Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — «анамалія», якая вырашыла стаць правілам


Калі Лукашэнка быў абраны на прэзыдэнта, я, як і большасьць людзей тады, быў упэўнены, што гэта ненадоўга.

І камічная (на той момант) фігура Лукашэнкі, і сама палітычная атмасфэра, здавалася, толькі пацьвярджалі маю (і агульную) думку. Калі б хто сказаў, што Беларусь пабачыць пяць прэзыдэнцкіх інаўгурацыяў былога кіраўніка саўгасу, на яго паглядзелі б як на вар’ята.

Рэдактар газэты «Свабода» Ігар Гермянчук казаў мне — «Пасьля Лукі будзе Зянон. Ну, а потым ужо я». У тым Вярхоўным Савеце сапраўды, як жартавалі, кожны чацьвёрты плянаваў стаць прэзыдэнтам.

У маім асяродзьдзі памятаю толькі аднаго чалавека — гэта Жана Літвіна — якая адразу казала адваротнае: «Віталічак, гэта надоўга, гадоў на 10 мінімум».

Я спрабаваў спрачацца зь ёй нават не эмоцыямі, а палітычным аналізам. «Вось у траўні 95-га выберуць новы парлямэнт, і Лукашэнка ж зь ім ніяк не ўжывецца. Ён абавязкова наробіць нешта такое, за што дэпутаты і намэнклятура яго скінуць».

І, у прынцыпе, я меў рацыю — дзеяньні Лукашэнкі прывялі ў лістападзе 96-га да вайны з парлямэнтам і Канстытуцыйным Судом, пачатку працэдуры імпічмэнту. Толькі перамог у той вайне Лукашэнка. Хоць усё магло рэальна скласьціся па-іншаму.

Гэта быў апошні момант, калі ўсё магло скласьціся па-іншаму.

Абраньне Лукашэнкі ў 1994-м падавалася дзіўнай, але часовай анамаліяй на шляху Беларусі да свабоды, дэмакратыі і нацыянальнага Адраджэньня. Нават удзельнікі ягонай каманды лічылі, што ён проста расчысьціць кебічаўскія завалы, правядзе (пад іхнім наглядам) неабходныя першасныя рэформы, — а ўжо потым прыйдзе «нармальны» прэзыдэнт.

Цяпер выглядае, што хутчэй тыя адносна дэмакратычныя і свабодныя тры гады (1991–94) былі «анамаліяй», выключэньнем на вечным шляху беларусаў да «стабільнасьці» і «парадку».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG