Сьвята адзначаецца ў Расеі зь 2005 году — пасьля адмены сьвяткаваньня гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году 7 лістапада.
Афіцыйнае шэсьце, прысьвечанае сьвяту, пройдзе на Цьвярской вуліцы ў Маскве.
У раёне Любліна пройдзе акцыя нацыяналістаў — «Рускі марш».
Яшчэ адна нацыяналістычная акцыя пад назвай «Наварускі марш» пройдзе на поўначы Масквы. Яе ўдзельнікі пройдуць ад станцыі мэтро «Кастрычніцкае поле» да «Шчукінскай» пад лёзунгамі ў падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе.
Такога ж кшталту мерапрыемствы заплянаваныя і ў іншых гарадах Расеі.
Дзень народнага адзінства быў уведзены ў Расеі як дзяржаўнае сьвята ў 2005 годзе, адначасова з адменай сьвята перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада. Прымеркаваны ён да падзеяў 1612 году, калі апалчэньне пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага ўступіла ў Кітай-горад, адцясьніўшы ў Крэмль войскі Рэчы Паспалітай.
Паводле апытаньняў «Левада-цэнтра», 59 % грамадзянаў Расеі ня будуць адзначаць Дзень народнага адзінства. Зьбіраюцца адзначаць толькі 19 %. Яшчэ 12 % рэспандэнтаў выказалі жаданьне адсьвяткаваць іншую дату — 7 лістапада — дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.