Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ланцуг памяці» каля будынку КДБ


Будынак КДБ
Будынак КДБ

29 кастрычніка ў Менску на праспэкце Незалежнасьці каля будынку КДБ пройдзе акцыя «Ланцуг памяці». Былыя кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў заклікалі прыйсьці са сьвечкамі.

Акцыя пачнецца ў 18:30, напісаў у фэйсбуку Мікалай Статкевіч.

«Мэта акцыі — нагадаць пра злачынствы сталінізму супраць беларускага народу і спыніць новыя злачынствы сучасных пераемнікаў катаў з НКВД. Вельмі важна шанаваць пахаваньні ахвяраў рэпрэсіяў. Але калі мы будзем палохацца нават прыйсьці са сьвечкамі да месцаў, дзе іх катавалі і асуджалі на сьмерць, то будуць зьяўляцца новыя пахаваньні», — падкрэсьліў Мікалай Статкевіч.

Ён зьвярнуўся да ўдзельнікаў з просьбай ня браць з сабой ніякіх сьцягоў ці плякатаў, а прыносіць толькі сьвечкі ці лямпадкі.

«Ва ўяўленьні цывілізаваных краінаў, зь якімі так пнецца паразумецца наш „прэцэдэнт“, чапаць чалавека са сьвечкай — поўнае дзікунства. Не дазволім зьявіцца новым ахвярам і новым катам!», — піша былы палітвязень.

Уладзімер Някляеў на сваёй старонцы ў фэйсбуку нагадвае, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ва ўнутранай турме НКВД былі расстраляныя 132 (столькі вядома на сёньняшні дзень) беларускія паэты, пісьменьнікі, дзеячы культуры і навукі, прадстаўнікі тэхнічнай інтэлігенцыі.

«29 кастрычніка а 18:30 зьбіраемся каля будынку КГБ, каб ушанаваць іх памяць. Многія пытаюць: што браць з сабой? Сьцягі, харугвы? Не. Толькі сьвечкі, лямпадкі. Ня будзе мітынгу, ня будзе прамоўцаў і прамоў. Хвіліна маўчаньня. Даніна памяці. Яшчэ пытаюць, як быць з законам „больш за трое не зьбірацца“? У нармальнай краіне ня можа быць законаў, якія б забаранялі ўшанаваць памяць загінулых. Родных і блізкіх. Па крыві, па духу. Запаліць сьвечкі там, дзе іх ня стала. Замінаць гэтаму могуць толькі дзікуны. Такія ж, якія стралялі ў патыліцы паэтам у 37-м.

Сёньняшнія супрацоўнікі КГБ кажуць, што яны — ня тыя. Іншыя. Калі так, дык няхай выйдуць да нас не з дубінкамі, а са сьвечкамі — і стануць разам з усімі ў ланцуг памяці. Толькі тады можна будзе паверыць, што ў нашай краіне нешта можа зьмяніцца. А пакуль на могілках, дзе пахаваныя ахвяры жудасных сталінскіх рэпрэсіяў, будуюцца дамы для забаў, а да помніка „жалезнаму Фэліксу“, аднаго з сымбаляў тэрору, ускладаюцца кветкі, паверыць у зьмены цяжка. Увогуле немагчыма, бо, як сьведчыць досьвед іншых краін і народаў, з гэткай жахлівай мінуўшчыны можна выйсьці толькі праз ачышчэньне, праз пакаяньне», — адзначае Някляеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG