Група зь 7 пэнсіянэраў на чале з праваабаронцам Тамарай Сяргей была затрыманая сёньня раніцай на менскім чыгуначным вакзале.
Як паведаміў карэспандэнту Свабоды супрацоўнік міліцыі Сяргей Гаркавы, Тамара Сяргей падазраецца ў крадзяжы грошай у адной з наведніц вакзалу, якая засьведчыла гэта.
Пэнсіянэры зь Менску, Бабруйску і Крупах зьбіраліся трапіць да месца правядзеньня інаўгурацыі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, каб там сустрэцца зь ім.
Усе затрыманыя — актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконнасьці ў судах».
Тамара Сяргей знаходзіцца ў міліцэйскім пастарунку, не адпускаюць і астатніх 6 чалавек з групы.
У дзяжурнай частцы міліцыі Чыгуначнага вакзалу дзяжурны адмовіўся называцца і сказаў карэспандэнту Свабода, што «Тамара Сяргей не затрыманая, але цяпер праводзіцца праверка, бо яна падобная на злачынцу, які ўчыніў злачнства”. Якое менавіта - не сказаў.
Тым часам Тамара Сяргей паведаміла праз тэлефон, што падпалкоўнік Сяргей Гаркавы, які яе затрымліваў, прымяніў да яе грубую стілу. Зараз яна застаецца ў пастарунку і яе абшукваюць.