Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі адмовіліся заводзіць крымінальную справу супроць «карусэльшчыкаў», якія зьбілі назіральніка


Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Назіральніку за выбарамі ад АГП Мікалаю Казлову адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы паводле ягонай заявы.

Назіральнік зьвяртаўся ў Цэнтральны РУУС Менску, каб знайшлі і прыцягнулі да адказнасьці асобаў, якія 10 кастрычніка напалі на яго на вуліцы каля выбарчага ўчастку, зьбілі і спрабавалі адабраць ноўтбук, на які Мікалай Казлоў здымаў «карусэльшчыкаў». Гэтых людзей Мікалай Казлоў падазраваў ва ўдзеле ў фальсыфікацыі на выбарах, а калі ўбачыў, што тыя атрымалі за гэта грошы, пачаў відэаздымку. Якраз у той момант невядомыя напалі на назіральніка і нанесьлі яму цялесныя пашкоджаньні.

«Знайсьці гэтых людзей — справа двух дзён. Гэта я кажу як былы супрацоўнік міліцыі, які працаваў у крымінальным вышуку. Акрамя таго, што я прадставіў відэа тых нападнікаў, якое зьняў сам, можна было ўзяць відэазапіс з камэры, якая ўсталяваная ў школе № 188, дзе яны прагаласавалі. Відэазапіс захоўваецца месяц, але мне сказалі, што якраз тыя дзьве гадзіны, якія тычацца галасаваньня „карусэльшчыкаў“, яны запісалі на флэшку, але не змаглі яе потым адкрыць. Вось такое супадзеньне! Мяркую, альбо зьнішчылі запіс, альбо хлусяць, што яго бралі. У выніку нічога мае былыя калегі не зрабілі, а ў завядзеньні справы адмовілі. Таму я лічу, што гэта палітычнае рашэньне. Мала таго, што яны не шукаюць злачынцаў, якія на мяне напалі, зьбілі і спрабавалі абрабаваць, дык яны іх фактычна пакрываюць — а гэта ўжо злачынства зь іх боку».

Мікалай Казлоў публічна заяўляў пра сама меней дзьве спробы фальсыфікаваць датэрміновае галасаваньне на ўчастку № 24, дзе ён быў назіральнікам. Якія захады былі зробленыя па ягоных заявах?

Мала таго, што яны не шукаюць злачынцаў, дык яны іх фактычна пакрываюць — а гэта ўжо злачынства зь іх боку

«Аніякіх. Пракуратура маімі сыгналамі не зацікавілася, хоць паводле закону яна сама павінна рэагаваць на кожнае такое паведамленьне. Гэтаксама і старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну ды яе падначаленых не турбуе, што нехта спрабуе прагаласаваць двойчы, ды яшчэ і нападае на назіральніка. Патрабую, каб яна асабіста адказала на мае скаргі», — распавёў Мікалай Казлоў.

Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў падчас выбарчай кампаніі 2015 году быў назіральнікам на ўчастку ў 188-й менскай школе. 8 кастрычніка каля выбарчага ўчастку ён зьняў на відэа дырэктара суседняй школы Міхаіла Савіцкага і яшчэ дзьвюх настаўніц, якія спрабавалі прагаласаваць на ўчастку № 24, дзе не былі прапісаныя. Праз два дні Мікалай Казлоў зьняў на відэа яшчэ адну групу «карусэльшчыкаў», якія на яго напалі і паспрабавалі адабраць ноўтбук. Прававая ацэнка гэтым фактам дагэтуль ня дадзеная.

Адмову на завядзеньне крымінальнай справы Мікалай Казлоў мае намер абскардзіць у пракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG