Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2011 годзе Лукашэнка паабяцаў быць адказным і справядлівым да ўсіх беларусаў


Апошняя інаўгурацыйная прамова Аляксандра Лукашэнкі 21 студзеня 2011 году цягнулася 13 хвілінаў.

На яе пачатку кіраўнік дзяржавы казаў пра неабходнасьць быць «бацькам» усіх беларусаў:

«Давер народа прад’яўляе сёньня асаблівыя патрабаваньні і абавязацельствы, прымушае быць вельмі адказным і справядлівым кіраўніком як па адносінах да сваіх прыхільнікаў, так і да людзей з альтэрнатыўнымі поглядамі».

Ацэньваючы выбарчую кампанію, Лукашэнка адзначыў, што выбар зроблены грамадзянамі Беларусі на ягоную карысьць «сьвяшчэнны і бясспрэчны»:

«Для мяне асабліва дорага тое, што беларускія выбары сталі красамоўным сьведчаньнем непарыўнага адзінства ўлады і грамадзян. Народ сказаў сваё важкае слова, яшчэ раз пацьвердзіўшы, што Беларусь — свабодная, дэмакратычная дзяржава. Зроблены ім выбар — сьвяшчэнны і бясспрэчны: бо нездарма ў старажытнасьці голас народа параўноўвалі з голасам Божым».

Аляксандар Лукашэнка падпісвае сэртыфікат інаўгурацыі пасьля прысягі падчас яго інаўгурацыі ў Менску, 21 студзеня 2011 году
Аляксандар Лукашэнка падпісвае сэртыфікат інаўгурацыі пасьля прысягі падчас яго інаўгурацыі ў Менску, 21 студзеня 2011 году

Скарыстаўшыся момантам, кіраўнік дзяржавы папракнуў і замежнікаў (кіраўнікі дыпмісіяў краін Эўразьвязу, акрэдытаваных у Беларусі, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі і амбасадар Украіны дэманстратыўна праігнаравалі запрашэньне на інаўгурацыю):

«Некаторыя палітыкі, дзеячы замежных дзяржаў і міжнародных структур ўпадабалі здрадзіць забыцьцю гэты стары, як сьвет, прынцып народаўладзьдзя».

Лукашэнка падкрэсьліў, што для віруса «каляровых рэвалюцый», які «дзівіць толькі слабыя краіны», у Беларусі «проста няма пажыўнага асяродзьдзя».

«Даю вам цьвёрдую гарантыю: ліміт рэвалюцый і ўзрушэньняў вычарпаны, ніякія „майданы “ і „плошчы “ нашаму грамадзтву не пагражаюць. Бясьпеку і стабільнасьць мы уберажэм ад любых інтрыг звонку і знутры».

Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына дае сэртыфікат прэзыдэнта Аляксандру Лукашэнку падчас яго інаўгурацыі ў Менску, 21 студзеня 2011 году
Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына дае сэртыфікат прэзыдэнта Аляксандру Лукашэнку падчас яго інаўгурацыі ў Менску, 21 студзеня 2011 году

Лукашэнка ня быў бы Лукашэнкам калі б у такі момант не лягнуў сваіх ідэалягічных супернікаў яшчэ ад 90-х гадоў, найперш апазыцыю Беларускага Народнага Фронту:

«Беларусь была беднай, даведзенай „сьвядомымі дэмакратамі“ да ручкі, дзе сотні тысяч галодных людзей выходзілі на вуліцы, патрабуючы працы і зарплаты. Мы не далі разваліць краіну, не дазволілі ўтаптаць у бруд памкненьні народа, мы ўмацавалі нацыю, мы зьбераглі мір і згоду ў грамадзтве. Дзякуючы нашай палітыцы, у Беларусі няма алігархічных структур, масавага беспрацоўя і зьбядненьня людзей».

Яшчэ адзін любімы канёк кіраўніка дзяржавы — шматвэктарнасьць беларускай замежнай палітыкі:

«Усьведамляючы геапалітычную ролю Беларусі як злучальнага зьвяна паміж Усходам і Захадам, як неад’емнай часткі Эўропы і постсавецкай прасторы, мы працягнем рэалізацыю шматвэктарнай зьнешняй палітыкі, заснаванай на прыярытэце нацыянальных інтарэсаў, а таксама будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, умацаваньне інтэграцыйных сувязей у рамках Адзінай эканамічнай прасторы, ЭўрАзЭС, СНД. Будзем дамагацца максымальна высокіх вынікаў супрацоўніцтва як з Расіяй, Украінай, Кітаем, Вэнэсуэлай, іншымі нашымі стратэгічнымі партнэрамі, так і Эўразьвязам, ЗША і ўсімі дзяржавамі усясьветнай супольнасьці».

Скончыў сваю прамову прэзыдэнт тым, што запэўніў краіну ў правільнасьці яе выбару на ягоную карысьць:

«Для дасягненьня пастаўленай мэты ў нас ёсьць усе магчымасьці... Нас павінен аб’ядноўваць клопат аб нашым агульным доме — роднай Беларусі... Мы зможам дастойна адказаць на любыя выклікі часу... Я яшчэ раз хачу падзякаваць вас за зроблены вамі выбары і пажадаць невычэрпных сіл... Калі хтосьці сумняваецца ў сваім выбары, прабачце, скажу, — не сумнявайцеся...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG