Сёньня ў Польшчы адбываюцца парлямэнцкія выбары, якія маюць ключавое для краіны значэньне, паколькі Польшча зьяўляецца парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай. У выніку сёньняшняга галасаваньня будзе сфармаваны ўрад.
Пад час сёньняшніх выбараў польскае грамадзтва выбірае 460 дэпутатаў Сэйму і 100 сэнатараў. Парлямэнцкія выбары ў Польшчы адбываюцца па прапарцыйнай сыстэме. Дэпутаты Сэйму абіраюцца згодна з партыйнымі сьпісамі, а сэнатары — у аднамандатных выбарчых акругах, па 1 сэнатару ад кожнай акругі. Партыя, каб патрапіць у парлямэнт, павінна перакрочыць 5%-бар’ер, калі на выбары ідзе блёк партый — выбарчы бар’ер для праходу ў Сэйм складае 8%.
Паводле апошняга апытаньня грамадзкай думкі, зробленага арганізацыяй Эстыматор (Estymator) для штотыднёвіка Ньюсвік (Newsweek) і апублікаванага 23 кастрычніка, у польскі Сэйм праходзіць 8 партый. Для параўнаньня — у парлямэнт дзейнай кадэнцыі ў 2011 годзе прайшлі толькі 5 палітычных групаў.
Як распавёў у інтэрвію Радыё Свабода адзін з кіраўнікоў Беларускага Дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк, папярэднім лідэрам зьяўляецца апазыцыйная і кансэрватыўная партыя «Закон і Справядлівасьць» (Prawo i Sprawiedliwość) Яраслава Качыньскага і Бэаты Шыдла.
Згодна з апытаньнем для Newsweek, яны маюць падтрымку на ўзроўні 37% і шанец сфармаваць самастойны Ўрад па выніках сёньняшніх выбараў.
Паводле Зарэмбюка, "Закон і Справядлівасць" зьяўляецца найбольш пасьлядоўнай партыяй у справах зьнешняй палітыкі. У часы, калі ПіС з 2005 па 2007 год кіраваў Польшчай, паўсталі такія маштабныя праекты, як Белсат, праграма імя Кастуся Каліноўскага для выключаных з ВНУ беларускіх студэнтаў, адноўленая праца рэдакцыі беларускага Радыё Рацыя ў Беластоку, ініцыявана праграма падтрымкі рэпрэсаваных беларускіх палітвязьняў, грамадзкіх дзеячаў і прадстаўнікоў апазыцыі:
«ПіС і сьветлай памяці прэзыдэнт Лех Качыньскі праводзілі маральную палітыку адносна Беларусі, пад час кіраваньня братоў Качыньскіх беларуская грамадзянская супольнасьць і незалежныя мэдыі мелі значную і прынцыповую падтрымку польскага боку. У выніку фармаваньня Ўраду Польшчы партыяй Права і Справядлівасьць беларуская грамадзянская супольнасьць зьвязвае вялікія надзеі зь Міхалам Дворчыкам, дэпутатам польскага Сэйму, старшынём Фонду «Свабода і Дэмакратыя» і былым дарадцам прэзыдэнта Леха Качыньскага, які выдатна ведае Беларусь і зьяўляецца экспэртам у зьнешняй палітыцы Польшчы».
Другое месца, згодна з апытаньнямі, атрымлівае партыя ўлады — Грамадзянская Плятформа (Platforma Obywatelska), якую падтрымліваюць 23% палякаў.
«Зьнешняя палітыка кіроўнай партыі адносна Беларусі была рознай, — кажа Алесь Зарэмбюк. — Добра, што пры ўладзе гэтай партыі праграмы падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці былі працягнутыя. Пасьля трагічных падзеяў 19.12.2010 года ў Варшаве паўстаў Беларускі Дом, на экранах сусьветных кінатэатраў зьявіўся фільм «Жыве Беларусь», штогод працягваліся канцэрты «Салідарныя зь Беларусьсю», беларусы маглі глядзець «Белсат», слухаць «Радыё Рацыя», вучыцца па праграме імя К. Каліноўскага, працавала праграма падтрымкі рэпрэсаваных. У цэлым, на вялікі жаль, аб’ём падтрымкі вышэйназваных праектаў і грамадзянскай супольнасьці Беларусі пад час панаваньня «Плятформы» быў зьменшаны».
