Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр польскі генэрал Чэслаў Кішчак, які адыграў важную ролю ў ваенным становішчы і перамовах з апазыцыяй


Чэслаў Кішчак на першатравеньскім парадзе ў Варшаве ў 1984 годзе
Чэслаў Кішчак на першатравеньскім парадзе ў Варшаве ў 1984 годзе

Прыхільнікі польскай партыі «Права і справядлівасьць» называлі генэрала Чэслава Кішчака «апошняй пачварай» былой ПНР.

5 лістапада ў Варшаве ва ўзросьце 90 гадоў памёр генэрал Чэслаў Кішчак — кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Польскай народнай рэспублікі ў апошнія дзесяць гадоў яе існаваньня. Кішчак адыграў ключавую ролю ў увядзеньні ваеннага становішча 13 сьнежня 1981 году і ў правядзеньні «круглага стала» паміж уладамі і апазыцыяй у 1988-1989 гадах.

Пасьля скону генэрала Войцеха Ярузэльскага, апошняга кіраўніка ПНР, які памёр ў 2014 годзе, Кішчак заставаўся самай важнай фігурай, якая арганізавала разгон камуністычным урадам Польшчы дэмакратычнага руху «Салідарнасьць».

Ваеннае становішча ў Польшчы ўключала масавае інтэрнаваньне актывістаў руху «Салідарнасьць» і ўвядзеньне камэнданцкай гадзіны і ваенна-паліцэйскіх мер.

Войцех Ярузэльскі і Чэслаў Кішчак на судовых слуханьнях па справе шахты «Вуек»
Войцех Ярузэльскі і Чэслаў Кішчак на судовых слуханьнях па справе шахты «Вуек»

І Кішчак, і Ярузэльскі сьцьвярджалі пазьней, што іх дзеяньні былі накіраваны на прадухіленьне савецкага ўварваньня ў Польшчу.
Кішчак таксама быў апошнім прэм’ер-міністрам ПНР. Гэты пост ён займаў менш за тры тыдні ў 1989 годзе. У гэтай ролі ён прыняў удзел у перамовах, якія прывялі да мірнага пераходу Польшчы да дэмакратыі.

Як адзначаюць біёграфы Кішчака, узначальваючы ва ўмовах ваеннага становішча адно з сілавых ведамстваў, якія адказвалі за рэпрэсіі супраць апазыцыі, ён ня быў прыхільнікам поўнага здушэньня іншадумства ў Польшчы. У пачатку 1989 Кішчак стаў адным з кіраўнікоў Польшчы, якія на пасяджэньні Палітбюро заявілі, што сыдуць у адстаўку, калі партыя ня прыме курс на дыялёг з апазыцыяй. «Рашэньне чатырох» прывяло да таго, што пленум кіроўнай партыі быў вымушаны ўхваліць новы курс.

Лех Валэнса і Чэслаў Кішчак
Лех Валэнса і Чэслаў Кішчак

Падчас нядаўняй выбарчай кампаніі ў Польшчы прыхільнікі партыі «Права і справядлівасьць» называлі яго «апошняй пачварай былой ПНР». Яго абвінавачвалі ў забойствах дзеячаў апазыцыі і каталіцкай царквы, і разам з Ярузэльскім і былым першым сакратаром ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі Станіславам Канем яны паўсталі перад судом. У студзені 2007 года Ярузэльскі і Кішчак зноў паўсталі перад судом у Варшаве па справе аб гібелі шахцёраў падчас здушэньня паўстаньня ў шахце «Вуек» у сьнежні 1981 году.

12 студзеня 2012 году Кішчак быў прызнаны вінаватым ва ўвядзеньні ваеннага становішча. Варшаўскі суд палічыў, што Кішчак разам з Ярузэльскім і міністрам абароны Флярыянам Сівіцкім стварылі ўзброеную злачынную групу, якая падрыхтавала і ажыцьцявіла нелегальнае ўвядзеньне ваеннага становішча ў ПНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG