206 Крымінальнага кодэксу. Нібыта яна забрала ў грамадзянкі Тарасавай 300 даляраў ЗША. Пасьля гэта яе адпусьцілі.
Тамара Сяргей назвала тое, што здарылася, спэцапэрацыяй «Правакацыя». Іншыя ўдзельнікі інцыдэнту былі вызваленыя з пастарунку без складаньня пратаколаў. Пасьля вызваленьня Тамара Сяргей накіравалася ў адміністрацыю кіраўніка краіны, дзе пакінула скаргу паводле сплянаванай супраць яе акцыі.
Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў пракуратуры і судах», каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да прававога становішча грамадзян, правялі 24 верасьня пікет на плошчы Свабоды ў Менску.