Зарэмбюк адзначае асобную ролю ў падтрымцы беларускіх праектаў старшыні камісіі замежных справаў Сэйму Польшчы і кіраўніка «Грамадзянскай плятформы» ў Падляскім ваяводзтве Робэрта Тышкевіча.
Паводле Зарэмбюка, палітыка «Плятформы» была хутчэй рэакцыйнай, а не пасьлядоўнай і маральнай:
«Варта прыгадаць сьвежую гісторыю з рэкамэндаваньнем былога супрацоўніка спэцслужб камуністычнай Польшчы на новага амбасадара ў сёньняшнюю Беларусь, а таксама візыт міністра Сікорскага да Лукашэнкі перад падзеямі 19 сьнежня 2010 г.»
Паводле апытаньняў, трэцяе і чацьвертае месцы дзеляць Партыя Кукіз15 (Kukiz’15) і блёк аб’яднаных левых «Аб’яднаная Левіца» (Zjednoczona Lewica).
Першая — гэта партыя вядомага рок-музыкі Паўла Кукіза, саліста гурта Грудзі (Piersi), які стаў сапраўднай сэнсацыяй першага туру травеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў, набраўшы 20% галасоў. Другая — блёк посткамуністаў з Саюзу левых дэмакратаў, Руху Януша Палікота, шэраг сацыял-дэмакратычных арганізацый і зялёных. Лідэрам сьпісу зьяўляецца Барбара Навацкая. Гэты блёк можа не перакрочыць неабходны 8%-бар’ер.
Зарэмбюк лічыць, што прадстаўнікі гэтых партый ня будуць праводзіць адносна Беларусі заўважную і актыўную зьнешнюю палітыку.
Польская сялянская партыя (Polskie Stronnictwo Ludowe), паводле апытаньняў, мае 6 працэнтаў падтрымкі, і апошнія 8 год фармавала ўрадавую кааліцыю з кіроўнай Грамадзянскай плятформай. PSL мае пэўныя кантакты з уладамі ў Беларусі, міністар сельскай гаспадаркі ад PSL Марэк Савіцкі быў у жніўні 2014 года ў Беларусі на перамовах адносна павелічэньня імпарту польскіх сельскагаспадарчых і харчовых прадуктаў у Беларусь пры ўмове павелічэньня польскіх інвэстыцый.
Нэалібэральная партыя «Сучасная» («Nowoczesna») ідзе на выбары пад кіраўніцтвам Рышарда Пэтру, банкіра і былога дарадцы аўтара «шокавай тэрапіі» Лешэка Бальцэровіча, прадстаўнікі гэтай сілы выступаюць за зьмяншэньне падаткаў для прадпрымальнікаў і прадстаўляюць інтарэсы бізнэсу. На тым жа 6-працэнтным узроўні палякі падтрымліваюць нэакансэрватыўную і ультраправую партыю КОРВіН («KORWiN») дэпутата Эўрапарлямэнту і «сябра Пуціна» скандальнага Януша Корвіна-Міке, які выступае супраць аб’яднанай Эўропы, падаткаў і за сяброўства з Расеяй і Кітаем.
Партыя 20-30 гадовых гараджан РАЗАМ («RAZEM») можа ня трапіць у Сэйм. Да апошніх выбарчых тэледэбатаў пра гэту партыю мала хто ведаў. Пасьля ўдалага выступу лідэра партыі Адрыяна Зандберга ў дэбатах рэйтынг РАЗАМ вырас на 2-3%. Выбарчая кампанія гэтых палітыкаў адбывалася ў інтэрнэце, таму што партыя вырашыла ня браць грошы ў спонсараў і не марнаваць іх на традыцыйную палітычную рэкляму. Некаторыя экспэрты называюць прадстаўнікоў гэтай партыі новымі сацыялістамі.
Алесь Зарэмбюк адзначае, што асноўная інтрыга, якую падтрымку атрымае «Закон і Справядлівасьць» і кіроўная «Грамадзянская Плятформа»:
«Калі ПіС не здабудзе самастойную большасьць у польскім парлямэнце і не пабудуе кааліцыю з партыяй Kukiz’15, вельмі рэальным застаецца сцэнар кааліцыі ўсіх супраць ПіС, хаця яго рэалізацыя будзе даволі складанай. Аб’яднаць прадстаўнікоў кардынальна розных поглядаў на жыцьцё і палітыку у адну ўрадавую кааліцыю даволі складаная задача для "Грамадзянскай Плятформы"».
Пра папярэднія вынікі польскіх выбараў стане вядома празь некалькі гадзінаў.